У клубе «Re:Public» адбылася прэзентацыя альбома Аляксандра Патліса «Читай мои мысли». З вялікім сольным канцэртам спявак выйшаў на беларускую сцэну ўпершыню за апошнія тры гады.
«Прывітанне, Мінск! Сталіца, ты чуеш мяне?» — на першых акордах канцэрту выгукнуў у залу Аляксандр Патліс. І гэты больш звыклы для заезджага артыста, чым для беларускага выканаўцы, зварот да сваёй публікі лішні раз нагадаў, што экс-саліста гурта «Новы Ерусалім» сапраўды даўно не было бачна ў беларускім музычным жыцці. Як прызнаецца сам музыка, шчыльная канцэртная праграма па гарадах Расіі, Украіны і Казахстана не дазваляла яму прысутнічаць на беларускім рынку, з гэтай жа прычыны ягоны другі сольны альбом «Читай мои мысли» цэлы год беспрытульна бадзяўся па інтэрнэце і толькі цяпер быў выдадзены на дыску — выпраўлены і дапоўнены. Ад сваёй інтэрнэт-версіі альбом адрозніваецца паслядоўнасцю песняў, некаторымі аранжыроўкамі, а таксама наяўнасцю беларускамоўнага бонуса: украінская песня «Як я без тебе» загучала па-беларуску ў перакладзе Алеся Камоцкага.
Крытыкі даўно ўпікалі Аляксандра за тое, што за дваццацігадовую творчую дзейнасць ён не займеў ніводнай песні на роднай мове. У інтэрв’ю напярэдадні канцэрту Патліс выказаў імпэтныя памкненні да абеларушвання рэпертуару. Для будучага трэцяга альбома беларускамоўную песню піша рэпер Vinsent, ён жа пераклаў хіт «Мегаполіс», прэм’ера якога ў пераствораным варыянце чакалася на канцэрце. Праўда, Аляксандр Патліс усё ж выканаў песню па-руску, магчыма, вырашыўшы, што для першага разу сюрпрызаў будзе зашмат.
«Мне трэба выпіць вады, бо вы такія гарачыя, зусім не падобныя да памяркоўных беларусаў, заставайцеся такімі ж!» — сказаў Патліс перад тым як праспяваць «Як я без цябе». Атрымалася прыгожая поп-рокавая балада, у беларускім выкананні якой часам чулася штосьці «песняроўскае». «Прабачце, калі зрабіў памылкі, гэта мой першы крок», — на ўсялякі выпадак выбачыўся спявак.
«Гэтую песню я напісаў разам з ВІЧ-інфікаванымі людзьмі, — тлумачыць Аляксандр гісторыю песні «Люди-тени». — Іх вельмі шмат, яны ездзяць побач з намі ў метро, вучацца ў каледжы і ходзяць тымі ж вуліцамі, яны таксама пра штосьці мараць, але вымушаныя быць сам-насам нават у натоўпе».
«Звяртаюся найперш да мужчын. Хацелася б, каб мы не хавалі слабасць альбо ляноту за рэлігіяй. Будзьце моцнымі!» — даў Патліс чарговае настаўленне і заспяваў свой хрысціянскі варыянт песні «We will rock you».
Аляксандр Патліс, вядомы рэлігійнай скіраванасцю сваёй творчасці, на гэтым канцэрце імкнуўся быць у меру свецкім. Паколькі стаўка была зробленая на клубны фармат, ён стараўся выконваць па мінімуме эстрадна-меладычных кампазіцый і насыціў праграму самымі сваімі драйвовымі рокавымі песнямі з новага альбома. Зрэшты, атмасфера канцэрту ўсё адно нагадвала хатняе светлае свята — пары кружыліся ў танцы, бармены сумавалі за стойкай, бо кліентаў у іх гэтым вечарам амаль не было, навокал гойсалі анёлападобныя дзеці, а спявак паміж песнямі прапаведаваў хрысціянскія прынцыпы любові і даравання:
«Веру, што мы з вамі ўсё ж такі не паходзім ад малпаў ¬— прынамсі тыя, хто прыйшоў на гэты канцэрт. Мы ўсё ж боскія стварэнні і сваім уменнем любіць адлюстроўваем Госпада. Любоў дае нам магчымасць дараваць».
«Она одна однажды нас сумеет спасти» — лейтматыў творчасці Аляксандра Патліса, якому ён застаецца верным ва ўсіх сваіх песнях. І як пацверджанне гэтаму песню «Любовь в ладонях» на гэтым канцэрце ён праспяваў двойчы.
Аляксандра Халопік, фота Аляксандра Ждановіча.