Чаму самаадчуванне беларусаў пагаршаецца, нягледзячы на развіццё медыцыны і прапаганду здаровага ладу жыцця? Ці варта, як сцвярджае рэклама, збіваць тэмпературу і лячыць насмарк пры першых сімптомах прастуды і чаму мы ўпэўненыя, што варта? Чаму мы не паважаем дактароў, але слепа давяраем рэкламе лекавых прэпаратаў? Чаму кожнае новае пакаленне ўсё больш нездаровае? Аляксандр Ількевіч, доктар-гамеапат адукацыйнага пректа Kaprizam-net.by, упэўнены, што чалавецтва загубяць не экалагічныя катаклізмы, а хімічная і фармацэўтычная прамысловасці. Чарговае інтерв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!”.
— Сёння людзі лечацца не каб быць здаровымі, а каб атрымліваць радасць ад жыцця. Паспрабую растлумачыць. Гэта можна апісаць як спажывецкі погляд на жыццё і на медыцыну ў тым ліку: калі нешта пачало турбаваць, трэба тэрмінова ліквідаваць гэты неспакой і працягваць атрымліваць радасць — «часу няма і насмарку няма»! Усё павінна быць зручным, прыемным, прыгожым і падкантрольным чалавеку.
— І што цягне за сабой такое бясконцае атрыманне задавальнення?
— Так хваробы не лечацца, прыбіраюцца толькі іх сімптомы. Увесь рэкламны падман трымаецца на гэтым прынцыпе. Акрамя таго, прынцып «захварэў — з’еў таблетку — прайшло» дазваляе хутка вырашыць пытанне з захворваннем пацыента: не трэба шукаць глыбокія прычыны, разбірацца з імі, браць на сябе адказнасць за методыку паўнавартаснага лячэння. То бок часта доктар выступае хутчэй у якасці прадаўца ад фармацэўтычных кампаній.
— Гэта значыць, выгадней і прасцей прыбіраць сімптомы, замест таго каб лячыць хваробы?
— Вядома, бо гэта добры спосаб павялічыць аб’ёмы продажаў лекавых сродкаў. Сёння ў Беларусі (як і на Захадзе) у развіцці медыцыны велізарную ролю адыгрываюць фармацэўтычныя заводы: яны аплачваюць даследаванні, збіраюць канферэнцыі. А мы, ужываючы іх прадукцыю, часцяком ахвяруем сваім здароўем.
— І грашыма.
— Так, нашыя грошы акупляюць рэкламу, якая ў сваю чаргу прамывае нам мазгі: трэба адразу збіць тэмпературу, ліквідаваць насмарк. Дарэчы, любы медык ведае, што не ўсякую тэмпературу трэба тут жа збіваць. Але дактары ідуць насустрач пацыентам, якія патрабуюць чароўную таблетку ад хваробы. І якраз у вытворцаў ёсць патрэбныя таблеткі. Гэта замкнёнае кола: фармацэўтыка ўнушыла пацыенту, што, напрыклад, тэмпературу абавязкова трэба збіваць, пацыент скардзіцца на тэмпературу, доктар выпісвае лекі, і гэтыя лекі аптэкі прадаюць больш чым паспяхова. Ні доктар, ні пацыент ужо не могуць па-іншаму: хай доктар паспрабуе не выпісаць гарачкапаніжальнае! Што пачнецца!
— І якая цана ўжывання такіх чароўных сродкаў?
— Прымаючы лекі без патрэбы, мы не даем арганізму магчымасць рэагаваць натуральна, парушаем працу яго ахоўных і адаптыўных сістэм. Хваробы, асабліва вострыя інфекцыйныя захворванні, вірусы, — гэта працэс адаптацыі арганізма да зменлівых умоваў асяроддзя пражывання, напрыклад, змена надвор’я з летняга на зімняе. Той жа насмарк — гэта нармальная рэакцыя на вонкавыя ўплывы. І калі да гэтага часу ён праходзіў сам, то цяпер нам трэба яго лячыць пад страхам смерці. Бо нікому не хочацца сядзець і смаркацца пры ўсіх на працы. Гэта нязручна, гэта перашкаджае нашаму імкненню атрымліваць задавальненне ад жыцця, адпавядаць агульнапрынятым стэрэатыпам прыгажосці і паспяховасці. Пад гэтую філасофію лёгка прадаць кроплі ў нос, што медыцына і робіць: рэкамендуюць закапаць што-небудзь. Але закапаўшы, мы ўмешваемся ў натуральны аднаўленчы працэс і ствараем небяспечныя наступствы для нашага здароўя.
— Здавалася б, якая драбніца: закапаць нешта ў нос! Якія тут могуць быць наступствы? Мы самі можам прызначыць сабе кроплі, тым больш у святле недаверу да дактароў у паліклініках.
— Канцэпцыя фармацэўтыкі (і медыцыны, што ўжо падначаленая ёй) нацэленая на абмежаванае лячэнне: фармзаводам патрэбен збыт, а не здаровыя людзі, яны зацікаўленыя ў тым, каб падтрымліваць пэўны хваравіты стан, не даючы пацыенту памерці адразу. Няхай крыху паправіцца, каб купіць яшчэ лекаў. Прыбіраем сімптомы, а не сапраўдныя прычыны захворвання, памятаеце?
Яшчэ гадоў 20 таму мы гатовыя былі верыць дактарам, рабіць усё, што яны нам раяць. Але цяперашні паток рэкламнай інфармацыі, разнастайнасць лекавых сродкаў выклікалі ўпэўненасць, што мы і самі ведаем, як лячыцца. Да таго ж, дактары сёння, паўтаруся, — больш прадаўцы фармкампаній. Адсюль недавер. Цяпер адбываюцца змены і з’яўляецца новая мадэль зносін доктара з пацыентам — супрацоўніцтва: справа доктара — растлумачыць пацыенту прынцып лячэння, а што рабіць далей, будзе вырашаць сам пацыент. Гэта яго выбар, за які ён нясе адказнасць. Так працуюць на Захадзе, але паціху і беларусы прыходзяць да аналізу таго, што кажуць ім дактары.
— Па-мойму, у нашай краіне асноўная мадэль зносін доктара і пацыента — правілы, прапісаныя Міністэрствам аховы здароўя: калі грып — значыць, антыбіётыкі.
— Усё не так адназначна. Падчас прызначэння лекаў дактары абапіраюцца на пэўныя правілы, якія ўсталёўвае Міністэрства аховы здароўя. Гэта добра і ў той жа час дрэнна. Добра таму, што так пацыент засцерагаецца ад некампетэнтных дзеянняў доктара, а дрэнна — таму, што гэтыя правілы абмяжоўваюць больш адказных дактароў, тых, якія змаглі б дапамагчы канкрэтнаму чалавеку ў яго выпадку захворвання.
— Акрамя шкоднага ўплыву ад няправільнага лячэння якія яшчэ фактары пагаршаюць здароўе беларусаў?
— У першую чаргу экалогія: вельмі згубна ўплывае на здароўе гараджан тое, што многія мінскія заводы (МАЗ, Трактарны, мясакамбінат, Радыятарны) стаяць у горадзе, а не за яго межамі. З аднаго боку, работнікам гэтых заводаў прасцей дабрацца на працу, але з іншага, усе найбліжэйшыя раёны вымушаныя дыхаць паветрам, забруджаным адкідамі.
Выпраменьванне ад мабільных тэлефонаў не найлепшым чынам адбіваецца ў першую чаргу на дзецях.
Існуюць таксама наступствы ад неабдуманага выкарыстання ядахімікатаў, якія трапляюць у ежу пасля апрацоўкі глебы і пасеваў. Часта гэта адбываецца праз тое, што наша імкненне да камфорту пераважвае ўсе астатнія каштоўнасці. Напрыклад, таго ж каларадскага жука нават на невялікіх плошчах нашмат зручней атруціць, чым збіраць рукамі. А потым гэтая ж атрута трапляе да нас на стол. Акрамя таго, сёння ў склад многіх прадуктаў харчавання ўваходзяць хімічныя дабаўкі, якія забяспечваюць доўгі тэрмін захоўвання і прыгожы выгляд. А мы ў краме звяртаем увагу ў першую чаргу на гэта, а не на карыснасць (а хутчэй бяспеку) прадукту. А потым атрымліваецца, што ў склад хлеба чаго толькі не ўваходзіць, каб ён даўжэй захоўваўся і быў смачнейшы. На самай жа справе хлеб павінен складацца з мукі, вады, солі і цукру, а ўсё астатняе — зло.
