Штотыднёвы агляд выставаў, творчых праектаў, мастацкіх акцый, у якім расказваецца, дзе і чаму мусіць пабываць (“must be”) кожны з нас. 7 культурных падзей, 7 нагодаў выкарыстаць вольны час на карысць свайго інтэлекту, псіхікі і цела. А таксама ўнікальная магчымасць пазнаёміцца або развіртуаліцца з самымі неардынарнымі асобамі творчага свету і быць у самым цэнтры крэатыву.
26 чэрвеня ў галерэі сучаснага мастацтва “Ў” адкрылася выстава НЕдзіцячага малюнка Міхаіла Гуліна. Звярніце ўвагу на тое, што асобам да 18 гадоў уваход забаронены! Рэпартаж з адкрыцця глядзіце тут.
З 26 траўня па 8 чэрвеня будзе працаваць фотавыстава Артура Гапановіча «Неполное собрание сочинений» у галерэі Народнага фотаклуба «Мінск» (вул. Казлова, 2, уваход са двара, працуе штотыдзень, чацвер-пятніца з 18.00). Вы зможаце павучыцца ў майстра бачыць надзвычайнае і прыгожае ў тым, што нашае замуленае вока прапускае падчас штодзённага шпацыру ў ВНУ ці на працу. На прыкладзе Артура вы ўпэўніцеся, што неабавязкова мець мастацкую адукацыю і прафесію, каб быць мастаком і прафесіяналам.
25 траўня ў холе кінатэатра «Цэнтральны» было адкрыццё выставы «Абсолютная влажность». Сумесная фотавыстава аб’яднае ўдзельнікаў Калінінградскага фотаклуба і Каўнаскага фотаклуба «KTU-FOTO studija». Тэмай, якая аб’яднала творы прыбалтыйскіх аўтараў, стала фотаадчувальнае вымярэнне вільгаці ў целе чалавека і ў прыродзе. У сваіх пошуках фатографы параўноўваюць сябе з вожыкам у тумане, які бачыць наваколле крыху размытым і шэрым.
Паспяшайцеся наведаць Музей сучаснага выяўленчага мастацтва. Да 11 чэрвеня тут можна ўбачыць гумарыстычныя творы шведскіх і беларускіх карыкатурыстаў пад назвай “Сам-насам з кліматам”. Вас чакаюць пачастункі са шведскага стала, гасцінна накрытага Вольгай Сазыкінай. А з дапамогай каталога, якія можна атрымаць бясплатна, вы даведаецеся пра аўтарскі склад праекту, а таксама тое, якімі спосабамі ратуюць нашую экалогію мастакі.
Калі ж вам не хочацца ўспрымаць усур’ёз пагрозу глабальнага пацяплення або вучыцца эканоміць паперу, вы можаце пайсці адразу ў вялікую залу музея. У ёй дэманструюцца творы сучаснага польскага жывапісу на прыкладзе работ вучняў Акадэміі мастацтваў горада Катавіцы.
Магчыма, вы не аматар абстрактнага жывапісу і даляравых банкнотаў, перапэцканых фарбай, затое любіце тэатр. Тады вам у хол музея, дзе экспануюцца працы Андрэя Васілеўскага ў жанры падарожных фотазанатовак “За кулісамі польскага тэатра”.
1-3 чэрвеня школа фатаграфіі правядзе лекцыі і майстар-класы з удзелам супрацоўнікаў часопіса National Geographic. Фатограф і фотарэдактар часопіса Сара Лін і крэатыўны дырэктар Біл Мар правядуць тэматычны майстар-клас і партфоліа-рэвю для студэнтаў школы. Нагадаем, у 2009 годзе пад эгідай National Geographic выйшаў турыстычны дапаможнік пра Беларусь, праілюстраваны фотаздымкамі Юліі Дарашкевіч. Магчыма, гэты семінар стане чарговай магчымасцю для маладых беларускіх фатографаў засвяціцца на старонках знакамітага выдання. Усе ахвотныя змогуць наведаць адкрытую лекцыю, якая адбудзецца 1 чэрвеня ў Інстытуце журналістыкі БДУ (пачатак у 11.40, аўд. 308) і падаць заяўку на ўдзел у гэтых мерапрыемствах. Падрабязнейшы расклад глядзіце на photoscope.by
Алеся Раманюк