Штатны мастацтвазнавец газеты “Дэйлі Тэлеграф” Аластэр Сук пагутарыў з вядомым сучасным філосафам. “Калі мы глядзім на карціну і разважаем над ёй занадта шмат, замест таго каб назіраць за сваімі пачуццямі, выкліканымі гэтай карцінай, мы не атрымліваем сапраўднага задавальнення ад мастацтва”, — кажа Ален дэ Ботан.
Пагугліце словы “Spring (Fruit Trees in Bloom)” — вясна (цвітуць пладовыя дрэвы) — і менш чым праз секунду вы пабачыце яскравую карціну: некалькі дрэваў у квецені, чые бледныя кветкі — нібыта выбух феерверку. Гэтыя словы — назва карціны французскага імпрэсіяніста Клода Манэ, якая цяпер належыць нью-ёркскаму Музею мастацтваў Мэтраполітэн.
На вэб-сайце музея вы даведаецеся, што карціна была напісана ў 1873 г. у мястэчку Аржантэй, што на рацэ Сена, непадалёк ад Парыжа, любімым месцы адпачынку і правядзення пленэраў імпрэсіяністаў. У левым ніжнім куце бачныя подпіс і дата — ‘73 Claude Monet. Памер карціны — 1 метр на 62 сантыметры. У 1903 годзе, калі карціна была вядомая пад назвай “Яблыні цвітуць”, яе набыла за 2100 даляраў найстарэйшая амерыканская камерцыйная мастацкая галерэя Knoedler&Co. У 1926 г. карціна была выкупленая музеем Мэтраполітэн.
Кароткая, сухая інфармацыя — вось і ўсё, што музеі звычайна паведамляюць пра мастацкія творы, якія знаходзяцца ў іх калекцыях. Даты, памеры, інфармацыя пра паходжанне карціны, яе ўладальнікаў і выставачнае жыццё — мастацвазнаўцам і супрацоўнікам музеяў гэтага дастаткова, а больш нічога і не патрэбна.
Калі гледачам прапануюцца ўсе гэтыя дэталі пра творы, ці не атрымліваецца так, што музеі насамрэч замінаюць нам адчуць сапраўдную асалоду ад мастацтва, бо забываюць пра сапраўдную сутнасць таго, дзеля чаго мастак стварае свае карціны? Брытанскі філосаф Ален дэ Ботан мяркуе, што так і ёсць. Яго новая кніга “Мастацтва як тэрапія”, напісаная сумесна з мастацкім тэарэтыкам Джонам Армстрангам, — ветлівая, але правакацыйная спроба разбурэння стандартных шляхоў, з дапамогай якіх музеі і галерэі звычайна прэзентуюць мастацтва сваім наведнікам.
“Уявіце сабе карціну, напісаную ў стылі імпрэсіянізму, — звяртаецца да мяне дэ Ботан у сваім офісе, застаўленым кніжнымі паліцамі, у паўночна-заходнім Лондане. — Цудоўны вясновы дзень на поўначы Францыі, цвітуць кветкі, у блакітным небе ніводнага воблачка… Шмат хто пабачыць гэтую карціну і запытае: “Цікава, гэта Эдуар Манэ ці Клод Манэ? Эх, мне так сорамна, што я дагэтуль не ведаю, як іх адрозніваць…” Мне б вельмі хацелася, каб людзі, якія глядзяць на карціну, бачылі ў ёй нешта сваё. Мне карціць спытаць у іх: “Што на самай справе вы думаеце пра гэты твор мастацтва? Ці сапраўды гэтая карціна стварае ў вас пачуццё радасці? Калі так, дык давайце не будзем баяцца гэтага пачуцця”.
