15.07.2014 | Калонка Альгерда Бахарэвіча

Альгерд Бахарэвіч: Тонкая кніжка пра тоўсты цвік

Які цвік у азадку дагэтуль прымушае самых розных псіхічна здаровых людзей пісаць кніжкі па-беларуску — таямніца за сямю пячаткамі.

А можа, і не за сямю, я не лічыў. Можа, яна там толькі адна, гэтая пячатка — які-небудзь сінюшны штампік міністэрства друку, што замяняе сабой і аўтараў, і чытачоў, і крытыкаў… У Беларусі любяць блытаць друк з літаратурай. Ну як можна займацца такой бесперспектыўнай дзейнасцю, як белліт? Нам жа ўжо тысячу разоў папулярна патлумачылі, што ніхто тут не чытае па-беларуску і чытаць не будзе, што ніхто на гэтай мове не гаворыць, што кожнае напісанае на ёй слова звернутае ў пустату, што яно мёртванароджанае, што будучыні ў нас няма і што дзвесьце-трыста асобнікаў — гэта, ха-ха-ха, курам на смех. У Нямеччыне нашую літаратуру нядаўна дык і наогул назвалі бяскрылай. Забыліся, відаць, як выглядаюць куры.

Што ж, магчыма, доўгіх прыгожых крылаў у беларускіх аўтараў і праўда не вырасла. Затое гэта аўтары з цвікамі ў азадках. Не кожны бусел і не кожны анёл можа пахваліцца такімі ўмовамі для творчай працы.

І часам, адарваўшыся ад гэтага занятку, так і карціць азірнуцца. Не на тыя славутыя цвікі, а так уважліва, прыклаўшы руку да вачэй, прыгледзецца: няўжо там нехта ёсць, за намі? Няўжо не ўсіх яшчэ пераканалі ў відавочным вынікі невідочных чытацкіх апытанак? Няўжо ім таксама патрэбны ён — наш тупы і бескарысны цвік?

Адна жэншчына да нашай эры вось так азірнулася і зрабілася прыгожай статуяй з ёдаванай і добра фтарыраванай солі. Пра гэта варта памятаць усім, нават калі ты ніколі не быў у Садоме і жывеш на Гамарніка. Але неяк яно па ўсім выходзіць, што лепш быць саляной статуяй, чым беларускім літаратарам. Пра гераічны ўчынак Лотавай жонкі ведаюць усе. А пра таемнае жыццё беларускай літаратуры — толькі самі яе стваральнікі.

І ўсё ж нехта там ёсць… No market, no fame, а цвік працуе. Магчыма, таму, што ён — адно з самых старажытных вынаходніцтваў чалавецтва. Калі Ікар клеіў сабе крылы клеем ПДФ, цвік ужо існаваў. Як і сама літаратура. Якой усё прадвяшчаюць і прадвяшчаюць хуткую скарапасціжную смерць — а яна не чуе.

У цвіка свая гісторыя… Не менш прыгожая за іншыя. Гісторыя аднаго ўкрыжавання.

Надоечы давялося прачытаць яе чарговы варыянт. Па свеце ходзіць чалавек, які мае цвік. Ён прапануе яго розным знаёмым і незнаёмым — марна. І вось ён апынаецца на гары, дзе стаіць натоўп і завіхаюцца нейкія жаўнеры.

“Адзін з іх павярнуўся і заклапочана выгукнуў: “Ці ёсць тут у каго цвік?” Я адразу ўскінуў руку і радасна азваўся: “Тут!”

Ну ясная рэч, гэта Галгофа. Чалавек, ужо без цвіка, працягвае сваё падарожжа:

“Мой цвік знайшоў сваё месца, і магчыма, гэта была і не вельмі вялікая справа, але я веру, што дапамог змяніць свет да лепшага”.

Адкуль узяўся беларускі пісьменнік Аляксей Палачанскі, які напісаў гэтую “гісторыю цяслярства” — таксама таямніца за сямю пячаткамі. А можа, і за адной — пячаткай выдавецтва “Галіяфы”, якое выдала на мінулым тыдні ягоную дэбютную кніжку апавяданняў. Кніжка так і называецца: “Мой цвік” — і гэта не той цвік, які забіваюць у труну беларускай літаратуры. Гэта той цвік, якім забіваюць тых, хто яе рыхтуе. Проста ў цемечка. Бо па-беларуску рэдка выходзяць кніжкі, якія пішуцца з такой смеласцю. Маецца на ўвазе гатовасць аўтара пісаць больш за тое, што ён збіраўся, задумваючы свае апавяданні. Некалі маладому яшчэ Джойсу нейкі разумнік сказаў, цытуючы Ніцшэ, што “ў вас, Джойс, яшчэ недастаткова хаосу, каб стварыць свой свет”. У Палачанскага такога хаосу акурат хапае. Такое адчуванне, што тэксты вядуць яго за сабой, а не ён цягне іх у месца прызначэння, і гэта добрая прыкмета.