— І ўсім гэтым шкодным хімічным дадаткам уласціва надоўга затрымлівацца ў арганізме?
— Не, арганізм, дзякуй Богу, рэч моцная. У ім ёсць дастаткова сістэм, якія рэгулююць абменны працэс. Яны супрацьдзейнічаюць такому хімічнаму гвалту. Праўда, у кагосьці яны працуюць больш эфектыўна, у кагосьці менш. Досыць з’есці нешта не тое — і адразу непрыемнасці: алергіі, атручванні.
— А як вы ацэньваеце стан здароўя беларусаў у цэлым?
— Тут дарэчна будзе пагаварыць аб здольнасці насельніцтва думаць пра сваё здароўе. Усяму віной нашы савецкія стэрэатыпы: «Памры, але на працу ідзі», сацыялістычныя спаборніцтва, гонкі за паказчыкамі. Памятаеце? У савецкія часы (як і цяпер) лічылася няправільным спасылацца на самаадчуванне — гэта ўсё роўна што ўнікаць працы. І як тут не ахвяраваць здароўем? У свой час нават Міністэрства аховы здароўя гэтаму спрыяла — бальнічны атрымаць было няпроста. Стэрэатып «грамадскае важнейшае, чым асабістае» працуе і ў нашы дні і перадаецца ад старэйшага пакалення дзецям. Вось, напрыклад, прыводзіш дзяцей у садок, а там хворы выхавальнік. Ну і як жа ён не выйдзе на працу, калі «працаваць няма каму». І няважна, што можна заразіць дзяцей, галоўнае — выканаць грамадскі абавязак. Беларусам важна зразумець, што здароўе ўсё-ткі важнейшае: ужо калі захварэў, лепш адляжацца дома некалькі дзён, даць арганізму аднавіцца, а на працу выйсці здаровым.
— Ці ёсць тыповыя для беларусаў захворванні?
— У сілу нашага клімату гэта ў першую чаргу прастуды. Іх развіццю спадарожнічаюць частыя перапады «каля нуля», павышаная вільготнасць паветра, золь. Таксама ў жыхароў Беларусі часта сустракаюцца розныя формы алергіі, што можа быць вынікам уплыву хімічных дабавак у ежы, няправільнага або залішняга ўжывання лекаў, іншых фактараў.
— А можаце сказаць, якія агульныя хваробы, звязаныя з «хімічным» харчаваннем, паўсталі за апошняе дзесяцігоддзе ў людзей цывілізаваных краін?
— У першую чаргу варта адзначыць атлусценне. За апошнія 5-7 гадоў хворых з гэтай хваробай стала ў 2 разы больш. Моцна павялічылася колькасць хворых на астму і розныя формы алергіяў.
— Наогул беларусы цікавяцца сваім здароўем?
— На жаль, здароўе сёння не ў спісе «лідараў» — гэта яшчэ не модна.
— А як жа здаровы лад жыцця? Столькі рэкламы і агітацыі паўсюль, вялікая колькасць спартыўных крам…
— Гледзячы, што пад гэтым разумець. У дадзеным выпадку гэта хутчэй мода не на здароўе, а на фітнэс-цэнтры. А пры жаданні іх жа заўсёды можна хоць бы часткова замяніць шпацырамі, ранішнім бегам, па магчымасці адмовіўшыся ад ліфта. Ці можна завесці сабе на дачы невялікі гародзік замест газона — вось вам і фізічныя нагрузкі, і свая карысная, экалагічна чыстая гародніна і садавіна. Але шмат хто больш часу прабавіць лежачы на канапе, а потым пойдзе ў фітнэс-цэнтр гэта ўсё адпрацоўваць. Ці закатаюць дачу траўнікам, а потым пойдуць у краму і купяць шкодныя прадукты.
— І якія наступствы для нашага здароўя ад такой маларухомасці?
— У першую чаргу развіваюцца сардэчна-сасудзістыя захворванні. Калі казаць больш прыземлена — агульная млявасць, лішняя вага. Нядзіўна, што ўсё цела будзе ныць ад штодзённай працы ў офісе, калі за камп’ютарам працуюць толькі галава і пальцы.
