Фатограф Таранціна расказаў, чаму памяняў медыцыну на фатаграфаванне рок-зорак, як прачынацца па сонцы, навошта трэба здымаць роды, а таксама паказаў свае найбольш удалыя кадры за шэсць гадоў у канцэртным фота.
– Аляксандр, ты так доўга здымаеш канцэрты, што яны ўжо, мабыць, сталі для цябе паўсядзённасцю: адны і тыя ж пляцоўкі, выканаўцы, умовы здымкі, ды і публіка фактычна не мяняецца. Канцэртная фатаграфія для цябе не руціна?
– Канцэртная фатаграфія – гэта тое, што ў мяне атрымліваецца найлепш, тое, што натхняе. Для мяне гэта абсалютна не руціна. То бок часам праца можа трохі сыходзіць у руціну, але ж не бывае так, каб заўжды на сто адсоткаў адчуваць навізну і суцэльны азарт. Я гэтак жа натхнёны справай, як і пяць гадоў таму, а, магчыма, нават і больш, бо цяпер яна адкрываецца для мяне зусім па-новаму.
Што да пляцовак, то Re:Public – на маю думку, найлепшая пляцоўка ў краіне, тут праходзяць 70 адсоткаў канцэртаў, якія я здымаю. Там ёсць свае мінусы, але ўвогуле гэта вельмі годны клуб, калі параўноўваць з іншымі гарадамі, напрыклад, з Вільняй.
Насамрэч усе канцэрты розныя: мяняюцца асобы, шмат заезджых знакамітасцяў. У мяне ёсць свая сацыяльная адказнасць, як у буйных карпарацый, якія выкарыстоўваюць яе як маркетынгавы ход. Мая адказнасць у тым, каб падаць пэўную частку беларускай культуры са станоўчага боку, паўдзельнічаць у яе раскрутцы. Я гэтым гару, хоць і не размаўляю па-беларуску: у мяне ёсць пэўны ўнутраны ступар, ды і ўвогуле з мовамі праблема.
– Ты кажаш пра сацыяльную адказнасць, але ты прыйшоў у канцэртную фатаграфію з медыцыны – з самай сацыяльна адказнай, высакароднай і жыццёва неабходнай прафесіі. Ці не адчуваеш, што змяніў місію на менш важную?
– Сур’ёзнае пытанне. Калі я кінуў медыцыну, я заканчваў пяты курс медінстытута, меў дзве сярэднія медыцынскія адукацыі і чацвёрты год працаваў у «хуткай дапамозе». Сышоў з медыцыны я інтуітыўна. Мне нейкім цудам удалося прыняць важнае самастойнае рашэнне. Цяпер я разумею, што кожны павінен займацца сваёй справай. Аказалася, што медыцына – чужая справа, не мая. Атрымліваецца, што я дзевяць гадоў вучыўся ў медыцынскім на фатографа. На першым курсе мне трапіла ў рукі «мыльніца», я пачаў «шлёпаць» на вечарынках, мне тады вельмі падабалася клубная культура, электроншчына. Нехта мяне натхніў, сказаў, што ў мяне някепска атрымліваецца. Цяпер мне здаецца, што тады я здымаў поўны шлак, не было ніводнага добрага кадра. Але ў мяне ёсць такая штука абаронная ў характары: усё, што я раблю на пачатку, сам лічу геніяльным. І гэта дапамагае.
– То бок цябе натхнілі менавіта поспехі, а не магчымасць памяняць цяжкія і змрочныя начныя выезды ў «хуткай» на бесклапотныя клубныя агні?
– Медыцына – гэта не змрочна, гэта весела. Нашая медыцына вельмі ўразлівая, праз тое, што няма добрых умоваў, людзі вельмі хутка стамляюцца, выгараюць у першыя ж гады ўніверсітэта. Там вельмі шмат людзей, занятых не сваёй справай, якія ламіліся ў медыцынскі няясна навошта, бо проста прэстыжна. Уключаецца абарончы механізм – медыцынскі цынізм, які дазваляе трымацца на плыву. Я адчуваў, што мяне не прэ, а фатаграфія – тое, што я магу рабіць хоць бясплатна, магу рабіць штодня.
Дарэчы, не цынізм, вядома, але нешта падобнае ёсць і ў прафесіі фатографа: напрыклад, да нейкай субкультуры, бо не заўсёды ходзіш на канцэрты, якія табе падабаюцца. Мне, напрыклад, не даспадобы цяжкая музыка.
– Што табе дазваляе не выгараць эмацыйна? Ты ўвесь час у такім добрым настроі, хаця, мабыць, цяжка знаходзіцца ў гушчы ўзрушанага натоўпу, лезці па галовах.
