Тэрыторыя невядомасьці заходнебеларускага мастацтва ўчора скарацілася прынамсі на аднаго аўтара. Гэта адбылося дзякуючы выставе “Ars incognita”, якая адкрылася ў акадэмічным Інстытуце этнаграфіі, мастацтвазнаўства і фальклёру. У яе экспазыцыі, прысьвечанай 70-годзьдзю ўзьяднаньня Заходняй і Ўсходняй Беларусі, прадстаўленыя творы сямі мастакоў Віленскай мастацкай школы.
Імя Паўлы Южыка, як, зрэшты, і ягоныя творы, было невядомае да гэтай выставы нават мастацтвазнаўцам. Арганізатарам “Ars incognita” яго падказаў літаратуразнаўца Арсень Ліс і назваў людзей, у чыіх прыватных зборах захоўваюцца карціны гэтага заходнебеларускага жывапісца. Гаворыць адзін з арганізатараў выставы мастак Уладзімер Крукоўскі:
“Адкрыцьцё гэтага году — гэта Павал Южык. Не мастакі яго адкрылі, а адкрыў яго ў свой час Арсень Ліс. Але мы сёлета езьдзілі на яго радзіму, езьдзілі ў Смаргонь, паглядзелі ягоныя творы ў прыватных руках, у людзей, што называецца. І чатыры яго творы выставілі тут”.
Сярод гэтых чатырох ёсьць рэч абсалютна ўнікальная. Гэта партрэт ягонага бацькі Тамаша, які быў апошнім садоўнікам у Агінскіх у Залесьсі. Гэта прыжыцьцёвы партрэт, ён датуецца 1898 годам. Тэкст цалкам