На сустрэчы “Як субкультуры дапамагаюць ствараць душу і цела горада?” Алесь Дзянісаў расказаў пра каштоўнасці музыкаў, прычыны заняпаду андэграўнду, каханне і Расію.
Цямнее, людзі ў дворыку пад галерэяй “Крыга” кураць, жартуюць, нехта перабірае кнопкі тэлефона. Як сапраўдны панк, Дзянісаў спазняецца на сваю ж творчую сустрэчу.
— Алесь, давай падыходзь, тут чалавек 70 ужо не дачакалася і сышло, — жартуе ў слухаўку нехта з журналістаў.
Праз пару хвілін з аркі вырульвае сілуэт у спартовай куртцы, блакітнай бейсболцы і з двума футлярамі ў руках: з банджа ды гітарай. “Зараз, пакуру і пойдзем…”
Паслухаць аповеды аднаго з найбольш вядомых нефармальных музыкаў Гародні сабраліся як старыя сябры — 35-гадовыя дзядзькі з выгаленымі іракезамі, так і зусім свежыя, з завушніцамі і без, праколататыя і непраколатыя, патлатыя і не вельмі гарадзенцы.
Пра музыку і каштоўнасці
Мадэратар сустрэчы, якая праходзіць пад мэсіджам “Культура паляпшае жыццё” ад кампаніі “Будзьма беларусамі!”, Хрысціна Марчук пытаецца пра адказнасць музыкі перад слухачом, а таксама пра каштоўнасную пазіцыю, якая выразна прасочвалася прынамсі ў гарадзенскім андэграўндзе 90-х.
“Я, па шчырасці, не разумею, — абураецца Дзянісаў, — чаму музыкаў, якія хоць трошкі сталі вядомымі, пачынаюць запрашаць на розныя ток-шоў, пытацца пра іх меркаванне, рабіць з іх прарокаў, адным словам. Гэта такая ж прафесія, як каваль альбо ахоўнік!”
Дарэчы, Алесь прынцыпова нікога не запрашаў на сустрэчу са сваім удзелам: маўляў, на канцэрт запрасіў бы, а тут чаго прыходзіць?..
“З іншага боку, ёсць прынцыповыя пытанні, па якіх музыка не можа маўчаць, — працягвае Алесь, — Я вельмі рады, што людзі, якіх я паважаў раней — Шаўчук, БГ, Макарэвіч, — выступілі супраць вайны ва Украіне. Напрыклад, Аляксандра Ф. Скляра з гурта “Ва-Банкъ” я і раней не слухаў, а цяпер, пасля яго выказванняў, і зусім ведаць не хачу”.
Дзянісаў прызнаецца, што яго, Стаса Пачобута і іншых музыкаў з “Кальяна” і Devation у 90-я ды нулявыя часта называлі “палітыканамі” акурат за каштоўнасную пазіцыю, якой часам не хапае сучасным гуртам.
Пра бойкі і каханне
“Я не ўмею біцца, — прызнаецца Алесь, — ёсць, напрыклад, футбольныя фанаты. Дык па іх класіфікацыі ў музыцы я — ультрас. Былі, канечне, моманты, калі даводзілася стаяць за сябе. Гопнікі, пасля РНЕ стваралі ўмовы, калі хлопец з доўгімі валасамі альбо праколатымі вушамі рэгулярна сутыкаўся з небяспекай. Цяпер я бачу сотні маладзёнаў у рваных джынсах, з фенечкамі і г.д. — яны нічым не рызыкуюць. У 90-я мы жылі па іншых правілах”.
Адзінства нефармалаў розных катэгорыяў, музыкаў у тым ліку, у 90-я, паводле Дзянісава, было абумоўленае нават не ідэалістычнымі жаданнямі ўсім тусавацца разам, а інстынктам самазахавання ў варожым асяроддзі, якой была постсавецкая Гародня.
Не абышлося ў размове і без лірычна-асабістага.
“Я не спяваў, не спяваю і не ўмею спяваць пра каханне, — усміхаецца Алесь, — трэба займацца каханнем, а не спяваць пра яго (лёгкі смех публікі). Напрыклад, у БГ няма словаў “я цябе кахаю!” у песнях, але з кантэксту ясна, што ён часам спявае пра жанчыну альбо для жанчыны”.
Пра публічныя пляцоўкі, смерць андэграўнду…
“Раней прасцей усё было, — настальгічна ўздыхае Дзянісаў, — напрыклад, замест лістоўкі з тэкстамі, якую трэ падаваць у гарвыканкам для арганізацыі легальнага канцэрта, я перадаваў зборнік вершаў Броўкі — і ўсё пракатвала. Цяпер любы чыноўнік ад ідэалогіі можа забіць маё прозвішча ў пашукавік і паслухаць, пра што я спяваю…”
Пасля зносу клуба “Клетка” — драўлянага барака без вокнаў у парку Жылібера — нефармалы пазбавіліся ці не самай удалай пляцоўкі ў цэнтры горада. Паволі знікалі і нефармальныя месцы правядзення канцэртаў: знакамітае “ДК Грэка”, гаражы “Масалёў”… Нешта “планава” зносілі, кудысьці прыходзіла міліцыя з папярэджаннямі наконт гучнай музыкі, піва і г.д.
“Нам цяжка ўявіць часам, — працягвае Алесь, — што ў Германіі альбо Чэхіі ёсць паняцце “новых сквотаў”: людзі займаюць пусты будынак, рэстаўруюць, плацяць (!) за цяпло, свет і робяць там што хочуць. Напрыклад, паб, канцэрты ладзяць. І гэта не бізнес і не шоў-бізнес — ім проста ў кайф!”
…і візы з півам
Да размовы падключаецца паэт і журналіст Валер Руселік, які “панкаваў” у нулявыя:
“Раней на Савецкай у самым цэнтры горада тусіла па 200 чалавек. З гітарамі, віяланчэлямі.. Ведаеш, Алесь, калі ўсё гэта спынілася? Калі публічна забаранілі піць піва. Людзі не зніклі, проста перацяклі ў камерныя памяшканні. А “душу і цела горада” хто стварае? Той, хто навідавоку, чыя вуліца. Вось і ствараюць яе мянты з туркменамі…”
Дзянісаў у нечым пагаджаецца, часам разгублена хітае галавой.
“Ну і візы, — дадае Валер, — колькі нашых з табой сяброў цяпер у Польшчы, у Швецыі, нават у Бразіліі — лодачкі выразаюць з індзейцамі? Раней жа яны ўсе тут былі, цяжка было з’ехаць… А жыццё нефармальнае ёсць, ёсць кватэрнікі, канцэрты — проста мы з табой пра іх не ведаем. Новы час — новыя людзі”.
Тым часам пад промнямі праектара змяняюць адзін аднаго старыя здымкі: на іх маладыя хлопцы і дзяўчаты з гітарамі ды цыгарэтамі з зубах, у берэтах і кепі, на фоне жоўтай бочкі з квасам, старой абшарпанай замкавай лесвіцы, выцвілых шпалераў і плакатаў з ангельскамоўнымі надпісамі…
Дзянісаву прыходзіць цыдулка з залы: “Заканчивай — и спЕй песню”. Герой вечара бярэцца за гітару: інтэлектуальныя спрэчкі на сёння скончаныя.
Алесь Кіркевіч, фота аўтара