04.01.2017 | Гісторыя

Альбін Сінкевіч, Павал Гапанёнак і «Памяць Сікоры»

Я жыву на Віленшчыне, і тое, што пісалі ў даваенных беларускіх газетах, якія выходзілі ў Вільні, мне вельмі блізка. Я ведаю вёскі і мястэчкі, пра якія пісалі ў тых газетах; ведаю магілы, ведаю нашчадкаў і сваякоў тых людзей, пра каго пісалі тыя газеты.

Гісторыя блізкая. У Сяльцы і Шарашове на Пружаншчыне, у Задарожжы на Глыбоччыне служыў ксяндзом Францішак Рамэйка, свядомы беларус. Пра яго беларускія газеты пісалі добрае, польскія — благое. Ён быў стрыечным братам маёй прабабулі Тэафілы Кісель, з дому Рамэйка.

Як я быў малы, а ў касцёле маліліся па-польску, я шчыра не разумеў, навошта гэта. І маліўся з беларускага малітоўніка. А адна наша сваячка, цётка Мэля, вечная ёй памяць, казала маёй маці: «А быў жа сярод нашай радні ксёндз Рамэйка. Усе маліліся па-польску, а ён па-беларуску, як твой Косцік».

У вёсцы Шантараўшчына каля Глыбокага жыў Альбін Сінкевіч, свядомы беларус, сябра БХД. Газета «Biełaruskaja Krynica» некалькі разоў цытавала яго даклады на з’ездах БХД у Вільні. У 1942 годзе аднавяскоўцы, якія лічылі сябе палякамі, напісалі на яго данос немцам. «За тое, што ён Беларусь строіў», — кажуць сваякі. Напісалі, што камуніст. Немцы расстралялі Сінкевіча.

Унучка ягонага брата, Галіна Сінкевіч, выкладала ў мяне матэматыку ў Заборцаўскай школе. Вельмі добрая, веруючая жанчына. Яна расказала мне некаторыя дэталі з біяграфіі Альбіна, перадала мне дзве кнігі на беларускай лацінцы, што засталіся ад некалі вялікай ягонай бібліятэкі, — «Žyćcio śviatoha Vacłava» i «Hołas Dušy».

На нашай вуліцы ў Крулеўшчыне, дзе я правёў дзяцінства, жыў Павал Францавіч Гапанёнак, колішні кіраўнік арганізацыі, якая займалася лесапалосамі каля чыгунак і азеляненнем станцый. Калі яму было 90 год, а мне — 10, ён расказваў пра знакамітую сустрэчу Аляхновіча і Тарашкевіча, калі мянялі палітвязняў пад Стоўбцамі: «Бронюсь, куды ты ідзеш?»

Мусіць, гэта яму адказвала рэдакцыя «Шляха Моладзі» ў 1934 і 1935 годзе: «Паўлюку Гап-ку». Пісьменнік Кастусь Акула успамінаў, як у 1939 годзе Павал Гапанёнак зрабіў заўвагу ім, вучням Крулеўшчынскай, ужо савецкай, школы, калі тыя сказалі, што ім не падабаецца, што падручнікі на беларускай мове.

Гапанёнак быў здольным садаводам. Ён вучыўся ў слаўнага беларускага садавода і селекцыянера Івана Сікоры. Я памятаю, як ён мне малому расказваў, як у 1935 годзе пайшоў пяшком у Варапаева да Сікоры (гэта 45 кіламетраў), каб вучыцца ад яго садаводству. Цяпер я думаю, што гэта супрацоўнікі «Шляха Моладзі» маглі падказаць Гапанёнку звярнуцца да Сікоры. Моладзь з правінцыі часта звярталася ў рэдакцыю за рознымі парадамі і падказамі. Гапанёнак прышчапіў у дзедавым садзе некалькі яблынь, сярод іх — славуты сорт «Памяць Сікоры».

Яблыкі сорту «Памяць Сікоры».

Дык гісторыя — гэта не нешта далёкае. Гэта пра нашых людзей, пра нашыя вёскі і мястэчкі, пра нашыя касцёлы, крыжы, камяні і магілы навука.


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика