Што рэальна з беларускага купляюць тут, а што лепш набываць за мяжой? Чаму ледзь не кожны беларус свядомага ўзросту ведае, што такое «Акропаліс»? Калі мы перастанем, вяртаючыся з камандзіроўкі з-за мяжы, цягнуць на сабе сумкі з прадуктамі і якасным недарагім адзеннем? Чаму рускамоўных шопераў відаць здалёк? Аб гэтым гутарым з фатографам Аляксандрам Канатопам, які, нягледзячы на сваю паспяховасць, заўсёды вяртаецца з-за мяжы з поўнымі пакетамі пакупак. Чарговае інтерв’ю праекта “Культура паляпшае жыццё!”
— Не дзіўна, што беларусы рвуцца па пакупкі менавіта за мяжу: у нас тут асабліва няма чаго купляць. Але ў Беларусі робяць добрыя ільняныя вырабы, малочныя прадукты і хлеб, і калі я еду да сяброў у іншую краіну, абавязкова вязу ім наш хлеб. Магчыма, гэта пытанне іх настальгіі па радзіме, а не якасць хлеба, не ведаю. Што да малочных прадуктаў, то з часам і яны робяцца ўсё горшымі праз выкарыстанне сучасных хімічных тэхналогій. Я не веру, што ёгурт без дадаткаў можа заставацца свежым тры тыдні і нават паўгода. Акрамя малочных вырабаў у нас яшчэ каўбаса нядрэнная ў параўнанні, напрыклад, з маскоўскай. Трыкатаж беларускі добры і танны. Можна апрануць, выпацкаць і выкінуць. Вось, мабыць, і ўсё.
— Нягуста для паўнавартаснай матэрыялізацыі сябе ў грамадстве.
— Калі мне неабходна купіць нейкую вопратку, я зганяю ў Мілан. З Літвы ёсць выдатныя авіябілеты за 30 еўра ў адзін бок, там можна набыць пару касцюмаў (такіх, якія ў нас па 600 еўра і даражэй) і чаравікі (па нашых цэнах каля 200 еўра) як мінімум у два разы танней. І гэта будзе якаснае і стыльнае адзенне.
— Пры якім дастатку беларусы перастаюць везці з-за мяжы вопратку, абутак, прадукты, а могуць дазволіць сябе купляць усё ў Беларусі? Ну, ёсць жа ў нас тыя самыя касцюмы, хоць і даражэйшыя ў некалькі разоў.
— Рэч не толькі ў наяўнасці на прылаўках таго ці іншага тавару. Пытанне яшчэ ў разнастайнасці памераў адзення, у свежасці і асаблівасцях вырабу прадукта. Мне падабаецца прашута (італьянская вяндліна, зробленая з кумпяка), і я люблю чырвонае віно канкрэтнай маркі — іх я буду пры зручным выпадку везці з-за мяжы. Проста сюды дастаўляюць для продажу далёка не ўсё, што людзі хацелі б купіць. Аднак што да напаўнення, то ў апошні год адбываюцца якасныя перамены у гандлёвых прапановах. Усё часцей я бачу ў мінскіх гіпермаркетах дыхтоўны алкаголь па еўрапейскіх цэнах: бутэлька віскі можа стаяць на распродажы танней, чым у Вільні. І мяне гэта прыемна здзіўляе. Але чамусьці толькі алкаголь дайшоў да нас. Каўбасы і кумпякі, адзенне, абутак так і не даязджаюць.
— Так, у нашых крамах адчуваеш сусветную тугу: сумна, выбар мінімальны.
— У плане прадуктаў у Еўропе ўсё таннейшае: ва ўсіх гіпермаркетах велізарны выбар гародніны і садавіны, якасных і даступных па цане — знайдзіце ў Мінску спелае і непабітае манга або авакада. Ці яшчэ прыклад — крэветкі на беларускіх прылаўках. Вось такія маленькія крамзолі, на якіх патройны пласт лёду, а каштуюць непрыстойна дорага! У Еўропе крэветкі цалкам даступныя і не ператвараюцца пасля размарожвання ў жаласную купку фарбаванага валакна. І чым далей ад нас краіна, тым выбар прадуктаў у ёй разнастайнейшы, а цэны ніжэйшыя. Чым далей ад нас, тым лепш у плане шопінгу. Дзіўна!
— Але гэта так нязручна і… зневажальна: візы, межы, наўючанасць… А што з нашай бытавой або электратэхнікай? Вы купляеце яе тут?
— Асабіста ў мяне ў доме няма ніякай тэхнікі беларускага вытворцы. Праўда, на балконе халадзільнік «Атлант» стаіць.
— Чаму вы адмаўляецеся ад тавараў беларускага вытворцы?
— Сёння мы жывем у эпоху мегазаводаў. Ёсць мегазавод Adidas. Вось я нашу цяпер яго красоўкі, таму што яны якасныя, іх робяць на гіганцкім заводзе, дзе (улічваючы памер прадпрыемства) на выхадзе атрымліваецца вельмі нізкі сабекошт прадукцыі. І завод можа дазволіць сябе за маленькія грошы рабіць якасныя рэчы. У нас, на жаль, мегазаводаў няма. Таму няма такой з’явы, як сучасныя, якасныя і даступныя па цане рэчы.
— Што перашкаджае іх з’яўленню тут? Чаму сюды не прыходзяць замежныя мегазаводы? Падатковая і мытная сістэмы? Памятаеце сітуацыю з будаўніцтвам IKEA ў Беларусі?
— Я, хоць забіце, не ведаю, што ў Беларусі вырабляюць. Каб нешта было таннае, яго трэба вырабляць шмат, каб сабекошт быў нізкі. Напрыклад, для вытворчасці швейных вырабаў спачатку неабходна ў Мінску арандаваць вытворчыя плошчы, паставіць швейныя станкі, пачаць нешта шыць. Сабекошт атрымліваецца досыць вялікі, таму што арэнда памяшкання высокая па агульнасусветных мерках, ды яшчэ даводзіцца сутыкацца з не вельмі кваліфікаванай працай. У выніку атрымліваецца досыць дарагая рэч і да таго ж нізкай якасці. Прасцей з’ездзіць у Кітай у камандзіроўку, дамовіцца, каб там табе пашылі партыю адзення ў 4 разы танней і прывезці сюды. Так, кітайцы будуць блытаць то памеры, то тканіны, і давядзецца яшчэ раз з’ездзіць у Кітай, каб пракантраляваць, але гэты гемарой будзе меншым, чым цяжкасці і дарагоўля ўзаемаадносін з айчынным вытворцам і беларускім народам, які шмат ные і мала працуе. Апошнім часам я досыць часта езджу ў працоўныя камандзіроўкі па свеце і бачу Беларусь збоку: у масе сваёй наш народ любіць паныць і паленавацца. Я гэта ўспрымаю як дадзенасць. За Савецкім Саюзам выразалі клас «кулакоў», працавітых людзей, і цяпер мы ўсе, па сутнасці, дзеці гультаёў. Вось і бачым плён.
— Давайце падвядзем вынік: што вы раіце купляць з беларускага?
— Я для сябе купляю беларускае вельмі выбіральна і рэдка. Зноў жа, усё залежыць ад узроўню даходу чалавека. Калі настаўніца зарабляе 1,5 мільёна, то ёй, у прынцыпе, не патрэбныя будуць джынсы за 60 даляраў. Яна купляе тое, што танна, а не тое, што якасна. Калі ў чалавека даходы трошкі вырастаюць, ён пачынае зарабляць крыху больш, чым яму трэба для пражывання, тады паступова даражэе адзенне, якое ён сабе купляе, яго ежа робіцца больш разнастайнай. Калі ж чалавек жыве ў Беларусі і зарабляе мала, то яго свет будзе знаходзіцца паміж ГУМам, прадуктовымі крамамі (не самымі таннымі ў свеце), працай і домам — чатыры куты.
— У некаторых атрымліваецца выязджаць за мяжу. Што прывозяць беларусы з найбліжэйшых краін?
— Па розных катэгорыях прадуктаў лідзіруюць розныя месцы пакупак. Калі хто-небудзь хоча сэканоміць 400 баксаў на тэлевізары, то па плазму едзе ў Польшчу, вяртае нейкі VAT. Мне прасцей купіць плазменную панэль у Мінску ў пасярэдніка на інтэрнэт-сайце: цягнуць яе на сабе з-за мяжы не вельмі прыемна. Калі б трэба было ўладкоўваць кватэру, я б паехаў у Польшчу па тэхніку, прывёз бы кухоннае абсталяванне, пліту, халадзільнік, мэблю ды інтэр’ерныя рэчы з IKEA.
— Мяркуючы па вашым паведамленні ў Facebook («З’ехаў у Літву па сыр і кілбасу»), прадукты выгадна купляць у Вільні?
— Раз на два тыдні я бываю ў Літве. Прывожу адтуль сыр і каўбасу. Розніца ў цане з Беларуссю істотная. Літоўцы вельмі крута робяць мясную прадукцыю. Я дастаткова шмат ездзіў па Еўропе і не сустракаў нічога падобнага: не ведаю, як яны гэта робяць, але ўсё, што звязана з мясам і саленнямі, вяндлінай, салам, у іх смачна і танна. Аднак я не затаварваюся там пад завязку. Нешта я купляю, але гэта не прадукты першай неабходнасці, а хутчэй нейкія смачнасці.
— Дык значыць, вы не ездзіце менавіта ў «Максіму»?
— Не-не. У Вільню я езджу хутчэй па настрой (пасядзець у барах, выпіць піва, пагуляць па вуліцах — дарэчы, тое, з чым у нас у горадзе таксама сумна: атмасфера не тая, нярадасная нейкая), а ўсё, што я прывожу, незалежна ад колькасці (улічваючы маё халасцяцкае становішча), з’ядаецца мной і сябрамі у найбліжэйшыя два дні. Вось тыя, хто лічыць кожную капейчыну, ездзяць у Беласток па танную каўбасу. А ў Літву ездзяць тыя, хто любіць патусавацца альбо пабадзяцца па крамах, папіць смачнай кавы, прыехаць на раннім цягніку, сустрэць на прыгожай вулачцы світанак, ядучы пры гэтым яечню, — па рамантыку ездзяць у Літву. Гэта людзі, якія не вельмі разбіраюцца ў цэнах, гэта багема, якая ў прынцыпе не ведае, колькі каштуе каўбаса ў Мінску і колькі яна каштуе ў Літве. Туды ездзяць не таму, што там танна, а таму, што Літва — гэта блізка: сеў на цягнік ці аўтобус — і праз 3 гадзіны ты там. Не варта ехаць у Літву ў разліку на фінансавую выгаду — вялікай розніцы паміж беларускімі і літоўскімі цэнамі не будзе, калі, вядома, гаворка не пра закупку вагонамі. Туды едуць па атмасферу, у тым ліку па атмасферу шопінгу.
— Многія купляюць там вопратку і абутак.
— Абутак там не вельмі якасны, хоць і недарагі. Тое самае можна сказаць і пра вопратку. А вось цэны на добрую вопратку там ледзь не такія, як у Мінску, на распродажы — ледзь-ледзь танней.
— Але мы ж прагматычныя беларусы, мы лічым кожную капейчыну. Куды ехаць на закупы?
— Практычна сэнсу ў літоўскім шопінгу няма. А вось ужо ў Варшаве ёсць, напрыклад, вялікія шопінг-молы, якія знаходзяцца за кальцавой дарогай: там можна купіць добры якасны абутак і вопратку па цэнах вытворцы ў 2-2,5 разу танней, чым у нас.
Многія цягнуць рэчы з замежжа проста па інерцыі. Часам лаўлю сябе на думцы, што выглядаю дзіўна, калі вязу з паездкі дзве скрыні туалетнай паперы з пахам рамонку. Гэта я перабольшваю, зразумела, але я зроблены ў Савецкім Саюзе. У свой час, гадоў у 14-16, мы ганялі ў Польшчу чаўнакамі. І ў мяне застаўся асадачак таго, што за мяжой усё лепшае і таннейшые.
— Ці ёсць яшчэ нейкія асаблівасці шопінгу за мяжой, акрамя атмасферы і выгады?