– Я апошнім часам не лезу па галовах, я ласкава прашу мяне прапусціць. Але ўвогуле так, працаваць у натоўпе, разагрэтым алкаголем, бывае цяжка. Падаўляць у сабе пэўнае раздражненне няма сэнсу, гэта адбіваецца на фота, на тым, якія фотаздымкі абіраеш, альбо, наадварот, не абіраеш. Я знайшоў такія кропкі, здымаючы з якіх, мне не трэба лезці пад сцэну. Таксама тэхніка – я зразумеў, што канцэртнаму фатографу абавязкова патрэбен тэлевік, любой якасці, бо гэта дазваляе не ламіцца ў слэм.
Раней я, як і ўсе фатографы-пачаткоўцы, лічыў што самае важнае – трапіць на сцэну. Здавалася, што тады будзе геніяльны кадр. Туды трэба трапляць, калі адбываецца нешта надзвычайнае, але памятаць пра тое, што апроч цябе ёсць выканаўца, публіка, ахова, дырэктар гурта і г.д.
– А ведычная культура, якой ты захапляешся, і лад жыцця – засынаць і прачынацца па сонцы – не канфліктуюць са здымкамі канцэртаў?
— Я цяпер адмовіўся ад здымак начных вечарынак. Вечаровыя канцэрты ніяк не замінаюць, у мяне атрымліваецца класціся спаць каля дзясятай вечара. Мужчынскі арганізм больш вынослівы: чатыры-шэсць гадзінаў сну больш чым дастаткова, прачынаюся я а чацвёртай ці а пятай. Я ішоў да гэтага некалькі гадоў, раней лічыў сябе абсалютнай савой, прыходзіў дадому ўвечары і да раніцы апрацоўваў здымкі. Гэта было неэфектыўна: дрыхнеш паўдня, вакол ходзіць раззлаваная жонка, бо яна адна з дзецьмі, а ёй хочацца падтрымкі. Ніякая нармальная жанчына не будзе гэтага цярпець. Напрыклад, калі я шмат гадоў таму працаваў у дзіцячай інфекцыйнай бальніцы фельчарам, то ўвогуле жыў ноччу, а днём спаў. І праз пастаянную стому я пачаў страчваць смак да жыцця, наступіў вельмі прыгнечаны стан. Два гады таму я пачаў слухаць лекцыі па ведычнай культуры: было шмат сумневаў, ці буду я паспяваць апрацаваць здымкі да раніцы. Усё паспяваю, і цэлы дзень актыўны, да вечара няма і ценю стомы, затое адключаюся за тры секунды.
– Ці часта бываюць сітуацыі, калі ты шкадуеш, што няма з сабой фотаапарата?
– Быў час, калі я думаў кадрамі, але гэта ўсё праз сквапнасць: хачу мець. Я больш не хачу мець, я хачу бачыць, назіраць, цаніць, атрымліваць асалоду, запамінаць момант. Цяпер я бачу, што людзі цэняць фотаздымак, а не саму падзею. Таму ў мяне больш няма такога памкнення: у любой сітуацыі дастаць фотаапарат і шчоўкнуць.
– Але ж ты некалі выклікаў буру абмеркаванняў, калі здымаў нараджэнне ўласнага дзіцяці. Навошта, з якімі эмоцыямі ты рабіў тыя здымкі?
– Я якраз яшчэ быў на тым этапе, калі хацелася ўсё зафіксаваць, хацелася перадаць гэтую падзею, гэта маё рэпартажнае бачанне. На фота не працэс родаў, гэта першыя хвіліны жыцця дзіцяці. Было шмат асуджэння, што мы выклалі гэтыя здымкі. Але мы зрабілі гэта праз некалькі месяцаў, калі дзіця ўжо трохі падрасло. Для мяне як для медыка працэс нараджэння – гэта частка жыцця.
Прынята пакідаць на памяць здымкі з вяселля, але каб кожны год прафесійнаму фатографу замаўляць сямейную здымку – такой звычкі ў нас людзі яшчэ не маюць. Вось мне хацелася б гэта прасоўваць. Роды – якраз тая падзея, якую важна перажыць і някепска было б зафіксаваць, прынамсі, мне так падавалася на той момант.
– Вы з жонкай адкрылі журналісцкае агенцтва пад назвай «Таранціны і сыны». Я прыкладна разумею, адкуль яно паўстала: ты фатограф, твая жонка Ганна Трубачова – журналіст, трэба было сумясціць высілкі, стварыць нешта ўнутрысямейнае, каб працаваць у зручным вам рытме. Але што гэта за форма – журналісцкае агенцтва? Гэта проста разнавіднасць фрылансу?
