Гэтую калонку на сайце “Будзьма!”, якую штотыдзень піша яе непуцёвы, а часам і блудны сын, мая мама чытае досыць рэгулярна і нават калі-нікалі дзеліцца з аўтарам сваімі ўражаннямі.
Мама – чытач падрыхтаваны і загартаваны. Прынамсі, тое, што літаратура за апошнія дзесяцігоддзі крыху змянілася, яна заўважыла – чаго не скажаш пра шмат якіх прафесійных крытыкаў і літаратуразнаўцаў. Табуяваных тэмаў для мамы няма; у прынцыпе, яна, хай сабе і з усмешкай, гатовая ўспрымаць любыя рэфлексіі акрыялых і неакрэплых яшчэ розумаў. Пішыце – можа, што і выпішацца. Гэта тое, што называюць здаровым скепсісам. Тое, чаго не хапае нашым гарачым дзядкам ад літаратуры, у якіх скепсіс звычайна імгненна ператвараецца ў сепсіс, а ад пералівання крыві яны адмаўляюцца, абіраючы гераічную смерць праз павешанне на падцяжках уласнае велічы.
Зрэшты, для мамы што я, што дваццацігадовыя паэты, што тыя не ў меру палкія дзядкі – усе мы працяг (і падцяжкі) нейкай традыцыі. Адзінае, што мама катэгарычна не прымае ні ў якім тэксце, – словы і выразы, якія лічацца “нелітаратурнымі”. Ну, тыя, якія з кропачкамі на прычынных месцах таропка прабягаюць міма чытача ў Вялікую раздзявальню маралі, куды, па ідэі, мусіць весці любы твор. Прыкладам, чалавек, які напісаў чорным па белым: “пі…”… Не, лепш лацінкай напішу, каб ніхто не здагадаўся: дык вось, напрыклад, чалавек, які ўжыў слова “pidary“, у якім заўгодна кантэксце, у маміных вачах усё сапсаваў, уласнымі рукамі сапсаваў і, галоўнае, без асаблівай прычыны. Мама пэўная: каб сказаць тое, што хочаш, можна спакойна абысціся і без іх – гэтых сумнеўных і сумных словаў.
Калі ўжо нявіннае слова кшталту “підары” можа так успрымацца, што гаварыць пра мацюкі – гэтае скуллё, барадуліну на яшчэ нядаўна чыстай і паголенай скуры белліту… Вось тут і закапаныя ўсе сабакі і ўсе яблыкі. Маме здаецца, што можна абысціся без словаў, а аўтару – што без кропачак. Так і жывем. Фігавыя лісцікі сушым.
Ці мае права мат на існаванне ў літаратуры – пытанне састарэлае. Мат тое права заваяваў – а пераможцаў не судзяць. І рэч тут зусім не ў нейкай звышасаблівай экспрэсіўнасці мату – якраз-такі эмоцыі і іншы метэарызм чалавечай душы цалкам можна перадаць і без мацяршчыны. Проста калі літаратура хоча гаварыць з чытачом зразумелай яму сучаснай мовай, калі хоча ўпусціць у свае палацы і спецразмеркавальнікі чалавека – мацюкоў літаратуры ніяк не пазбегнуць.
Я цяпер чытаю ў тралейбусах “Час сэканд-хэнд”. Дык нават Святлана Алексіевіч, якую ў любові да эпатажу не западозрыш і якая таксама спрабуе гаварыць пра сучаснасць (спазніўшыся гадоў так на дваццаць), не можа абысціся без мату. Што кажуць апанаваныя нянавісцю нядаўнія “чырвоныя” людзі, раптам пазбавіўшыся мінуўшчыны? “Партыі – п-ц!” – вось што яны нясуць на сваіх сцягах. Не канец, не фініта ля камедыя, не гамон. А п-ц. Коратка і ясна, і інакш не скажаш, а скажаш – будзеш няшчыры. А Алексіевіч хоча быць шчырай. Ай-я-яй, а сур’ёзная, здавалася б, пісьменніца.
Цікава, што сказала б пра яе мама? Не ўхваліла б, але, мабыць, паставілася б з разуменнем. Бо тое, што “сур’ёзны пісьменнік” дазваляе сабе з болем, сцяўшы зубы, ведаючы, што інакш нельга – вымушаная мера, для “несур’ёзнага” – чыстае задавальненне. Мацюкнуўся – і рады. Чым больш мацюкоў, тым больш радасці.