— Сам працэс куплі цікавейшы і прыемнейшы, таму што крам больш, таму што яны ўсе арганізаваныя ў адным месцы і ўсё ж ёсць розніца ў параўнанні з Беларуссю — у першую чаргу за кошт распродажаў. Чым далей у Еўропу, тым большыя зніжкі. У Берліне на зімовых распродажах цэны падаюць у 10 разоў — закрэсліваецца нуль. У нас жа спачатку зробяць нацэнку на рэч, а ўжо потым дадуць зніжку.
— Я назірала Камбоджу ў параўнанні з Тайландам: чым бяднейшая краіна, тым большыя цэны…
— Літва бяднейшая, чым мы, нашмат, але цэны там ніжэйшыя. Проста Літва — гэта ж Еўрасаюз. Вось у чым яе «феномен».
— Давайце пагаворым пра тое, чаму рускамоўных можна заўсёды вылучыць у любым гандлёвым цэнтры любой еўрапейскай краіны.
— Я б нават сказаў, савецкіх людзей, постсавецкіх, відаць усюды. У Мілане, напрыклад, калі па вуліцы модных дарагіх крамаў ад крамы да крамы ходзяць сем’і з велізарнымі пакетамі і купляюць усё па ахавых цэнах, то гэта, як правіла, рускія. Самі італьянцы ведаюць месцы, дзе тыя ж выдатныя рэчы (вопратку і абутак) можна купіць значна танней. Дарагі дурны шопінг — доля савецкіх шопераў.
— Гэта няведанне або панты?
— Гэта той момант, калі для чалавека пытанне грошай ужо не мае значэння. Калі пачынаюць рэалізоўвацца праз вопратку, тады ўжо едуць у цэнтр Мілана і купляюць утрая даражэй. Вось там, на міланскіх вуліцах буцікоў, можна часта пачуць рускую мову — непісьменную, некультурную і гучную.
— «Сяргей, ты ў дзюці фры захадзiў?»
— Гэта якраз фраза беларускага калгасніка, ён у Мілан не даязджае, таму што яму там няма чаго рабіць — яму дорага. Ён едзе ў Хмяльніцкі і ў Беласток. У Беласток па дрэнную каўбасу і ў Хмяльніцкі па таннае адзенне. Вось гэты «Вася» мяне не бянтэжыць — мне прыкольна. А калі я бачу ў Мілане забяспечаных людзей, якія вядуць сябе па-хамску, якія дазваляюць сабе адкрыта грубіць людзям — вось гэта вельмі непрыемна. Простыя людзі мяне не бянтэжаць: я вельмі рады, што у іх з’яўляецца магчымасць ездзіць па свеце і глядзець, як жывуць іншыя народы. Горш, калі людзі з грашыма і без культуры.
— Калі ацэньваць вынік шопінгу беларусаў, як вам падабаюцца нашыя гараджане, як яны апранутыя, як харчуюцца?
— Я ў Барселоне бачыў людзей, якія ідуць у піжаме ў булачную раніцай. Потым у піжаме вяртаюцца дадому. У нас такіх прынялі б за вар’ята. Нашыя апранутыя заўсёды парадна і ярка, дамы пры вечаровым макіяжы з раніцы. Але мне гэта зразумела. У нас у савецкі перыяд нічога не было, усе апраналіся аднолькава. І магчымасць вылучыцца была адна — за кошт чэшскіх ботаў. Гэта быў прадмет зайздрасці і гонару. І натуральна: таго, чаго ў цябе доўга не было, хочацца мацней за ўсё. Не таму, што яно добрае, а таму, што ў цябе гэтага проста не было. У нас рэшткі гэтага перыяду. Прадукты і рэчы мы па-ранейшаму цягнем з-за мяжы. Усё здаецца, што там смачней, танней, якасней.
Але толькі дзеля прадуктовай разнастайнасці і нізкіх цэнаў на адзенне і абутак я не пераехаў бы ў Еўропу. Жыць нам усё роўна ў Беларусі хочацца. Я вельмі люблю Мінск і нідзе ніколі не бачыў столькі прыгожых жанчын. Ды і людзі тут вылучаюцца спагадлівасцю і дабрынёй, а гэта ў замежжы дарагога варта.
Ганна Трубачова, Таццяна Смаленская
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
(журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»)