Па шчырасьці, пры ўсім выканальніцкім таленце Сяргея Долгушава і яго калегаў раней яго праект “Vuraj” цяжка было ўспрымаць усур’ёз. З альбомам “Rajok” усё зьмянілася карэнным чынам.
Пасьля “Песьняроў” ды хвалі фольк-мадэрну 90-х зьдзівіць ці прынамсі зацікавіць сваёй інтэрпрэтацыяй беларускага фальклору вельмі цяжка. Ёсьць вялікая рызыка, што гэта будзе ўспрымацца другасна на фоне тых рэчаў, якія ўжо зрабілі ці робяць этна-трыё “Троіца”, “Палац” ці маладзейшыя Kazalpin, Re1ikt ці Наста Някрасава. Альбо занадта штучна і дэкаратыўна, што адбываецца звычайна праз павярховасьць погляду на музычны народны даробак (на гэта пакутуе вельмі шмат нашых калектываў, што працуюць у плынях з прыстаўкай “фольк-“).
Па шчырасьці, пры ўсім выканальніцкім таленце Сяргея Долгушава і яго калегаў ранейшыя працы яго праекту “Vuraj” цяжка было ўспрыняць усур’ёз. Як жывое шоў гэта выглядала займальна і годна, а вось у запісе губляўся калярыт, ды і гучалі кампазыцыі досыць блякла. Таму альбом “Rajok” фактычна адкрывае наноў гэты калектыў, які мае ўжо за плячыма два выдадзеныя дыскі ды выступы на дзясятках фэстаў, у тым ліку “Краіна мрій”, што ладзіць Алег Скрыпка, “Басовішча”, “Камяніца”. Тое, што зрабілі музыкі ў гэтай працы, уражвае і ўзрушае вельмі моцна.
“Rajok” – гэта вельмі арыгінальны погляд на беларускі фальклёр. Якраз тое, што завецца аўтарскім пераасэнсаваньнем народных твораў, а ня проста бяздумным падкладаньнем акордаў пад тэксты, знойдзеныя ў лёгкадаступным зборнічку. Такое магчыма толькі тады, калі выканаўца прасякаецца даўнім сьпевам напоўніцу і разблытвае яго глыбінны сэнс. У такім разе зьяўляецца новы погляд, экспрэсія, свая ўласная трактоўка, якая дапамагае слухачу адкрыць сусьвет пад назваю “фальклёр”. Калі ўсё ж узяцца шукаць паралеляў, то гэты рэліз па глыбіні асэнсаваньня і агульнай атмасфэры з усіх беларускіх фольк-альбомаў найбольш падобны да самага першага дыску “Троіцы” (тады яшчэ не “этна-трыё”) 18-гадовай даўніны.
На альбоме “Vuraj” няма аніводнай лішняй песьні. Абсалютна да месца тут выглядае і адзіны сярод вакальных нумароў інструмэнтал – танец “Полька”, і палеская “Вэлытай, пэрэпылко” – самы драйвовы нумар праграмы, і вельмі цікава пададзеная “Купальская”…Нельга не адзначыць, наколькі выдатна ўвесь матэрыя аранжаваны, выкананы ды запісаны.
“Rajok” – альбом, якім можа ганарыцца беларуская музыка. І мы ўсе.
Паслухаць, спампаваць альбом ды пачытаць аповед Сяргея Долгушава пра “Rajok” можна на Tuzin.fm
Ідэя: 9
Выкананьне: 10
Тэксты: 10
Запіс: 10
Аздабленьне: 9
Сяргей Будкін