Праца гэтага выканаўцы рызыкуе быць запхнутай у межы бард-року, між тым гэтыя песьні проста абавязаныя гучаць на радыё, яны мусяць ачольваць чарты і атрымліваць усе магчымыя музычныя ўзнагароды.
Андрэй Сянькевіч да гэтага быў вядомы ў менскім андэграўндзе як гітарыст гуртоў Station86 і “Коктейль Шаляпина”. Рэліз з назваю “Мечтатели серых улиц” – ягоны дэбют у якасьці сольнага выканаўцы. Праца сьведчыць, што Андрэю ёсьць што сказаць. І гэтае выказваньне безумоўна вартае ўвагі.
Стылістычна альбом рызыкуе быць запхнутым у межы бард-року, а яго аўтар мусіць быць абавязкова запрошаны на тэлеперадачу“Подых струн”і прайсьці выпрабаваньне ў ёй праслухоўваньнем песьні Анатоля Длускага. У краіне рускага шансону і плястмасавай папсы такая музыка выціскаецца на пэрыферыю. Між тым, Андрэй прапаноўвае прадукт найвышэйшага гатунку. Да бардаўскай песьні, у яе сапсаваным савецкімі геолягамі сэнсе,ягоныя сьпевы ня маюць аніякага дачыненьня. Гэта музыка сучаснага гарадзкога чалавека, зробленая тонка, з пачуцьцём і на нэрве, вось за тым столікам у кавярні на праспэкце Незалежнасьці, на лаве ў парку Горкага, у вагоне мэтро з “Mumford&Sons” у плэеры і гадавым шэнгенам у кішэні. Нешта сугучнае ёсьць у Сянькевіча з альбомам“Адпусьці”гурта BosaeSonca. Летась працу каманды Ката-Зайцава надта нахвальвалі экспэрты, але глябальна яна так нідзе ў публічнай прасторы не прагучала і да масаў не дайшла.
Сянькевіч імкнецца выбрацца з гэтага зачараванага кола і спрабуе разгайдаць сытуацыю, працуючы над падачай і прома. Ён ужо ладзіць невялічкія туры па Радзіме і суседніх краінах, яго сьпеў упрыгожыў фільм “Крок”, які адзначаны на фэсьце Smartfilm-2014 і заліты на “ютубаўскі” акаўнт кампаніі Velcom.
Асабліва ўдала ўсё ўдаецца ў нумарах “Не о том” і, вядома ж, чароўнай песеньцы “Наш час” – безумоўна галоўным гіце альбому. Беларуская мова наогул дапамагае раскрыцца Сянькевічу як паэту-лірыку і як вакалісту. Андрэй гэтую акалічнасьць, падобна на тое, усьведамляе сам, таму рыхтуе цалкам беларускамоўны альбом.
Ідэя: 8
Выкананьне: 9
Тэксты: 8
Запіс: 9
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін