Ён свайго кшталту кліпмэйкер-валанцёр беларускага рэпу. За некалькі гадоў з дапамогай старога вернага Canon 500 d наздымаў дзясяткі відэаролікаў ці не для ўсіх ахвотных рэп-выканаўцаў. Але, запісваючы чыйсьці рэчытатыў на фоне абшарпаных сценак, Аляксандр Крупіна летуценіць пра сапраўдны кінематограф. Цяпер ён заканчвае здымкі глыбакадумнай артхаўснай кароткаметражкі пра цягнікі і неабыякавасць да бліжняга.
|
Пра кожную сваю працу – ці то кліп гурта Amaroka, ці то рэклама мінералкі для конкурсу сярод навучэнцаў гандлёвага каледжа – Аляксандр расказвае так захоплена, быццам яго зацягнула ў нейкую фантастычную карусель, поўную прыгодаў, і ён дагэтуль не да канца верыць, што з ім гэта ўсё адбываецца. Чаму ўвогуле пачаў здымаць, як і многія павароты ў сваім жыцці, толкам патлумачыць не можа: «Магчыма, гэта ў мяне ў крыві: мая маці на заводзе збірала «Зеніты». Хаця, напэўна, гэта я сабе надумаў».
Першы кліп зняў для невядомага на той час рэпера Vincent’a на танную касетную камеру. «Дзіма прыдумаў сюжэт. Там галоўны герой палаяўся з дзяўчынай, пасля яго нешта біў лёс, яна сышла… А, не, дзяўчыну скралі! – не без высілкаў Саша вылоўлівае з памяці кавалкі таго першага відэа на песню «Працягваю жыць». – У хлопца патрабавалі выкуп, ён прынёс грошы, а яго збілі… Па-мойму, з кліпа нічога гэтага немагчыма зразумець. Vincent залез на дах інтэрната ў «Рошчы», здымалі абы-як – то я, а то Дзіма здымаў сам сябе. Сёння сорамна той кліп камусьці паказваць, а ён жа недзе ёсць у глыбінях інтэрнэту».
Мецэнат з завода
Са сваёй першай кінакамерай Саша лёгка расстаўся, абмяняўшы яе ў хлопцаў на заводзе, дзе на той час працаваў, на мабільны тэлефон. Але ў хуткім часе ў напарніку па ўкладцы профілю Аляксандр знайшоў свайго першага мецэната: «Вельмі добры дзядзька, яму недзе пад палціннік, але ён такі сучасны, у тэме, пазычыў мне грошай на люстэркавы фотаапарат. Мы і цяпер з ім сябруем, ён цікавіцца маім мастацтвам, пытаецца: «Ну што, Саня, як?»
З Vincent’ам пасля прэм’ернага кліпу завязалася карыснае сяброўства. Рэпер паклікаў Сашу ў тур па беларускіх гарадах у якасці аператара, адкуль у яго таксама мора ўражанняў: «З музыкамі так цікава катацца! У Брэсце калі выступалі, на сцэне парвалі «бочку» (бас-барабан – budzma). А пасля канцэрту ў Івацэвічах папрасілі нейкага зусім левага чалавека папільнаваць усе інструменты, але ён нічога ў нас не скраў».
Апроч таго Саша змантаваў кліп Vinsent’а для фільма «Вышэй за неба» – усё зрабілі літаральна за 5 гадзінаў, справа не чакала. Кліп спадабаўся Андрэю Курэйчыку, і той прапанаваў змантаваць фільм пра фільм «Вышэй за неба», дзе дэманструецца здымачны працэс. Курэйчыка Аляксандр таксама заносіць у разрад карысных знаёмстваў і гаворыць пра яго з вялікім шанаваннем: «Гэты чалавек сваім прыкладам натхняе мяне на працу».
«Гэта ж арт-хаўс, не расстроюся, калі не зразумеюць»
Кадры з «Вышэй за неба» і нават галоўнага героя гэтага фільма Мікіту Міцкевіча, якога зноў сыграе Леанід Пашкоўскі, Аляксандр вырашыў выкарыстаць і ў сваёй кароткаметражцы «Чалавек, які праводзіць цягнікі», над якой цяпер працуе: «Мой фільм – пра чалавека з цяжкім лёсам, які ў трагедыі на чыгунцы страціў бацькоў, у яго нікога няма, няма будучыні. На ягоным шляху сустракаюцца розныя людзі, я хачу паказаць вось гэты выбар – дапамагчы ці быць абыякавым. А Мікіта Міцкевіч – падобны персанаж, і будучыня ў яго таксама цьмяная, таму ён прамільгне ў маёй стужцы. Ну гэта ж арт-хаўс, таму я нават не расстроюся, калі ніхто не зразумее», – тлумачыць Саша. Паводле аўтарскай задумы, галоўны герой скупляе квіткі на цягнікі, бо яму здаецца, што так ён можа выратаваць людзей ад няшчасця, якое калісьці адбылося з ягонымі бацькамі.
