22 лістапада ў Музеі беларускай літаратуры сябры і калегі Анатоля Вярцінскага сабраліся, каб павіншаваць паэта з юбілеем. 18 лістапада яму споўнілася восемдзесят гадоў.
“Калі глядзець па гадзінніку, то ўжо адвячорак”, – сказаў пра свой узрост Анатоль Ільіч, але адзначыў, што ўсё ж знаходзіць нагоды для аптымізму.
“Адкрыў я пашпарт і заўважыў тое, на што раней не звяртаў увагі: тэрмін дзеяння – да 2031 года!”, “А вось яшчэ нагода для надзеі”, – паэт паказвае ўдзельнікам сустрэчы купюру ў 100 рублёў, на якой змешчана выява эпізода з балета Яўгена Глебава “Выбранніца” па паэмах Янкі Купалы з лібрэта Анатоля Вярцінскага.
Старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў Алесь Пашкевіч павіншаваў юбіляра вершамі беларускіх паэтаў, якія згадвалі Вярцінскага ў сваіх творах. Свае добрыя зычанні Анатолю Ільічу выказалі супрацоўнікі музея, а таксама Радзім Гарэцкі, Генадзь Бураўкін, Адам Мальдзіс, Леанід Дайнека, Уладзімір Някляў, Леанід Дранько-Майсюк, Эдуард Акулін, Барыс Пятровіч, Міхась Скобла ды іншыя творцы.
Уладзімір Арлоў зачытаў для юбіляра верш нобелеўскага лаўрэата Тумаса Транстромэра, з якім нядаўна сустрэўся ў Швецыі, а Алесь Разанаў у сваё віншавальнай прамове паразважаў пра маральны імперытыў, закладзены ў творах Вярцінскага: “Мы ашукваем і ашукваемся, таму што мы недастаткова ёсць, а Вярцінскі ўмее быць”.
Прэсавая служба Саюза беларускіх пісьменнікаў