Алесь Родзін – мастак году (+відэа)

Вынікі года традыцыйна імкнуцца вылучыць асобу года. Сярод такіх вынікаў па Беларусі найчасцей гучалі імёны палітвязняў, спартоўцаў, радзей – дзеячаў культуры. Культуры ніколі не бывае зашмат, таму мне б хацелася выкарыстаць гэтую магчымасць, каб прыцягнуць увагу да асобы аднаго мастака. Перш за ўсё гэта хочацца зрабіць менавіта таму, што падзеі, з ім звязаныя, мелі вельмі істотнае значэнне для развіцця беларускага сучаснага мастацтва але не атрымалі належнага розгаласу ў беларускім мастацкім асяродку. Гэта Алесь Родзін. Гэты год падвёў вынік яго тытанічнай працы ў культурніцкім цэнтры Тахелес у Берліне.

Берлін – прыязны горад для вольных мастакоў, творчых людзей, якія не імкнуцца да камерцыйнай выгады. Сітуацыя пасля аб’яднання Германіі, калі ва ўсходняй частцы горада з’явіліся плошчы без выразнага ўладальніка, стварыла ўмовы для ўтварэння арт-пляцовак паводле прынцыпу сквотаў. Менавіта такім стаў цэнтр Тахелес. Калі Берлін – не найлепшае месца для камерцыйнай ацэнкі мастацтва, заслужыць аўтарытэт і павагу можна дзякуючы сацыяльнай арыентацыі сваёй творчасці. Менавіта так і выбудоўваў у Тахелесе свой аўтарытэт Алесь Родзін, калі ствараў велізарныя жывапісныя палотны, якія з часам апанавалі ўсю прастору яго арт-пляцоўкі і склалі візуальны вобраз інтэр’ера Тахелеса. Тытанічная праца на вачах у шматлікіх наведвальнікаў, экалагічная і глабалісцкая засяроджанасць яго творчасці кавалі не толькі ўласны аўтарытэт але і стваралі прыцягальны вобраз усёй установы. Тахелес стаў адной з самых наведвальных турыстамі пляцовак у Берліне. Але гэта вынік шматгадовай працы, калі ты чужаніца, калі не ведаеш мовы, калі трэба запэўніць гаспадароў, што як мастак ты перспектыўны і заслугоўваеш таго, каб тут застацца.

Першы “Дах” – фестываль сучаснага беларускага мастацтва – адбыўся ў Тахелесе яшчэ ў 2001 годзе. Паступова прастора, якую ачольваў Родзін, стала месцам творчага эксперыменту, адкрытага для ўдзелу маладых творцаў з Беларусі. І не згадаеш, колькі чалавек за гэты час знайшло тут бясплатны прытулак, колькі пачынала свой шлях у мастацтва праз Тахелес, дзякуючы падтрымцы Родзіна. Тахелес стаў чымсьці кшталту нефармальнага беларускага культурніцкага цэнтра. Дзейнасць Алеся Родзіна дазволіла запрашаць да ўдзелу ў фестывалі “Дах”, які стаў штогадовым, блізу 50 творцаў з розных мастацкіх сфер: перфоманс, мультымедыя, эксперыментальная музыка, скульптура і інш. Падавалася, што такой творчай мабільнасці з касмапалітычным запалам, трошачку левай па сваёй ідэалогіі падуладнае ўсё. У ліпені 2010 года фестываль “Дах-Жах” прайшоў і ў Мінску на вялікай пляцоўцы Палаца мастацтваў. У канцы 2011 года манаграфія Аляксандра Родзіна выходзіць у нямецкім выдавецтве.

Група аматараў яго творчасці ў FB складае 3595 чалавек.

Так атрымалася, што і закрыццё Тахелесу адбылося пад знакам творчасці Родзіна, калі мастак быў выкінуты на вуліцу, з яго пра паздзекавалася служба аховы. Мастак і яго творчасць сталі закладнікамі ўзаемадачыненняў новых гаспадароў будынка і грамадскасці, якая хацела захаваць культурніцкі цэнтр.

Усё гэта выклікала грамадзянскую салідарнасць з мастаком.

Мастак спрытна выкарыстоўваў момант і на кожны такі крок у абарону Тахелеса рыхтаваў мастацкую акцыю.

Сітуацыя з Тахелесам і самім Алесем Родзіным актуалізавала дыскурс узаемадачыненняў мастацтва і капіталу ў еўрапейскай перыёдыцы.

Тое, што гэтая драматычная гісторыя адбывалася па-за ўвагай беларускай мастацкай супольнасці, медыяў, сцвярджае, наколькі абмежаваныя нашыя культурніцкія далягляды. На жаль, яны і застаюцца такімі са стратай Тахелеса. Тым не менш складаны лёс беларускага мастака ў віры такіх падзеяў у цэнтры Еўропы робіць яго досвед і прыклад каштоўнымі.

Падчас рэалізацыі праекту для Інстытута імя Гётэ ў верасні 2011 года, які меў на мэце рэпрэзентаваць беларускіх мастакоў, якія жывуць у Германіі, мы, безумоўна, не маглі прадбачыць, што ў хуткім часе Тахелес знікне, як і той незабыўны, крыху пратэстны дух, які панаваў ва ўстанове. Сёння гэты матэрыял набыў дадатковую дакументальную каштоўнасць.

Фільм быў зняты ў межах праекту “Цэнтр кампетэнцый для мэнэджараў у сферы культуры ў краінах Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі ў 2009–2011 гг.”, праект ініцыятывы “Культура і развіццё” Інстытута імя Гётэ.

 

Аператар: Руслан Фядотаў

Мантаж: Зміцер Нікіфараў

Тэкст: Ягор Сурскі