Хаця апавяданне пра цвік — не найлепшае ў гэтай кніжцы, аўтар, відаць, лічыць яго праграмным і важным для сябе. Робячы месцам дзеяння Галгофу і яе ваколіцы, цяжка вярнуцца назад. Чалавек, які дапамог укрыжаваць Хрыста, рады, што хоць нечым змог паўплываць на свет. Думка не новая. Новае — хіба ракурс, з якога нам прапануецца паглядзець на найвялікшае са здарэнняў у чалавечай гісторыі. Цікава, ці верыць Палачанскі ў бога? З такога, тэхнічнага боку, у беларускай літаратуры на гэтае здарэнне яшчэ дакладна ніхто не глядзеў. І так сябе ў гісторыю чалавецтва не ўпісваў. Абсурдысцкая прыпавесць пра чалавека з цвіком заканчваецца пагрозай: карыснасць — гэта зло. Не прынось карысці, не шукай сэнсу. Будзь бескарысным.

Як словы ў тэксце. Як цвік у руцэ.

А найлепшыя апавяданні ў кнізе, бадай, вось гэтыя: “Два Раманы” і “Як закопвалі дубы”. Першае пацешыла нечаканым развіццём сюжэту. Два мужыкі, два Раманы, Стары і Малады, робяць акурат бескарысную рэч. Напэўна, каб адчуць сябе жывымі і вольнымі.

“— Ну, давай!

І яны падхапіліся, узялі знак і з размаху ўсунулі яго ў акно…

…З дзікім гіканнем несліся дзяды па пустой вуліцы, а жоўты кавалак сыру бег за імі і смачна пасміхаўся”.

Дзеянне другога адбываецца недзе паміж сном, явай і ўспамінам: тое, што ў ім апісваецца, — рэальнасць, якая не магла быць рэальнасцю. Вы бачылі, як закопваюць дубы? А Аляксей Палачанскі бачыў. Вось проста так закопваюць, насыпаючы зямлю. Невядома хто закопвае, “камітэты”. З раз’юшанасцю НКУС, з апантанасцю камсамольцаў, з жорсткасцю самураяў і  планамерна, як на школьным суботніку.

Гэта ўсё цяжка пераказаць словамі. Трэба пераказваць снамі, умоўнымі знакамі і галюцынацыямі. Што таксама цешыць. Нарэшце кагосьці ў новай беларускай літаратуры немагчыма пераказаць.

Палачанскі часам нагадвае Стральцова, з ягонымі сумам, сонечнай вусцішшу і трывожнай інтанацыяй. Часам у ім прачынаецца нешта віянаўскае: ва ўспрыманні свету як пярэстай мазаікі, якую трэба сабраць, але не да канца, а лепш выпусціць з рук, калі здавалася, што ўсё ўжо ясна, — і засмяяцца. Часам Палачанскі Гогаль: не таму, што пельмені, а таму, што нос. Часам ён хоча быць падобным да нейкага камю — і калі спахопліваецца, позна: камю ўжо вылез і нагадзіў. Часам гэта абсурд у найлепшых беларускіх традыцыях, людзі-пельмені і расчлянёнка свету выключанай бензапілой. Часам — у найлепшых заходніх — досыць вытанчана. Можа, Бэкет. Таму тонкая, на паўпачка цыгарэт і дзве кавы, кніжка не ўспрымаецца як нешта цэльнае. Быццам яе пісалі трое, чацвёра, пяцёра Аляксееў Палачанскіх. І ў кожнага свой цвік. Для сваёй патрэбы.

Пры ўсім гэтым Палачанскі піша так,  быццам не было не толькі Віяна і Стральцова, але і бумбамліту не было, і “Тутэйшых”, і наогул нічога не было, толькі пельмені прадаваліся ў “Easy Eater“ і дух божы паліваў іх смятанай. Нахабна піша. Настолькі нахабна, што прызначаная кнізе рэдактура аказалася бяссільнай перад ягоным напорам — а можа, здалася пасля першых жа стрэлаў. Дзякуючы гэтаму ў кнізе, відавочна, насуперак задуме аўтара, можна сустрэць сківіцы, аброслыя валасамі (кашмар стаматолага), загадкавы пакой пад назвай “ванная”, а героі яе любяць усё навокал “лапаць”, што надае кожнаму такому руху нешта сэксуальна-непрыстойнае…

Ну і што, запытаецца чалавек з цвіком.

А нічога. Дзіўная кніжка. У добрым сэнсе гэтага слова. Тонкая кніжка пра тоўсты цвік.

Альгерд Бахарэвіч


Адзін каментар у “Альгерд Бахарэвіч: Тонкая кніжка пра тоўсты цвік”

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика