Адзін з самых душэўных аўтараў-выканаўцаў беларускай песні рыхтуе «Канцэрт для сяброў». Выступ Алеся Камоцкага адбудзецца 25 лютага ў Рэспубліканскім тэатры беларускай драматургіі ў Мінску. Адарваўшыся ад падрыхтоўкі да канцэрту, Алесь Камоцкі расказаў пра ўзаемаадносіны з уласнымі песнямі, прафесію паэта і выступы «нос у нос».
— Алесь, найперш пытанне пра канцэрты. У той час, калі большасць бардаў, будзем казаць шчыра, губляе актуальнасць і мае хіба што пару дзясяткаў прыхільнікаў, Вы рэгулярна збіраеце немалыя залі. Як Вам гэта ўдаецца?
— Па-першае, я б на сёння не назваў сябе бардам. А па-другое, проста трэба працаваць, думаць пра людзей, пра публіку, клапаціцца, каб яна сабралася. Адным словам, займацца гэтым як працай. А самае галоўнае — не трэба чакаць. Я з канцэрту ў канцэрт клапаціўся пра распаўсюд квіткоў. Як вынік, цяпер людзі самі набываць квіткі ў касе тэатра і ідуць на мой канцэрт. Прыкладам, на выступ 25 лютага засталося ўсяго некалькі квіткоў, амаль усе ўжо раскупілі.
— Сярод беларускіх аўтараў-выканаўцаў мала хто можа пахваліцца поўнымі заламі. Прычына ў тым, што мала хто ставіцца да гэтага як да працы?
— Апошнім часам я вельмі заняты сваімі справамі і не надта сачу, што адбываецца ў іншых. Але я думаю, што ўсё залежыць ад жадання. Бо слухач у цяперашняй інфармацыйнай прасторы праяўляе актыўнасць толькі пасля таго, як сам выканаўца прапануе слухачу гэтую актыўнасць праявіць. Калі проста сядзець і чакаць, што людзі прыйдуць на твой канцэрт, можна не дачакацца.
— Вы кажаце, што апошнім часам моцна паглыбіліся ў свае справы. Збоку сапраўды выглядае на тое, што Вы знайшлі сваю «культурную нішу», у якой вам камфортна працуецца.
— Не зусім так. Цяпер я паглыблены ў свае думкі і справы, бо якраз знаходжуся ў пошуку гэтай «нішы». І мне здаецца, да восені адбудзецца нейкая трансфармацыя, якая сапраўды прывядзе да нечаканых вынікаў. Думаю, канцэрт, які будзе 25 лютага, — гэта апошні ці перадапошні канцэрт такога плана. За апошнія гады я сыграў шмат канцэртаў, і ўсе яны былі больш-менш аднаго фармату. З восені я хачу пачаць працу ў іншым кірунку, заняцца зусім іншай музыкай, і цяпер уся праца скіравалася на гэта.
— То бок увосень варта чакаць сюрпрызаў?
— Я прынамсі хачу памяняцца. Адчуваю, што прыйшла пара. Пераходны ўзрост мінуў, і наступіў час радыкальных зменаў (смяецца).
— Чаму наступны канцэрт толькі для сяброў?
— Таму, што мы задумалі зрабіць сапраўдны «балаган». Звычайна ў падрыхтоўцы да канцэртаў у мяне больш парадку. Я думаю пра канцэртную праграму і колькасць песняў. Калі зазвычай у канцэрце гучыць 19-20 песняў, то гэтым разам спіс складаецца з 34 твораў. Штосьці будзем выкідаць, штосьці — не, наўрад ці, канешне, сыграем усё задуманае. Акрамя таго, у нас будуць невялічкія эксперыменты са складам музыкаў. Піяніст Аляксандр Віслаўскі, які досыць доўга з намі супрацоўнічае, цяпер да красавіка ў ад’ездзе. Адкладаць канцэрт я не хацеў, але і замяняць яго іншым піяніст таксама няма жадання. У выніку запрасіў паспяваць і пайграць на віяланчэлі ды перкусіях вакалістку гурта «Dzivasil», маю сяброўку Іну Перасецкую. Стыхійна ўзніклі дуэты, трыа, розныя эксперыменты.
— Калі казаць пра музыкаў, якія з Вамі на сцэне, то гэта сталы калектыў ці ўсё ж запрошаныя прафесіяналы?
— На працу ніхто з іх да мяне не ходзіць, заробак я ім не плачу. Мы ўсе сябры, і калектыў наш я б назваў менавіта гуртом. Чалавечы фактар у нас на першым месцы. Прыкладам, як я і казаў, наш піяніст не можа граць 25 лютага, але мы не замяняем яго запрошаным піяністам, хаця праблемы такой няма. Піяністаў хапае, але трэба, каб на сцэне быў свой чалавек, а не проста музыка. Таму я запрашаю замест аднаго блізкага па духу чалавека другога, які таксама нам блізкі.
— Раней Вас часта можна было пабачыць з выступамі на пляцоўках накшталт музеяў, бібліятэк. Ці практыкуеце вы такія камерныя канцэрты цяпер?
— Так, і гэтых выступаў досыць шмат. Іншая справа, што яны амаль не афішуюцца. Кожны тыдзень 1-2 такія выступы ёсць. Калі граеш з гуртом музыкаў — гэта адно, а тут — іншае, свой кайф. Ты граеш без падтрымкі, без аніякіх працэсараў, мікрафонаў — усё навідавоку. Для гэтага я апошнія два гады вучыўся прафесійна граць на гітары. Цяпер ужо не сорамна. Такія выступы дысцыплінуюць. Да таго ж гэта непасрэдны жывы кантакт з людзьмі. Я б сказаў, што кантакт часам такі блізкі, што такія канцэрты можна назваць выступамі не «вочы ў вочы», а «нос у нос» (смяецца).
— Таццяна Беланогая некалі назвала Вас бацькам маладых бардаў. Што Вы думаеце пра маладое пакаленне беларускіх бардаў? Ці ёсць сапраўды актуальныя і цікавыя выканаўцы, пра якіх шырокая публіка яшчэ не ведае?
— Ну, хай сабе «бацька», абы аліменты ніхто плаціць не прымусіў, бо з такой колькасцю «дзяцей» я не спраўлюся (смяецца). Таццяна, канешне, перабольшыла, але я сапраўды доўгі час цікавіўся тым, што адбывалася ў колах моладзі. Цяпер ужо я не зусім у гэтай тэме. Але мне здаецца, што працэсы ідуць і людзі новыя з’яўляюцца. Жыццё ідзе, і як нельга адмяніць душу, так нельга адмяніць і з’яўленне новых таленавітых творцаў. Яны былі, ёсць і будуць, нягледзячы на тое, сочыць за гэтым хтосьці ці не.
— Сярод беларускіх музыкаў нямала тых, хто любіць паскардзіцца, як усё кепска і колькі фактараў перашкаджае працаваць. Вы ж, нягледзячы ні на якія цяжкасці беларускай сітуацыі, спакойна і планамерна працуеце. Гэта невычарпальны аптымізм ці жыццёвая мудрасць?
— Тым, хто скардзіцца, я б сказаў, што журыцца прычынаў няма. Дрэнныя танцоры звычайна бываюць добрымі бацькамі (смяецца). Трэба не скардзіцца, а працаваць. Калі маеш, што сказаць, трэба гэта казаць. Штодзень рабіць нешта, каб дасягнуць сваёй мэты. Я вельмі люблю выраз, які гучыць так: «Важна любіць песні ў сабе, а не сябе ў песнях». Калі кіравацца такім прынцыпам, то праца ідзе і нішто не перашкаджае.
— Для Беларусі нармальная сітуацыя, калі музыка займаецца яшчэ нейкай працай дзеля заробку. Вы ж — адзін з нямногіх, хто займаецца выключна паэзіяй і музыкай. Як Вам гэта ўдаецца?
— Я ўпісаўся ў прафесію музыкі і паэта. Бо тое, што слухач бачыць са сцэны, — гэта далёка не ўся праца, якой я займаюся. Я шмат пішу, працую на замову, займаюся рознымі справамі калямузычнымі і каляпаэтычнымі. Пайсці ў іншую сферу дзеля заробку я проста не магу. Калі я пайду працаваць, прыкладам, на будоўлю, гэта будзе адцягваць ад асноўнага. Ведаю гэта на ўласным досведзе, бо ўжо спрабаваў. Але песні цярпець не могуць, калі ты ім здраджваеш. Таму ў любым разе лепш шукаць магчымасці і так ці іначай заставацца на сваім месцы, не здраджваючы сваёй справе. Тады гэтая справа аддзячыць табе напоўніцу.
Алесь Кот-Зайцаў для «Будзьма беларусамі!»