«Хобіт: Бітва пяці войскаў»
(Новая Зеландыя, ЗША, 2014)
Жанр: фэнтэзі, прыгоды
Працягласць: 144 мін.
Рэжысёр — Пітэр Джэксан (трылогіі «Хобіт», «Валадар пярсцёнкаў»).
У ролях: Марцін Фрымэн, Ен Мак-Келен, Эванджэлін Лілі, Рычард Армітыдж, Люк Эванс, Лі Пэйс, Арланда Блум, Бенедыкт Камбербэч, Кейт Бланшэт, Крыстафер Лі.
Прэм’ера ў Мiнску: 11 снежня 2014.
Калі ўражанне ад заключнай часткі трылогіі “Хобіт” перадаць ёміста, то выглядаць гэта будзе прыкладна так:
Смерць бургамістра (Стывен Фрай) — бадай, самая сімвалічная ў фільме
Але Смаўг літаральна знішчыў Азёрны горад і амаль палову яго насельніцтва сваім полымем, а сам загінуў ад стралы лучніка Барда. Вестка аб яго смерці хутка абляцела Міжзем’е, таму пад Самотнай гарой збіраюцца эльфы і людзі, якія патрабуюць у Торына сваю частку скарбаў Смаўга.
У дадатак набліжаюцца войскі оркаў і варгаў, якім загадана захапіць гару — важны стратэгічны аб’ект.
Тым часам шчаслівыя ўладары скарбу зусім не шчаслівыя. Торын, іх кароль і гаспадар, паступова з’язжае з глузду ад беспаспяховых пошукаў Аркенстана (галоўная каралеўская каштоўнасць гномаў). Ён не жадае і слухаць пра кампрамісы, свае абяцанні ды яшчэ кліча на дапамогу войска гномаў з Жалезных гор. Усе супраць усіх у барацьбе за незлічонае багацце, і толькі адзін маленькі хобіт паспрабуе прымірыць людзей, гномаў і эльфаў.
Як заўсёды, падзеі адбываюцца на фоне велічных краявідаў
Дарэчы, грае Марцін Фрымэн, як і ў папярэдніх стужках, бездакорна, але гэтым разам асноўная роля належыць Рычарду Армітыджу. “Драконавая хвароба” Торына — гэта сапраўдны рэверанс савецкаму “Івану Грознаму” Сяргея Эйзенштэйна. Цяжкая барацьба са спакусай багаццем і ўладай, візуальнае адлюстраванне гэтага ўнутранага намагання займае шмат экраннага часу і па сутнасці робіцца цэнтрам сюжэту.
Як тут не прыгадаць класічную цытату з фільма Марка Захарава “Забіць дракона”:
“Ну зразумейце ж, ён тут (паказвае на галаву); я зараз прымушу кожнага гэта зразумець і забіць дракона… у сабе! Вы разумееце?! У сабе!”
Як той Ахіл у Гамера, Торын змагаецца сам з сабой пад час грандыёзнай бітвы. Аднолькавыя гномы, оркі, людзі гінуць натоўпамі ад аднаго-двух удараў, каб стаць велічнай дэкарацыяй для подзвігаў і паядынкаў некалькіх герояў. Пастаўлена ўсё бездакорна і вельмі прыгожа, без лішняга натуралізму. Хоць і без некаторых умоўнасцяў не абышлося.
Каб трохі разбавіць змрочную стужку гумарам, у кадры мільгаюць каларытныя ездавыя жывёлы: лось, горныя бараны, ваўкі, зайцы ці баявы гномаў дзік. Алфрыд, былы прыслужнік Бургамістра, таксама час ад часу сваімі выхадкамі дае зале нагоду пасмяяцца.
Аддаючы належнае Пітэру Джэксану, чалавеку, які асмеліўся і змог перанесці самае эпічнае фэнтэзі на вялікі экран, нельга не заўважыць, што пастаноўка маштабных баталій у яго атрымліваецца ў разы лепей за драматычныя сцэны. Гэта асабліва кідаецца ў вочы менавіта ў “Хобіце”. У свой час толькі той, хто не меў інтэрнэту, не кпіў з кінатрылогіі, якую здымалі па маленькай аповесці.
Што там дылогію! І аднаго фільма хапіла б. А так мы вымушаныя глядзець на любоўныя перыпетыі гнома і эльфійкі, якія прыдумаў сам Джэксан, на знаёмых па “Валадару пярсцёнкаў”, але лішніх тут персанажаў. Зразумела, што для маркетынгу з’яўленне Легаласа ці Галадрыэлі — справа добрая, але неабавязковасць і ненатуральнасць іх сюжэтных ліній крыху псуе і ўражанне ад фільма, і тэмп стужкі.
І гэта пры тым, што пярэваратню Беарну, які, бадай, уратаваў герояў ад арды оркаў, адвялі ўсяго… дзве секунды. Ці велічная сцэна пахавання Торына, якой не было зусім.
У свой час «Вяртанне караля» лаялі за дзясятак фіналаў, праз якія фільм ніяк не мог завяршыцца. У «Бітвы» ж праблема адваротная — яна рэзка заканчваецца адразу ж пасля пабоішча. Не хапае ўрачыстай сцэны, якая б растлумачыла: як падзялілі багацце Смаўга, куды знік Аркенстан і хто ўзначаліў гномаў. Будзем спадзявацца, што пашыраная рэжысёрская версія гэтыя недахопы выправіць.
Фільмы Джэксана не адыходзяць па настроі ад сваёй першакрыніцы — аповесці Толкіна “Хобіт, або Туды і назад”. У Прафесара дзіцячая казка пад канец ператварылася ў класічны эпас, таму і “Бітва пяці войскаў” расчаравала тых, хто зноў хацеў далучыцца да вясёлых прыгодаў з пошукамі вялізнага скарбу, прыгожымі эльфійкамі ды адданымі сябрамі. Фільм атрымаўся глыбокім, жорсткім і неверагодна відовішчным.
Як ні круці, але завяршылася яшчэ адна кінаэпоха. Міжзем’е ў грандыёзным праекце Пітэра Джэксана — гэта пятнаццаць гадоў вытворчасці і васямнаццаць гадзін экраннага часу.
Напэўна, і словы тут непатрэбныя: лепш проста зняць капялюш.
У Мінску фільм “Хобіт: Бітва пяці войскаў” можна паглядзець у кінатэатрах да 4 лютага (у Палацы Рэспублікі (3D-кіназала) і Сільвер Скрын / Silver Screen).