Гурт Akute падрыхтаваў для праекту «Re:Песьняры» сваю вэрсію песьні «Алеся», запісаную з жывой віялянчэльлю.
Песьню «Алеся» напісаў кампазытар Ігар Лучанок на просьбу аўтара гэтага бездакорнага вершу – Аркадзя Куляшова. Ігар Міхайлавіч згадаў у камэнтары для Tuzin.fm, што было гэта на пачатку 70-х. Яны сябравалі між сабой, і Куляшоў зьвярнуўся з просьбаю – «напісаць шлягер». У рэпертуар «Песьняроў» гэтая песьня ўвайшла ў 1972 годзе. Упершыню на гнуткай кружэлцы-дадатку да часопісу «Кругозор», а потым увайшла на другі нумарны альбом «Песьняроў», вядомы пад назвай «Алеся» (1974). Першапачаткова яе выконваў Леанід Барткевіч, пасьля яго сыходу з калектыву – Ігар Пеня, а цяпер у складзе БДА «Песьняра» яе сьпявае Алег Жалазьнякоў. Менавіта гэтую песьню ўзялі для выкананьня музыкі з гурта Akute.
«”Песняры” зьяўляюцца той самай карэннай спадчынай, якая падаецца, ужыта ў самім гэнетычным кодзе беларусаў наўпрост», – разважае ўдзельнік гурта Раман Жыгараў. Вакаліст Стас Мытнік дапаўняе: «Я дык ня ведаю ніводнага чалавека, які сёе-тое зь “Песьняроў” не напяе. Натуральна так і з намі, бо вырасьлі і сацыязаваліся мы менавіта ў беларускім асяродзьдзі».
Хлопцы прызнаюцца, што кавэры ў межах Akute ім граць нецікава і ад прапановаў на гэты конт яны звычайна адмаўляюцца. Але ня ў гэтым выпадку. «Нам досыць складана падабраць тую песьню, якая б магла пасаваць па духу, эмацыйна, і пры гэтым падыйшла б у музычным пляне, – кажа Раман. – У песьні «Алеся» усё сыйшлося, па выніку атрымалася сапраўды наша песьня!».
Для наданьня адпаведнага настрою, Akute вырашылі запісаць гэтую песьню з жывой віаланчэльлю Дар’і Цішковай.