Першы беларус, які быў намінаваны на “Грэмі”, вяртаецца на Радзіму, каб далей граць з улюбёнай камандай IQ48 і пісаць сваю музыку.
Антон, вядомы ў амерыканскім шоў-бізе пад імем Tony Fadd, гэтым разам паехаў у Амерыку на запрашэнне арганізатараў цырымоніі “Грэмі”, дзе ён сёлета намінаваўся як аўтар найлепшай рэп-песні года. Цягам месяца прабывання там беларускі музыка таксама наладзіў шмат карысных кантактаў і ўрэшце пазнаёміўся непасрэдна з рэперам Fetty Wap, які выканаў трэк “Trap Queen”, што прынёс поспех і яму самому, і Антону як аўтару музыкі. Дагэтуль яны трымалі сувязь праз пасярэднікаў. “Мяне вельмі ўразіла цырымонія “Грэмі”, асабліва выступы Кендрыка Ламара, Адэль, а таксама Эліса Купера разам з Джоні Дэпам. Пазнаёміўся з Фэці. Нармальны хлопец! Пра Беларусь ён мяне не пытаў, бо геаграфіяй не асабліва цікавіцца. Затое пагутарылі наконт далейшых планаў аб супрацы ды абмяняліся кантактамі”, – сказаў Антон у каментары для Budzma.by
З поспехаў беларуса за мяжой таксама можна вылучыць супрацу з зоркамі эма-панку Fall Out Boy. Яны выдалі альбом “Make America Psycho Again”, куды ўвайшлі перапрацоўкі песень з іх арыгінальнага альбома “American Beauty/American Psycho”, запісаныя з запрошанымі гасцямі. Антон зрабіў два аўтарскія рэміксы на песні “Аmerican Psycho” i “Favourite record”, які выканаў амерыканскі хіп-хоп выканаўца ILoveMakonnen.
У Мінск з Лос-Анжэлеса Антон вяртаецца 2 сакавіка. Ён працягне рыхтаваць новы альбом з гуртом IQ48, дзе грае на бубнах, а паралельна займацца сольнай творчасцю. Наступныя свае замежныя рэлізы ён пакуль не анансуе, але ўпэўнівае, што матэрыял напрацаваны вельмі цікавы.
Сяргей Будкін