Ёсць казкі для харошых дзяцей. Для паслухмяных, добрых і старанных. А ёсць казкі для дзяцей беларускамоўных. Тых, хто маму і тату не слухаецца. Такіх можна не шкадаваць, будзе ім навука. Філалагічная. З элементамі этнаграфіі і прыродазнаўства.
“…Пачухаў селянін патыліцу. Шкада яму стала вала. Ды і араць не будзе на чым. Сам жа сахі не пацягнеш.
Вось ён і пачаў прасіцца ў мядзведзя:
“Дай, — кажа, — хоць загон дакончу. А ты схадзі гэтым часам за мяжу, у быльнёг, адпачні там”.
Дзіця адчувае да мядзведзя павагу. Схадзі за мяжу… Мядзведзь, няйначай, мае візу ў пашпарце, сапраўдную візу з пячаткай. Магчыма, нават бясплатную, гадавы шэнген. А дзеянне гэтай інтрыгоўнай гісторыі адбываецца, відавочна, на дзяржаўнай граніцы. Можа, нават беларуска-літоўскай, чаму б і не. А Быльнёг — гэта, напэўна, гарадок на тым баку, такі сабе Більнікяй. І мядзведзь ідзе туды, прабіраецца паўз кардоны і блокпосты, крочыць у імжы між застаў. Адпачыць у Еўрасаюзе, па крамах пашвэндацца, піва пакаштаваць, нармальнага мёду прыкупіць. Яму што, ён з візай. Як тата з мамай.
Гэта — з відавочнага. Натуральна, учэпістае дзіцячае вока адзначыць у тэксце загадкавую саху, пра якую нам вядома няшмат: што яе “сам не пацягнеш”. Дзеці — таленавітыя стварэнні, з фантазіяй у іх усё як мае быць. Тая саха абавязкова ўявіцца ім у выглядзе цяжка нагружаных санак. Быццам Ягайла з малодшай групы, Францішак-Кушаль са старэйшай, а таксама тоўстая Еўфрасіння з суседняга пад’езда ўселіся кучай на гэтыя саначкі, а табе іх трэба зацягнуць на гару… Што й казаць, нялёгкая гэта работа. Не лягчэйшая, чым цягнуць з выкапанага дарослымі балота мёртвага бегемота сэнсу.
Ну ладна: што такое “селянін”, кожны навіслы над галавою дарослы як-небудзь яшчэ здолее патлумачыць. Бо над галавою ў дзіцяці вісіць не толькі ён са сваімі чытанкамі, але і ягоная якая-ніякая вышэйшая адукацыя, што прадугледжвае які-ніякі інтэлект. Праўда, пытанне “А мы на лецішчы — таксама сяляне?” застанецца хутчэй за ўсё без адказу. Такой бяды. Галоўнае, са словам “араць” наогул ніякіх праблем няма. Калі мама сварыцца на тату, яна на яго “арэ”. А ён яе за гэта лямантуе. І хочацца плакаць і схавацца, бы той мядзведзь, дзесьці ў Еўрасаюзе. Які пачынаецца проста пад канапай.
У ніжнім, дзіцячым свеце адкуль усё бачыцца інакш.
Няма словаў: патлумачыць гарадскому дзіцяці, што такое “саха”, “мяжа” і як “канчаюць загоны”, бывае і карысна і важна. Але цуд літаратуры знікае. Гэта тое самае, калі б табе хацелася прачытаць раман, а цябе прымушалі чытаць спецыяльны даведнік. Ясная рэч, што бываюць даведнікі, што чытаюцца як раманы, але ўсяму свой час і сваё ўчадзенне. Слоўнік — толькі працяг казкі.
Урывак пра мішку, саху і мяжу ўзяты з адной беларускай дзіцячай чытанкі. Кніжкі, створанай з найлепшымі памкненнямі не найгоршымі людзьмі. Але ў краіне, дзе большасць насельніцтва даўно жыве ў гарадах, такая агралітаратура для дзяцей ужо не працуе. Гэткія казкі, дарма што народныя, нагадваюць настальгічны сон дарослага, які некалі пераехаў у “места”, ды так яго і не палюбіў.
А што дзіцяці да дарослых сноў? Ці мала што там можна пабачыць пасля адзінаццатай вечара. Можа, штосьці такое, ад чаго ў дзіцяці траўма будзе — на ўсё жыццё. Літаратура — наогул траўматычны занятак. А дзіцячая — экстрэмальна небяспечны. Тут аступіўся — і канец: або ў пошласць, або ў нетры неразумення, або проста ў пустату. У забыццё. Дзіцячы розум шмат што проста ігнаруе, пакідаючы сабе толькі адно: цуды.
Добра, з народнымі казкамі яшчэ куды ні йшло. Усё ж яны зазвычай — выкрышталізаваная ў часе літаратура, якую часцей за ўсё разгортваюць занадта рана, а пачынаюць чытаць па-сапраўднаму занадта позна. Значна страшнейшая казка аўтарская.