– Мы не спрабуем стварыць нешта закрытае ўнутрысямейнае. Апроч нас у нашым агенцтве працуе каманда. Ганна 14 гадоў у журналістыцы, у яе шмат ідэяў. Часта яна дае ідэю для матэрыялу і кантралюе прадукт у канцы працы, а сярэдні этап дапамагаюць рэалізаваць супрацоўнікі агенцтва. Гэтак і я цяпер шукаю апрацоўшчыка фотаздымкаў, бо ў маёй справе мне больш цікавы сам працэс здымкі.
Дзейнасць нашага журналісцкага агенцтва мы самі вызначаем як журналістыку на замову: ад тонкай рэкламы ў выглядзе журналісцкіх матэрыялаў да вялікіх публіцыстычных праектаў для часопісаў і інтэрнэт-выданняў.
– Вяртаючыся да канцэртнага фота… Ці ёсць у цябе ўдалыя кадры, за якімі стаіць пэўная гісторыя?
– Гурт «Троіца», пры ўсім сваім аб’ёмным гучанні на сцэне, для фатографа абсалютна статычны. Але пры гэтым самы мой любімы здымак – з прэзентацыі альбома «Зімачка», у чароўным сінім ззянні. Як на мяне, цудоўная ілюстрацыя гэтага альбома.
З «Нейра Дзюбелем», вядома ж, адваротная сітуацыя. Кулінковіч – проста казка для фатографа, ён увесь час крыўляецца, лезе ў натоўп, размаўляе з публікай. Гэтыя панкі – увогуле неверагодна прыемныя людзі ў жыцці. Фота зробленае ў 2011 годзе, па-мойму, гэта быў апошні іх канцэрт у Re:Public перад тым, як іх забаранілі. І так атрымалася, што Кулінковіч зазірнуў да мяне ў камеру, а нехта з глядачак яшчэ пагладжваў яго па галаве. А пасля высветлілася, што два гады пасля таго канцэрта быў самы складаны перыяд, бо яны не мелі магчымасці выступаць нават у маленькіх клубах. Кулінковіч быццам ведаў, што чакае ягоны гурт.
«The Toobes» – першы беларускі гурт, чый дыск я ўвогуле набыў, так яны мяне торкнулі. Гэта фота з канцэрта ў Re:Public: было неверагодна жудаснае святло, яны нешта зусім намуцілі, пасварыліся са светлавіком, прывезлі нейкую незразумелую апаратуру, пры гэтым павесілі адну лямпачку за фіранкай за спінай бубнача, і гэта зрабіла ўсё. Мне кадр вельмі падабаецца, хаця гэта больш графічнае ўвасабленне, чым фатаграфічнае.
Яшчэ адно фота, зробленае нядаўна на канцэрце «Дзень радыё». Выступ гурта Akute, напрыканцы басіст Рома лёг побач з гледачамі.
– Ты, мабыць, адзіны канцэртны фатограф, у каго былі выставы. Канцэртнае фота лічыцца аператыўным журналісцкім жанрам, не прызначаным для выставачных прастораў. А ці шмат у нас увогуле добрых канцэртных фатографаў?
– Я спецыяльна не адсочваю, што робяць калегі. Але з тых, хто на віду, падабаюцца працы Жэні Ерчака, Аляксандра Мядзведзева.
– А як канцэрты памяняліся за шэсць гадоў? Ты ж сталы сведка сталічнага канцэртнага жыцця.
– Шэсць гадоў таму я здымаў усяго пяць канцэртаў на месяц. Потым іх рабілася ўсё больш. Я думаю, гэты напрамак культурнага жыцця рухаецца ў пазітыўны бок. У Мінску ёсць добрыя канцэртныя пляцоўкі, ёсць гламурныя клубы, маленькія бары, дзе праходзяць імпрэзы. То бок на любую колькасць гледачоў любы гурт можа сабраць годную залу: у “Графіці” можа прыйсці 40 чалавек і будзе аншлаг, клуб “Таранціна” можа сабраць 150-200 чалавек, клуб “Цэнтр” – 400 наведнікаў, а ёсць “Re:Public”, які змяшчае тысячную аўдыторыю.
– Замежных зорак табе цікавей здымаць, чым нашых? Да якіх ты ўжо прызвычаіўся?
– Іх цікава здымаць, але з імі шмат клопату: у іх жорсткія патрабаванні, здымаць дазволена першыя тры песні, трэба атрымліваць акрэдытацыю, яны выступаюць на вялізных пляцоўках, дзе не заўжды лёгка прабрацца наперад.
Мне важней здымаць беларускіх зорак. Бо што толку ад маіх фатаграфій Мобі ці Placebo, каму яны патрэбныя? Толькі для партфоліа. Трэба прасоўваць нашых зорак і прасоўвацца разам з імі.
Аляксандра Дорская, фота – Andre Kravchenko, Віталь Артыст, Yulia Prlab