Матыў чыгункі прыцягвае Аляксандра не проста так – у юнацтве ён хацеў стаць памочнікам машыніста, але не ўзялі праз шумы ў сэрцы. Затое камісія ваенкамату ніякіх шумаў не выявіла, і ў 18 гадоў Аляксандра забралі ў армію. Увогуле для 26-гадовага біяграфія ў яго насычаная. Родам Саша з Астраўца, у пачатковую школу хадзіў ва Украіне, у Барысаве вучыўся на слесара-рамонтніка, пасля арміі застаўся ў Мінску, памяняў шмат працаў: «Ой, я і кіроўцам быў, і аўтаслесарам, пасля атрымаў пасведчанне і ганяў на аўтакране». Кажа, што гэта дало яму знаёмствы з каларытнымі персанажамі, якія, магчыма, калісьці ператворацца ў кінагерояў.
Цяпер Аляксандр – студэнт чацвёртага курса журфака, але ўжо ведае, што журналістыка не для яго. «Не памятаю, чаму ўвогуле туды паступіў. Здаецца, проста ўспомніў, што некалі вершык у газеце надрукаваў. Вось, думаю, гэта ж зачэпка!». Пасля журфака ўсё-такі плануе ў Акадэмію мастацтваў – вучыцца здымаць кіно. З кліпамі, якіх ён за некалькі гадоў наздымаў мноства, цяпер стараецца завязаць. «Рэперскія кліпы насамрэч рабіць проста – стаў ля плота, зачытаў рэп, пасля за гадзіну зманціраваў, усё. Мне ад такога ўжо млосна. У большасці рэпераў няма цярпення, мала хто імкнецца неяк абыгрываць песню, выдумляць нешта цікавае», – кажа малады рэжысёр.
«Для БРСМ цяпер бы не стаў здымаць»
Колькі кліпаў у ягонай творчай біяграфіі, дакладна не ведае («Трэба загнацца і палічыць»), але ўдалых, як сам кажа, можа, штук 20 набярэцца. Таксама спрабаваў здымаць сацыяльную рэкламу, анонсы канцэртаў, дакументальнае кіно («Арт Сядзіба. Ад ідэі да падзеі» і фільм пра беларускі рок «Мова. Музыка. Маладосць»). Увогуле раней з фанатызмам здымаў усё, што прапануюць, без разбору, вось неяк і ўмудрыўся сумясціць у партфоліа ролікі для беларускамоўнага рэпера Vincent’а і для БРСМ. «Гэта даўно было, мяне папрасілі. Цяпер для БРСМ ужо б не стаў здымаць. Але не прынцыпова, а таму што, калі я ў арміі служыў, яны ўзялі мае грошы і нічога не далі – ні значка, ні якой карткі», – ці то ўсур’ёз, ці то жартам кажа Аляксандр. Той ролік нават выйграў на нейкіх раённых конкурсах, за што Сашу ўзнагародзілі рамачкай, граматай, гадзіннікам: «Усё гэта я акуратна вешаю на сцяну, збіраю, любая ўзнагарода, як ні круці, падбадзёрвае. Хаця, вядома, не хочацца заставацца на ўзроўні такіх конкурсаў».
Сёлета дзве працы Аляксандра ўдзельнічаюць у конкурсе КінаVarka – кліп рэпера «BadLamite», які ўвесь мігціць і можа давесці кагосьці да эпілептычнага прыпадку, і сацыяльны ролік «Не спяшайся жыць», дзе знялася Сашава жонка.
«Крыс Нонг – гэта нейкі вірусняк»
Саша ведае, што і аднаму альбо з сяброўскай дапамогай можна зрабіць шмат. Хаця, напрыклад, у тое, што Крыс Нонг зняў свой нашумелы шпіёнскі баявік сам, не верыць: «Думаю, гэта вірусняк нейкі. Ведаеце, цяпер амерыканцы здымаюць у Мінску на айфон фільм пра мафію. Дык вось дапаможную тэхніку ім дала кампанія «First Rental» – тая ж, што і Крысу Нонгу. А чаму менавіта яна? Дзіўна. Увогуле фільм мне падаўся пуставатым, сюжэт зусім просценькі, нічога звышнатуральнага».
Пакуль Аляксандр Крупіна спадзяецца на сваю кароткаметражку, якую збіраецца дасылаць на ўсе магчымыя беларускія фестывалі, а таксама хоча набыць новую камеру: «Мая ўжо старэнькая, я з яе вырас, як музыка вырастае з інструмента». Глабальнага плана дзеяння ў яго няма: «Буду рабіць тое, што раблю. Хацелася б, каб мяне заўважылі».
Аляксандра Дорская