— А які працэнт прапаганды здаровага ладу жыцця з боку дзяржавы?
— З боку дзяржавы якраз шмат — бо ёй выгаднае здароўе нацыі: змяншаюцца выдаткі на медыцынскае абслугоўванне. А з іншага боку, існуе сустрэчная палітыка фармацэўтычных заводаў. Ім жа выгадна, каб народ хварэў і траціўся на лекі. Гэтыя два супрацьлеглыя патокі сустракаюцца ў людзях. І тут ужо хутчэй асабісты выбар кожнага, чаму паддацца — адкласці актыўныя заняткі спортам, знайсці лішнюю падставу паглядзець тэлевізар ці весці актыўны лад жыцця і абдумана ставіцца да свайго здароўя.
— Ці вялікі ўплыў робяць фармацэўтычная і хімічная прамысловасці на нашых дзяцей? Чаму кожнае новае пакаленне ўсё больш нездаровае?
— Тут уплывае ўсе разам: і аўтамабільныя выхлапы, і таксічная нагрузка ад прадуктаў, бытавой хіміі, касметычных прадуктаў, і “чысціня” вады, і многія іншыя фактары. Але таксама пагаршае здароўе насельніцтва так званы зваротны бок сучаснай медыцыны, які закрывае лячэнне захворванняў медыкаментозным здыманнем сімптомаў. Такім чынам, хваробы застаюцца не вылечанымі і пераходзяць у спадчыну наступным пакаленням у выглядзе правакацый генетычных дэфектаў. Акрамя таго, раней шмат людзей гінула ад неспрыяльных умоваў, войнаў і эпідэмій. Гэта былі вырашальныя фактары для выжывання чалавека — своеасаблівы натуральны адбор, калі выжывалі больш прыстасаваныя, больш здаровыя, якія давалі здаравейшых нашчадкаў. Цяпер мы ў іншай крайнасці: выжываюць усе, незалежна ад стану здароўя, у тым ліку і носьбіты дэфектыўных генаў. І нядзіўна, што яшчэ сто гадоў таму анкалагічныя захворванні былі адзінкавымі выпадкамі. Вядома, добра, што жыццё кожнага чалавека ўяўляе сабой каштоўнасць, бо гэта адно з асноўных імкненняў цывілізацыі. Але трэба таксама разумець, што за гэта давядзецца заплаціць немалую цану, бо здаровых людзей будзе ўсё менш.
— А як жа новыя тэхналогіі, новыя распрацоўкі? Лекі робяцца больш дзейснымі?
— Не. Дактароў усё больш, а хворых менш не робіцца. Бо, як я ўжо адзначыў вышэй, пагаршаецца стан здароўя насельніцтва ў цэлым. І калі раней усяму віной была старая добрая антысанітарыя, то сёння мы маем справу з больш сур’ёзнымі фактарамі: шкодныя выхлапы аўтамабіляў і заводаў, хімічныя дабаўкі ў ежу, няправільны лад жыцця, тыя ж генетычныя дэфекты.
Адпаведна, для лячэння неабходныя больш магутныя лекі. Сучасныя антыбіётыкі не параўнаць з тымі, што былі раней. Але ў такіх моцных медыкаментаў узрастае і небяспека пабочных дзеянняў. Большасць сучасных лекаў далёка не такія бясшкодныя, як нам хацелася б. Па сутнасці, мы мяняем шыла на мыла. Таму да гэтага часу дактары так і не перамаглі ніводзін клас хвароб. Сардэчна-сасудзістыя захворванні як былі 15 гадоў на першым месцы, так і засталіся. Таксама нікуды не зніклі алергіі, інсульты, язвы.
— І доўга мы з такімі поспехамі працягнем?
— Працягнем, чалавек жывучы. Трэба разумець: як біялагічны від чалавецтва выжыла, заплаціўшы за гэта немалую цану. І хоць экалагічнае становішча, асабліва ў гарадах, пакідае жадаць лепшага, а рэкламны струмень не стамляецца прамываць нам мазгі, кожны чалавек сам вырашае, як яму жыць — лячыцца або ліквідаваць сімптомы, харчавацца прыгожай або карыснай ежай, ляжаць на канапе або працаваць у садзе, займацца фітнэсам або здароўем.
Ганна Трубачова, Ядвіга Адамчык
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»