Дуэт «Аляксандра і Канстанцін» выдае чацьверты поўнафарматны дыск, які атрымаў назву «М1». «Кожная з нашых новых песень самадастковая, яны ў розных стылях і на розных мовах, але разам з тым усе яны разам сплятаюцца ў яркі вянок з кветак і адценьняў беларускай аўтэнтыкі, кантры, джазу і рэгі», — кажа вакалістка Аляксандра Кірсанава. Жывую прэзэнтацыю вырашана зладзіць у арыгінальным месцы — у музэі гісторыі беларускай літаратуры.
Назву чацьвертаму альбому дуэта «Аляксандра і Канстанцін» дала інструмэнтальная кампазыцыя «Road M1». «Мы праводзім багата часу ў дарозе і разумеем добра, што жыцьцё ў руху. Менавіта ў руху нараджаецца наша музыка, зьяўляюцца словы і паўстае яскравая карцінка аранжыроўкі», — тлумачыць Канстанцін Драпеза.
У дыск «М1» увайшло 14 трэкаў, частка зь іх ужо вядомая наведнікам Tuzin.fm. Як, напрыклад, трэк «Садзіку-вінаградзіку», які музыкі прэзэнтавалі на нашым партале. Музыка новага альбому даволі разнастайная, а песьні запісаныя на трох мовах — беларускай, расейскай і ангельскай. Сярод іх — калядны сьпеў «Коледа», рамантычная боса-нова «Коцікі вярбовыя», прысьвячэньне Максу Мірнаму «Вслед за мечтой», трэк на словы Аляксея Саламахі «A Song in Excess» ды іншыя.
«Кожная з нашых новых песень самадастковая, яны ў розных стылях і на розных мовах, але разам з тым усе яны разам сплятаюцца ў яркі вянок з кветак і адценьняў беларускай аўтэнтыкі, кантры, джазу і рэгі», — кажа вакалістка Аляксандра Кірсанава.
Акром уласна Аляксандры і Канстанціна ў запісе дыска ўзялі ўдзел такія знаныя музыкі, як Ігар Бранкоўскі, Аляксандар Каліноўскі, Алесь-Францішак Мышкевіч, Віктар Маўчанаў, Вячаслаў Сяргеенка. Запісвалі праграму з дапамогай Генадзя Сыракваша.
Афіцыйная дата рэліза дыску — 1 сакавіка. Якраз у гэты дзень пройдзе жывая прэзэнтацыя, якую вырашана правесьці ў дзяржаўным музэі гісторыі беларускай літаратуры, што ў Траецкім прадмесьці. Пачатак канцэрту ў 17:00. Уваход будзе сымбалічным — 10 000 руб.