Хтосьці не любіць вараную цыбулю, іншыя не чыталі Арнольда Ф. Пімбера (і не збіраюцца, і не прачытаюць, бо я толькі што яго выдумаў) – а я вось ніколі не разумеў, што такое бардаўская песня і ў чым сэнс яе існавання.
Іншымі словамі, калі чалавек у душы сокал – дык чаму ён абавязкова яшчэ і завоюш пад гітару? Бардаўская песня – гукі, якія ніяк не робяцца музыкай, і словы, якія ніяк не стануцца літаратурай. І калі гэта ўсё-ткі літаратура – навошта ёй тыя тры акорды-падпоркі? Добра, часам пяць. Але калі і гэта ўжо музыка – што тады такое Бартак і Стравінскі? Нашто харошаму вершу ўбогі матыў і струнны перабор – калі ён сам па сабе мýзыка? І нашто тым тром акордам выкшталцоная паэзія? Аem, deem, eem, як казалі ў старажытным Рыме, а там слоў на вецер не кідалі.
Можна, вядома, сказаць, што яна, бардаўская песня, – асаблівы жанр і наогул феномен. Паўвекавой даўнасці. Тут не паспрачаешся. І тое, і другое, і, напэўна, яшчэ нешта трэцяе. Але ж хай адкажуць Вялес, Сварог і іншыя кісламалочныя багі, чаму ж так с-у-у-у-мна іх усіх слухаць…
Калі б Морысан або Ігі Поп спявалі свае песні пад гітару – яны б яшчэ не сталі бардамі. А вось калі Змітрок Аглаблёвы спявае – бард, ды яшчэ які. Наш, родны. Выбірай, а то прайграеш.
Беларускі бард задушэўны. У тым сэнсе, што вакол яго заўсёды задуха замілавання. Чалавек з гітарай – сам па сабе сімвал, нават калі ён яшчэ не завыў. Шмат хто мае ў дзіцячым альбоме фота з гітарай, зробленае ў тыя блаславёныя часы, калі пальчыкі яшчэ матузкі завязваць не навучыліся. Маленькі гітарыст вырасце і заспявае. Хаця божанька яго па іншай часці прадугледзеў. Хочаш быць бардам – будзь ім. Божаньку ніхто не праверыць.
Беларускі бард засяроджаны. Ён закочвае вочы, як самнамбула. Пагладжваючы ліру, ён расказвае пра свае Троі, чацвяргі і пятніцы. Барда часта хочацца паторгаць за бараду – нават калі ён жанчына сярэдніх гадоў, маці траіх дзяцей. Паторгаць і сказаць: можна я пакурыць выйду? Можна не буду сёння абдымаць жоўты выгін? Апафеоз бардаўскай песні – расійскі рок, русскій рог, які вырас на галаве ў кожнага, хто нарадзіўся ў сямідзясятыя. Хтосьці пасталеў і скінуў – хтосьці так і ходзіць.
Уся Беларусь – гэта такая доўгая і рамантычная бардаўская песня. Харошы верш на дрэнную музыку. Ці наадварот.
Калі стары парк з выглядам на возера дзесьці ў мястэчку – дык абавязкова з двухметровым бронзавым партызанам у паліто ад Кардэна.
Калі дзіцячая кніжка па-беларуску з цудоўнымі малюнкамі – дык тэкст у ёй такі, што хочацца скупіць увесь наклад, развесці вогнішча і спаліць на ім аўтара.
Калі на любімай цяністай вуліцы здымаюць кіно – дык гэта абавязкова нейкі тупы маскоўскі серыял.
Калі гаворыш з людзьмі трасянкай – скажуць, каб не “порціў наш красівы беларускі язык”.
Загаворыш “на красівам” – пяройдуць ад страху на расійскую.
Калі добры пісьменнік, якога паказаць не сорамна, – дык мёртвы і забыты.
Калі яшчэ не мёртвы – дык абзываецца вясковымі і нявыспелымі.
Ёсць чэмпіёнства па колькасці выдадзеных шэнгенскіх візаў – і гэткае самае па колькасці стэрэатыпаў наконт Еўропы.
Чэмпіянат па хакеі лямантуе пра гістарычныя аналогіі – і яго чакаюць, нецярпліва, як свята апакаліпсісу.
Архітэктура тут настаялася, як віно; яшчэ трохі – і можна будзе палюбіць усю гэтую сталінска-хрушчоўскую каменную флору, яшчэ нейкае дзесяцігоддзе – і геніюс лоцы ўваскрэсне, і тут прыходзіць загад “абнавіць і расчысціць”.
Калі мінская някідкасць робіцца прыгожай – трэба ўсё зрабіць па-багатаму.
Калі ты абаронены тут – значыць бяспраўны.
Барду заўсёды чагось не хапае: густу, гітары, меры… Але ў шансона заўсёды будзе больш шанцаў, чым у Шамісо.
Неспакойная бардаўская душа беларуса хоча трох акордаў. Інакш неяк не па-сапраўднаму. Проста вершы ці проста музыка не пасуюць чэмпіёнам. А чэмпіёнамі хочацца быць ва ўсім. Хочацца, каб верш стаўся песняй. Ніхто не прызнае праўды: напрыклад, што беларускі ўнёсак у сусветную літаратуру роўны албанскаму. Барда пакрыўдзіць кожны зможа, а вось грошай даць…
У Беларусі бардаў болей, чым пазначана на афішах. Сканцэнтравацца на чымсьці адным – значыць прызнаць паразу. Людзі ў сорак гадоў не ведаюць, чаго яны хочуць: вершаў або музыкі, яны кідаюцца на тое, і на другое, і на трэцяе, і на пятае – нібы ў іхнага настаўніка па прафарыентацыі быў дыягназ “прафнепрыдатнасць”. У выніку, “шлях зямны прайшоўшы да паловы”, чалавек жадае быць адначасова паэтам і бізнэсоўцам, рамантыкам і рэалістам, палітычна граматным і пры гэтым вольным, хоча быць еўрапейцам і азіятам, хоча немагчымага, неспалучальнага, і невядома, чаго больш – хоча, каб усё было пад гітару. І ў выніку працуе кантралёрам на богам забытым аўтобусным маршруце. Добрыя адміністратары пішуць раманы, раманісты працуюць начнымі вартаўнікамі, няздары выдаюць часопісы, кантралёры кіруюць дзяржавай. Хочацца ўсяго адразу і каб пляскалі. Бардаўская песня жыцця. Сярод маіх знаёмых дастаткова людзей, якія ненавідзяць сваю працу. А спытай: а кім ты хацеў бы быць? Чаго хочаш? Ну так, зямлі-волі, хлеба, солі, не быць скотам… Міхалок ды Купала. Барды беларускія. Трэба ж некаму верыць.
На пытанне “У што верыш?” можна адказаць па-рознаму. У трыццаць восем гадоў у галаву прыходзіць вось гэты адказ, джонленанаўскі:
I just believe in me
Yoko and me
And that’s reality.
У Ёка і ў сябе.
А на ўсё астатняе можна пакласці. Ці пакласці на тры акорды. Слухач усё роўна знойдзецца. На тое яны й барды. Гусляры свабоды.
Альгерд Бахарэвіч