Некалі я зрабіў для сябе даволі прыкрае адкрыццё. Па Беларусі блукаюць сотні дзіцячых псеўдапісьменнікаў, якія почасту яшчэ і самі сабе выдаўцы: іхны бізнэс — вырабляць для дзетак розную стракатую, кепска зарыфмаваную хрэнь, намазаную фальшывым дыснэем і ўпакаваную ў глянец. Аднаго такога “чукоўскага з ліцэнзіяй” я знаў даволі блізка. Яго звалі Генадзь. Ён ездзіў па садках і школах і прадаваў свае няздарныя вершыкі на добрай паперы. Ты бачыў гэтыя кніжачкі. Яны прадаваліся ледзь не ў кожным кіёску. І цяпер, пэўне ж, прадаюцца. Генадзеў бізнэс квітнеў. Ах, якія качачкі, курачкі, русалачкі!.. Атручаныя дзеці, гэтыя самыя бяспраўныя ў свеце чытачы, тупа ўзіраліся ў зыркія малюнкі. Дзядзя Гена класці хацеў на густ, талент і розум. А побач з ім па той жа вялікай патрэбе ўладкаваліся педагогі і бацькі. Ліцэнзія ёсць — значыць, усё окэй. Купіла мама коніка, а конік без нагі…
Кожнае пранікненне дарослага ў той ніжні, дзіцячы свет мусіць быць аперацыяй амаль хірургічнай. Але дарослыя лезуць і лезуць. Хаця самі наўрад ці б пагадзіліся легчы пад нож хірурга-аматара, для якога гэты занятак — не больш чым хобі.
…Памылка большасці дарослых у тым, што яны лічаць дзіця недачалавекам, якому можна ўпіхнуць пад выглядам мастацтва розную чухню. Як шкляныя пярлінкі дзікунам. Кітайскія цацкі з таннага пластыку. Недалюдзі гавораць абы-як — значыць, для іх і пісаць можна абы-як. Яны ж дзеці. А дзеці мусяць есці кашу. Нават калі яна з пенапласту.
Дзеці — не дэбілы. У нечым яны разумнейшыя за нас. Я ім зайздрошчу: калі іх яшчэ не паспелі атруціць, калі не напіхалі ў галовы інфармацыі, якая мелася замяніць сабою цуд — дзеці беспамылкова адрозніваюць сапраўднае мастацтва ад падробкі. Можна напіхаць у твор для дзяцей колькі заўгодна камп’ютараў, мабільнікаў, білбордаў і пад’ёмных кранаў — а выйдзе ўсё роўна пра саху і касу, пядзі на дзве, калі браць пад увагу мастацкую вартасць.
Аднак і валу ясна: каб займацца дзіцячай літаратурай, мала і аднаго таленту — трэба захаваць у сабе дзіця. Фармулёўка не зусім мужчынская, але няхай яна будзе адплатай за цытату з аднаго непаліткарэктнага надмагільнага надпісу, які хочацца тут прывесці. “Я выканаў сваю простую задачу, калі даў хаця б хвіліну радасці хлопчыку, які ўжо напалову мужчына, і мужчыну, які яшчэ напалову хлопчык”. Так, кажуць, гучыць эпітафія на магіле Артура Конана Дойла. Каб пісаць для дзяцей, трэба назаўжды заставацца дзіцем. Умець бачыць свет дзіцячымі вачыма — і чуць яго вялікімі дзіцячымі вушамі. На якія яшчэ ні разу не насоўвалі ні чапец, ні каску. Для дзяцей мусяць пісаць дзеці. Нават калі ім пад пяцьдзясят і яны шызафрэнікі са стомленымі вачыма і дзвюма судзімасцямі. Інакш выходзіць мёртва. Мёртвая літаратура для жывых дзяцей.
Пісаць кепскія дзіцячыя кніжкі — гэта такі від педафіліі… Прыгадваецца Хармс. Найлепшы, як на мяне, дзіцячы аўтар у гісторыі расійскай літаратуры. Хармс дзяцей цярпець не мог. Проста-такі ненавідзеў. Сваіх не меў і заводзіць не збіраўся. Магчыма, таму, што сам да смерці заставаўся дзіцем. Не дзіваком, а проста дзіцем. Дзеці маюць права ненавідзець дзяцей. А дарослыя не. Дзеці вершы Хармса любілі і любяць. Бо ён чуў як яны і бачыў як яны. Ён не пісаў, што “сам я хлопчык-беларус”. І пра Ягайлу не пісаў, і пра сцяг. Ён пісаў пра не менш важныя рэчы:
дун дун,
— пісаў ён, —
дири дон,
дун дун
дири дон,
дун дун.
І дзеці яго разумелі. А дарослыя саджалі ў турму.
Ці маем мы сваіх хармсаў? Ну, прынамсі аднаго я ведаю. А яшчэ ведаю, што добрыя дзіцячыя кніжкі, якія выйшлі за апошняе дзесяцігоддзе, можна пералічыць па пальцах. “Прыгоды Какоса-Маракоса” у маім рэйтынгу будуць на першым месцы. Яшчэ былі “Капітан Танака”, народныя казкі, асобныя вершы нашых паэтаў-сераднячкоў. З уласнага бацькоўскага досведу — найлепш чыталіся пераклады: “Карлсан-з-даху” і “Піпі Доўгая Панчоха”, гісторыя пра пацучка-мігранта, “Дыктатар”, “Ферда Мураш”… А гісторыі пра мядзведзяў з візамі і саху ў загоне, на жаль, нікога не зацікавілі. Хаця маглі б: у іншы час і іншым месцы, якіх нам ужо ніколі не вярнуць.