Бацькі былі ўпэўненыя, што ён стане доктарам, але ён абраў іншую прафесію. Зрэшты, ён упэўнены, што рэжысура мае шмат агульнага з метадам прэпаравання. Акцёр, рэжысёр і драматург Рэспубліканскага тэатра беларускай драматургіі Аляксандр Марчанка расказаў нам у новай серыі праекта «Захапленні» аб тым, чаму для масажу так важная гармонія, як у душы, так і ў целе.
— Мая мама прапрацавала ўсё жыццё ў медыцыне — старшым рэнтген-лабарантам Магілёўскай абласной бальніцы. І я часта бываў у яе на працы. Уцякаў ад бабуляў, дзядуляў, таты і на апошнім аўтобусе прыязджаў да мамы на начное дзяжурства. Мяне ўжо не было на чым адправіць дадому, і мы начавалі з ёй у прыёмным аддзяленні або ў рэанімацыі. Ні ў кога ў сям’і не было сумневаў, што я стану доктарам, да таго ж я вучыўся ў хімічна-біялагічным класе, і ўсе выдатна разумелі, што медінстытут — гэта наступны крок у маім жыцці.
У дзяцінстве ў мяне былі розныя захапленні, напрыклад, планерызм. А ў 10-м класе я прыйшоў у тэатральную студыю і сустрэў там выдатных педагогаў. Для мяне яны сталі цёплымі, роднымі людзьмі. Я паверыў у тое, што не варта звязваць сваю будучыню з медыцынай, таму што мне проста неабходныя тэатр і мастацтва.
Калі я вырашыў займацца тэатрам, мама была засмучаная. Яна не падала выгляду, не выказала наўпростых шкадаванняў з гэтай нагоды і падтрымлівала мяне ў выбары прафесіі, але я разумеў, што гэта не тое, чаго хацелася б ёй. І да гэтага часу мама, бывае, кажа: «Вось калі б…»
Калі б я ўсё ж такі пайшоў у медыцыну, не ведаю, наколькі таленавітым спецыялістам стаў бы. Магчыма, займаўся б у рэнтгеналогіі або неўралогіі. Памятаю, дзіцем я праводзіў у ардынатарскай рэнтгенаддзялення шмат часу і разглядаў здымкі разам з дактарамі.
Аднойчы мы з мамай праходзілі міма патолагаанатамічнага аддзялення бальніцы, і я спытаў, што там знаходзіцца. Мы зайшлі ўнутр будынка, і я быў вельмі ўражаны.
Адсочванне прычынна-выніковых сувязяў — вось тое, што, па-мойму, аб’ядноўвае дзве прафесіі, рэжысуру і патанатомію. Рэжысёр стварае на тэатральнай сцэне іншы свет, у якім усё ўзаемазвязана і выцякае адно з аднаго, тут важная кожная дэталь. Так, дзеянні героя абумоўленыя яго характарам, жыццёвым вопытам і абставінамі. У медыцынскіх дыягназах таксама можна прасачыць выразныя прычыны захворвання, наступствы няправільнага ладу жыцця, напрыклад. Хваробы ў чалавека не з’яўляюцца проста так, ніадкуль.
Пасля сваіх 12-ці тэатральных сезонаў я часам думаю пра тое, як магло скласціся маё жыццё ў медыцыне. Для мяне масаж стаў і хобі, і магчымасцю паспрабаваць сябе ў іншай прафесіі.
Чым добры масаж? У яго вельмі шырокі спектр уздзеяння. Падчас масажу змярцвелыя клеткі скуры выдаляюцца. Дакладна такое ж уздзеянне і на крывацёк: вымываюцца таксіны, якія назапашваюцца ў скуры. Мы ўвесь час знаходзімся ў руху, вымушаныя трымаць спіну проста і адчуваем напружанне. Таму вельмі важна, каб мышцы, якія трымаюць пазваночнік, маглі расслабляцца, гэта дазваляе вызваліць заціснутую ў іх энергію. Спецыялісты кажуць, што проціпаказаны масаж толькі пры анкалагічных захворваннях, крывацёках, адкрытых ранах і гіпертанічнай хваробе. А так масаж карысны абсалютна ўсім — і немаўлятам, і пажылым людзям.
Некаторыя думаюць, што масажыст павінен мець нейкую незвычайную сілу. Але гэта няпраўда. Той, хто робіць масаж, павінен умець правільна размяркоўваць свае сілы і не адчуваць напружання ва ўласным целе.
Для мяне вельмі важныя тактыльныя адчуванні. Я веру, што энергія, рукі могуць лячыць і як мінімум расслабляць. Спачатку мне вельмі падабаліся адчуванні, калі я ляжаў на масажным стале ў якасці кліента. Я разумеў, што гэта не толькі вельмі прыемна, але і дадае сілы. Узнікае пачуццё ўдзячнасці да чалавека, які зрабіў табе масаж, і да свету наогул. Мне захацелася валодаць такім уменнем.
Думаю, важна быць чалавекам напоўненым, са станоўчай энергіяй, хоць цяпер робіцца штампам такая фармулёўка, як «пазітыўна настроены чалавек». Каб займацца масажам прафесійна, неабходна культываваць у сабе дабрыню, таму што масаж — гэта непасрэдны кантакт з іншым чалавекам. Гэта нялёгка: да кожнага трэба падыходзіць індывідуальна і аддавацца занятку цалкам. А адной толькі тэхнікі недастаткова. Вядома, можна вывучыць, што рухі трэба рабіць у кірунку лімфатока і гэтак далей, але каб сапраўды прыносіць карысць масажам або як мінімум не нашкодзіць чалавеку, неабходна трэніраваць якасці чалавека добрага.
Ганна Трубачова, Аліса Федзіна
Фота — Аляксандр Tarantino Ждановіч
Журналісцкае агенцтва «Таранціны і сыны»
Выказваем падзяку клубу прыгажосці і здароў’я NonStop, а таксама яго супрацоўнікам за магчымасць правядзення здымак і прафесійную кансультацыю.