06.02.2017 | Гісторыя

Алесь Мікус: Пра Власта, нацыю з кармай ды вытанчанасць, што пасыпалася

Гаворачы пра “крывіцкую ідэнтычнасць” Ластоўскага, не абмінеш і ідэнтычнасці “краёўцаў”.

З нагоды тэксту Канстанціна Касяка пра “летувісаў” і Ластоўскага.

Вацлаў Ластоўскі

Як міла ўсё ж выглядаў Вацлаў Ластоўскі з яго “крывіцкай ідэнтычнасцю”. Чаму ён пачаў яе ствараць? Незразумелая матывацыя. Што ён пісаў у “Крывічы”, таго недастаткова. Крыніца яго натхнення дагэтуль застаецца непрасветленай.

Відаць адно: ягоная “крывіцкасць” заняла месца, што раптам спусцела. Спусцела месца “краёвай” ідэнтычнасці, ідэнтычнасці тутэйшай польскамоўнай шляхты, якая ўспрымала сябе як спадкаемцаў даўняй літоўскай арыстакратыі.

Для “краёвай” ідэі не было ўжо месца, бо пасля 1917-1918 усё ўжо азначылася. Усе разбегліся. Польская дзяржава (не Карона), літоўская дзяржава (не Княства) і нешта такое беларускае.

А “краёўцы” ж адпачатку па інерцыі ўспрымалі сябе як інтэлектуальных правадыроў. З адказнасцю за адзіную прастору, супольную для іх, а таксама для сялянаў, якія раптам, у “вясне народаў”, высунулі наперад свае мовы — літоўскую і беларускую (русінскую).

“Краёўская” пазіцыя не можа не вабіць сваёй вытанчанасцю, сваёй канструкцыйнасцю. Яна — нібыта той саламяны “павук”, дзе ўсе сувязі — тонкія і патрэбныя. Але і ідэальныя. Паходжанне — адно, культурная сувязь — другое, месца ў сацыяльнай іерархіі (сярод “люду”, беларуска- і літоўскамоўнага) — трэцяе.

У Ластоўскага заўважаеш пазіцыю, падобную сваёй вытанчанасцю. Толькі нанізваў на адну нітачку ён не “гарызанталь”, а “вертыкаль” — гісторыю: прадаўнюю “крыўскую”, княскую літоўскую, таксама і этнаграфічную беларускую.

Але ў Ластоўскага быў свой шлях. І дужа адметны. Ён “падсеў” на мадэрную літоўшчыну: жонка-літоўка, літоўскія грошы на выдавецкія праекты. І на апошняе — яго ўнук Рымантас як аднаўляльнік у пачатку 1990-х даваеннага літоўскага Саюза таўцінінкаў (нацыяналістаў).

“Краёвая” (“ліцвінская”) ідэя займела ўрэшце большы ўплыў, чым “крывіцкая”. Гэта ж са спадчыны “краёўцаў” беларускі актыў пераняў крэда “мы — літоўцы”. Адно што ў “краёўцаў” гэта гучала як “мы таксама літоўцы”, а ў беларусаў загучала “літоўцы толькі мы” (“…а тыя — зладзейныя жмуды”).

Беларускія лідары на пераломе ХІХ-ХХ стагоддзяў былі сацыялістамі, іх не асабліва рупіла ні вялікакняская спадчына, ні рамантычная мінуўшчына з вайдэлотамі і святым Знічом, ні Вільня. Затое гэтая рамантыка рупіла Ластоўскаму, гэта была арганічная частка яго “крывіцкай” канструкцыі.

Пачытаеш ягоны “Крывіч” — там ані слоўца ні пра “Вільня наша”, ні пра “мы (адзіныя) спадкаемцы ВКЛ”. Зрэшты, тады яго куратар, спадар Янінас з літоўскай міністэрыі, і фінансаванне б абрэзаў.

Беларускі актыў тады не ўспрымаўся літоўцамі як нешта небяспечнае. На Вільню і “літоўшчыну” прэтэндавалі не “беларусы”, а тыя, хто акурат і натхніўся “краёвай” літаратурай. Але на практыцы ўсё аказалася не так па-райску мірна, як пісалася ў Канстанцыі Скірмунт.

Па іроніі лёсу там, дзе гавораць пра “крыўскае” сёння ў Мінску, там добрым словам згадваюць і захоп Віленшчыны Жалігоўскім. Гэта не спадчына Ластоўскага і яго “крывіччыны” — гэта хімерычнае яе злучэнне з не самай дабратворнай высновай з “краёвай” публіцыстыкі.

Зрэшты, сучасная “крыўшчына” абвергла Властаву “крывіччыну” яшчэ напачатку — Власт хоць і меў сантымент да мадэрнай літоўшчыны, але пра беларусаў як нашчадкаў тутэйшых балтаў тады яшчэ не гаварылі.

І вось гэта ўсё называецца “карма”. Што перакладаецца проста — “дзеянне”. Некалі зрабілі адно “дзеянне” — пахрысцілі, сталі “рускімі” па веры. Тады зрабілі яшчэ “дзеянне” — экспансіўныя літоўцы з міжрэчча Нёмана і Вяллі пашырылі сваю ўладу. Потым наступнае “дзеянне” — злучыліся з польскай Каронай. А наступствы гэтай “кармы” вось ужо стагоддзе тлумяць галовы не аднаму шчыраму мысляру. Хіба што кансьюмерысцкая культура ўсіх мірна ўраўноўвае.

Найлепш з такой мазаічнай “кармай” спраўляліся “краёўцы”, іх пазіцыя была найбольш далікатнай. Усіх улічвала, усіх убудоўвала. Але не той быў ужо час. Пасыпалася.

Алесь Мікус

 

Увага! Меркаванне калумністаў не заўжды супадае з пазіцыяй кампаніі "Будзьма беларусамі!"

Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика