Беларускі арнамент – гэта не алфавіт, каб з яго сімвалаў рабіць розныя камбінацыі і атрымліваць нешта кшталту новага паведамлення.
“Ён ужо даўно склаўся як культурны артэфакт, і немагчыма выкарыстоўваць яго без кантэксту і надаваць яму пэўнае значэнне”, – тлумачыць сябра СЭТ Наста Глушко.
Яна перакананая: ніхто не кажа, што мы павінныя бачыць яго толькі на ручніках. Але варта хоць на секунду задумацца, у якім кантэксце ён існуе, каб пасля зразумець, дзе яго можна яшчэ скарыстаць.
“Вось цяпер мы бачым крышачку бязглузды падыход да арнаменту. Яго разадралі на кавалачкі і пачынаюць выкарыстоўваць як асобныя самастойныя часткі. Калі з нас вырваць сэрца, пакласці на талерачку і сказаць, што яно можа і так функцыянаваць, будзе тое самае, але гэта ж не магчыма”, – адзначыла яна.
Ды і ўвогуле арнамент выкарыстоўваць як адзнаку беларуса не варта. “Гэта такая старажытная рэч, што існуе нават па-за гісторыяй ці тэрыторыяй, – падкрэсліла Наста. – І менавіта беларускасць арнаменту дыктуе кантэкст: колер, месца размяшчэння, сэнс, які ў яго ўкладалі носьбіты”.
А вось нейкі знак на адвольны месцы – гэта дызайнерскі прыём, але ніякага сакральнага сэнсу ён не мае. “Скажу адразу, мне не падабаецца праца “Шумы”. Яны спрасцілі ідэю і вывелі яе на дылетанцкі ўзровень”, – кажа Глушко.
На яе думку, чытаць арнамент могуць не ўсе, як не ўсе могуць лячыць людзей ці кіраваць дзяржавай: “Яго трэба разумець, прачытаць нібыта па літарах нельга, як тэкст ці ноты. Бо гэта не настолькі ўніверсальныя знакі”.
Вядома, на кашулях ды ручніках мы бачым паганскія сімвалы, бо арнамент з’явіўся яшчэ ў дарэлігійныя часы. Але, на вялікі жаль, шмат інфармацыі пра яго страчана.
Калі разглядаць утварэнне гэтай з’явы, то там усё проста на агульначалавечым узроўні. “Тыя ж самыя зорачкі, васьмірогі, якія сталі ў 90-я сімвалам беларускага адраджэння, ёсць ва ўсім свеце, – падкрэсліла Наста. – Ёсць яны ў туркаў, афрыканцаў, нават у Паўднёвай Амерыцы. У нас ён абазначае агонь альбо чалавека. І ў іх сэнс можа быць той самы”. “Тыя ж самыя зорачкі, васьмірогі, якія сталі ў 90-я сімвалам беларускага адраджэння, ёсць ва ўсім свеце, – падкрэсліла Наста. – Ёсць яны ў туркаў, афрыканцаў, нават у Паўднёвай Амерыцы. У нас ён абазначае агонь альбо чалавека. І ў іх сэнс можа быць той самы”.
Сувенірныя шкатулкі паўночнаамерыканскіх індзейцаў.
Любая старажытная культура можа пахваліцца тым, што яе арнамент ідэнтычны. Мяняецца толькі колер і месца выкарыстання. “У нас, на прыклад, зорачкі вышываюць толькі ля каўняра мужчынскай кашулі. Калі на жаночай, то на фартухах ці рукавах – гэта ўжо пажаданне мець дзяцей, нарадзіць новых чалавечкаў. А мужчыну проста маркіруюць – гэта чалавек”.
Марыя Грыц