“Вясна (цвітуць пладовыя дрэвы)” — гэта прыклад мастацкіх твораў, якія мае на ўвазе дэ Ботан: ціхамірны, спакойны і духмяны пейзаж, поўны простай “joie de vivre” (радасці жыцця), які звязваецца ў разуменні многіх гледачоў з адчуваннем таго, што жыццё ўдалося. Але музей Мэтраполітэн не звяртае ўвагі на чалавечыя пачуцці і пазбягае такіх істотных пытанняў наконт жывапісу, як, напрыклад, “Што вы адчуваеце, гледзячы на карціну?” Для мяне адказ вельмі радасны і мірны: мяне апанавала лянота, я ўсім задаволены і прылёг крыху падрамаць па абедзе. Але калі вы прачытаеце музейны подпіс пад карцінай «Вясна», вы ніколі не здагадаецеся, што Манэ быў сапраўдным майстрам выклікаць у гледача такія радасныя і спакойныя эмоцыі, як на гэтай карціне.
“У свеце мастацтва ненавідзяць пытанні кшталту “У чым сэнс мастацтва?”, — дзеліцца сваімі назіраннямі дэ Ботан, якога не так даўно запрасілі зрабіць новыя подпісы для твораў мастацтва ў трох сусветна вядомых музеях: у Рэйксмузэум (Дзяржаўным мастацкім музеі) у Амстэрдаме (Нідэрланды), у Мастацкай галерэі Антарыа ў Таронта (Канада) і ў Нацыянальнай галерэі Вікторыі ў Мельбурне (Аўстралія). Створаныя ім подпісы з’явяцца адначасова ў гэтых музеях у красавіку. “Уплывовы мастацкі істэблішмэнт перамяншае здольнасць эмацыйнага і псіхалагічнага ўздзеяння карцін на гледачоў — нягледзячы нават на тое, што гэта фактычна асноўны спосаб узаемадзеяння людзей з мастацтвам. Я ўпэўнены, што на першым месцы павінная быць эмацыйная сувязь паміж гледачом і аб’ектам. Некаторыя кажуць, што, напрыклад, гэтая карціна важная, таму што яна калісьці знаходзілася ў калекцыі містара N., ці таму, што гэты мастацкі твор пераканаўча сцвярджае, што фашызм — гэта дрэнна, ці чамусьці яшчэ — але ўсе гэтыя факты не здольныя прымусіць нас палюбіць гэтую карціну”.
Атрымліваецца, што гісторыкі мастацтва ўсё разумеюць не так і часцяком памыляюцца? “Так і ёсць! — кажа філосаф. — Памылка мастацвазнаўцаў у тым, што яны мяркуюць, што чым большай інфармацыяй пра тую ці іншую карціну мы валодаем, тым больш мы ў стане зразумець яе і адчуць. Але я сцвярджаю, што неабавязкова ведаць увесь гісторыю мастацкага твора, каб зразумець яго. Нават калі вы абароніце дысертацыю па мастацтвазнаўстве, зусім не абавязкова, што вы навучыцеся адчуваць больш радасці ад жывапісу. Мастацтва павіннае быць формай тэрапіі, якая дапамагае чалавеку спасцігаць у шырокім сэнсе само жыццё і смерць”.
Назва кнігі дэ Ботана кажа сама за сябе — гэта своеасаблівы даведнік, які дапаможа чытачу ўдасканаліць свае веды ў мастацтве, а таксама раскажа, якім чынам творы мастацтва і архітэктуры могуць дапамагчы нам не траціць самавалодання і лепш разумець саміх сябе. Кожная частка кнігі прысвечаная асобнай тэме: каханне, прырода, грошы, палітыка. Напрыклад, дэ Ботан сцвярджае, што вялікая колькасць дакладных невялікіх дэталяў у карціне Хуга ван дэр Гуса “Пакланенне пастухоў” (1475 г.) павінная нагадаць нам, што ўважлівасць да капрызаў любімага чалавека — важная частка шчаслівага кахання. Скульптурны партрэт поўнага самоты Фэрнанду Пэсоа, створаны Рычардам Сэра ў 2007—2008 гг., можа навучыць нас “пакутаваць больш паспяхова”, таму што гэты твор мастацтва ў манументальнай форме адлюстроўвае ўсюдыіснасць і годнасць гора і смутку.