Мат у літаратуры працуе толькі тады, калі ён – не мэта і не самамэта, а інструмент. Калі персанажы ў пісьменніка гавораць і думаюць, а не тупа паўтараюць завучаны імі тэкст, які аўтар раздрукаваў ім на сваім падслепаватым прынтары і сказаў вывучыць за пяць хвілін на памяць. Калі без мату тэкст страціць нешта важнае, перастане быць сабой. Мацюгацца дазволена герою – у тым ліку лірычнаму, мацюгацца дазволена аўтару – калі ён і ёсць той лірычны ліверны Лівінгстон. Мацюгацца дазволена ўсім, апрача таго, каго абзываюць наратарам. Бо мат – не мова, а сродак яе перасоўвання. Адны часцінкі – досыць элементарныя, каб дапамагчы ўтварыцца хаосу, з якога вырастае літаратура. Часцінкі і карэнне, якое лёгка адсячы: кожны сам выбірае, што будзе расці ў ягоным садзе.
Мат – расейскі “овашч”, які ў нас прыжыўся, бо надта ўжо добра ўгнаілі глебу. І цяпер ён – і нашая нематэрыяльная спадчына; дык чаго здзіўляцца, што ён прабіваецца ў літаратуры, як кветка скрозь асфальт? Кветка, можа, і смярдзючая, але ўжо якая ёсць… А жывуць жа на свеце славяне (не гэй, як мы, а проста славяне), для якіх гэтая нібыта мацяршчына – словы, нічым не горшыя за астатнія. Ну, гэта перабольшанне, але: неяк я спрабаваў чытаць у арыгінале раман славенскага пісьменніка Горана Войнавіча “Čefurji raus!». На наш, на першы погляд ён быў напалову напісаны матам. Так я і думаў, пакуль Сяргей Шупа не патлумачыў, што ў паўднёвых славянаў сацыяльныя межы дапушчальнага што да такой лексікі значна шырэйшыя. Калі перакладаць раман даслоўна, атрымаецца мат-перамат. Але гэта будзе памылка! Напрыклад, харвацкія “jebati“, „u pičku materinu“ i „kurac“ ужываюцца значна часцей і почасту без задняй думкі – у адрозненне ад нашых адпаведнікаў, якія можна і не называць, і так усё ясна.
Мат дарэчы там, дзе інакш не скажаш. Як тут не прыгадаць ужо амаль хрэстаматыйнае (ці хрэстамацернае?) “І, ёб вашу маць, шчаслівым”, якое яшчэ не ўвайшло ў хрэстаматыі выключна з той прычыны, што хрэстаматыі складаюць не чытачы, а лірычныя героі? П’еса Юліі Шаўчук “Животное” складаецца з мацерных дыялогаў і маналогаў амаль на сто адсоткаў – калі іх перакласці на мову нармальных людзей, яна проста перастане быць п’есай. Хаця нармальныя – гэта акурат яе персанажы, гэта яны гавораць, як людзі. А мы – як жывёлы. Гаворым толькі лішняе. Галоўнае пакідаем між радкоў. Самаўпэўненая пазіцыя. Чаму нехта мусіць за нас усё дадумваць?
Калі ўжо на тое пайшло, мы жывем у такой сітуацыі, калі мат у літаратуры выглядае натуральнейшым за, скажам, саму беларускую мову. Аўтару, у якога героі без ноты “ля” слова прамовіць не могуць, верыш. А вось аўтару, у якога ўсе героі гавораць па-беларуску, – чамусьці не. Кожная беларускамоўная кніжка чытаецца, як пераклад. Любы чытач, адгортваючы першую старонку кнігі, падпісвае з аўтарам негалосную дамову: я ведаю, што так не было, але паспрабую паверыць, а там паглядзім. У беларускай літаратуры да гэтага дадаецца яшчэ адна дамова, такое сабе “прылажэніе к догавару”: я ведаю, што ў цябе там дзевяць з дзесяці персанажаў у сапраўднасці гавораць па-расійску або на благі канец трасянкаю – але паспрабую паверыць, што так яно і было. А там паглядзім. Дзеянне амаль кожнай беларускамоўнай кнігі адбываецца ў нейкай ідэальнай Беларусі. У ёй добра і цікава і ўсё як мы хацелі – пакуль не дачытаеш да канца і не падымеш люк.