Часам уражанні дэ Ботана ад некаторых мастацкіх твораў здаюцца надуманымі ці непраўдападобнымі. Мне, напрыклад, падаецца непераканаўчым, што мадэрнісцкая рэзідэнцыя “Casa das Canoas” бразільскага архітэктара Оскара Німэера, пабудаваная ў 1953 г., з’яўляецца “храмам эратычнай надзеі”. Тым не менш, кніга дэ Ботана і Армстранга, які выкладае ў Мельбурнскім універсітэце ў Аўстраліі, поўная асвяжальнага скептыцызму ў дачыненні да стэрэатыпных і агульнапрынятых ідэй пра мастацтва.
Добры прыклад такога скепсісу — іх стаўленне да філантрапічных бізнэсоўцаў. “Мастацкая філантропія — вельмі дзіўная рэч, — кажа дэ Ботан. — Класічная мадэль — гэта магнат, які ўсё сваё жыццё эксплутаваў працоўных, парушаў заканадаўства, атручваў навакольнае асяроддзе і гэтак далей, а ў канцы жыцця, пры дапамозе свайго велізарнага багацця, купляе далікатны, прыгожы твор мастацтва, напрыклад, карціну, якая паказвае літасць Дзевы Марыі, то бок ягонае жыццё ёсць суцэльнай процілегласцю каштоўнасцям, адлюстраваным на карціне. Я мяркую, што мы павінныя хаця б паспрабаваць жыць каштоўнасцямі, якія сцвярджаюцца ў творах мастацтва, кожны дзень, а не ў самым канцы жыцця, калі вы купляеце тую ці іншую карціну, а потым дорыце яе музею”.
А што ў такім выпадку думае дэ Ботан пра рэкордную цану ў больш чым 142 мільёны даляраў за трыпціх Фрэнсіса Бэкана “Тры эскізы Люсьена Фройда” (1969), за якія карціна была прададзеная на аўкцыёне “Крысціз” ў Нью-Ёрку, што зрабіла яе самым дарагім творам мастацтва, калі-небудзь прададзеным на аўкцыёне? “Фінансавая каштоўнасць і мастацкая вартасць — гэта дзве абсалютна розныя рэчы, — кажа філосаф. — Часам Вэрмеер вельмі каштоўны, а часам — не, але ягоныя карціны застаюцца тымі ж самымі. Цана трыпціха Бэкана дазваляе нам дазнацца вельмі шмат пра грамадства і эканоміку, у якіх мы жывем, пра тое, як фармуецца густ. Але з пункту гледжання мастацтва гэта ніякім чынам ні на што не ўплывае”.
Дэ Ботан робіць паўзу, і на ягоных вуснах з’яўляецца гуллівая ўсмешка. “Людзі могуць атрымаць шмат эмоцый ад мастацкага твора, нават калі набудуць рэпрадукцыю. Вядома, музеі адчайна супрацьстаяць гэтай ідэі, таму што можа аказацца, што музеі ўвогуле не патрэбныя. Уявіце сабе, што, разглядаючы якасную рэпрадукцыю (папросту кажучы — звычайную паштоўку з выявай карціны), чалавек можа атрымаць 80 ці 90 адсоткаў эмоцый, якія б ён атрымаў ад разглядання арыгінальнага твора мастацтва. Я думаю, што мы павінныя пачаць ацэньваць мастацтва як літаратуру. Арыгінальнае выданне, скажам, “Уліса” Джэймса Джойса каштуе вельмі вялікіх грошай, а вось сучасны асобнік той жа самай кнігі — усяго 10 баксаў. І нічога дрэннага ў тым, што вы купілі кнігу за 10 баксаў, няма. Дык чаму тады мы так недарэчна апантаныя арыгіналамі карцін? Магчыма, звычайнай паштоўкі з рэпрадукцыяй карціны будзе дастаткова?”
Alastair Sooke, BBC