Віцэ-чэмпіён Беларусі сярод прафесіяналаў па муай-тай, пераможца Кубка Еўропы, баец клуба “Патрыёт” і вядомы дзіцячы трэнер Артур Янчанка распавёў нам, як выхаваць з хлопчыка сапраўднага мужчыну, чаго баяцца сучасныя дзеці і дзеля якой дзяўчыны яму захочацца дастаць з неба зорку.
Чаму плачуць хлопцы?
На трэніроўках вучні часам плачуць, бо бокс — гэта вам не шахматы, тут часта можна атрымаць у нос. Але плачуць яны не так ад болю, як ад таго, што іх нехта перамог. Для мужчынскага гонару гэта, бадай, самае цяжкае. Да нас у клуб хлопцы прыходзяць, каб зрабіцца мужчынамі і загартаваць свой характар. Любы спорт — гэта дысцыпліна і пастаяннае пераадольванне сябе. Часта адзінаборствамі пачынаюць займацца дзеці, у якіх з розных прычынаў не вельмі добра складваюцца адносіны з аднагодкамі. Памятаю, аднойчы бацька вучня мне так і сказаў: “Да нас у клас прыйшоў каратыст і ўсіх крыўдзіць. Дапамажыце”. Таксама ў мяне займаецца яшчэ адзін хлопчык. Бацькі адразу папярэдзілі: “Наш сын — тонкай душэўнай арганізацыі. Займаецца народнымі танцамі, грае на гітары, яшчэ камп’ютарныя курсы наведвае”. “Што ж такое? — думаю я. — Пэўна, там класічны божы дзьмухавец, анёлак”. А ён аказаўся такім шкодным. На трэніроўках яго трэба пастаянна кантраляваць і накіроўваць, каб не ленаваўся. Бацькі ў хлопца вельмі інтэлігентныя. Нават яны мне кажуць: “Калі ласка, будзьце з ім больш жорсткім”.
“Перамажы сябе, тады ты пераможаш усіх”
Страх перад боем не так лёгка перамагчы. Таму я вучу сваіх вучняў: “Перамажы сябе, тады ты пераможаш усіх! Чым скончыцца бой — не самае галоўнае, галоўнае — каб ты паказаў усё, на што здольны. Моцнаму і больш дасведчанаму саперніку не сорамна прайграць. Альбо ты праяўляеш характар, альбо загадзя саступаеш, і тады невядома, што будзе далей. Нашае жыццё — гэта суцэльнае пераадольванне сябе! Прасцей за ўсё адмовіцца ад сваёй мары і нічога не рабіць” .
“Не будзь у душы карлікам”
Перш-наперш ты павінен загартаваць свой характар, каб потым правільна выхоўваць сваіх дзяцей. Бо калі ты сам слабы, то і твае нашчадкі, хутчэй за ўсё, будуць такімі ж. І фізічныя асаблівасці тут ні пры чым. Можна быць ростам пад два метры і дужым ад прыроды, але ў душы — карлікам. Бо такому мужчыну з дзяцінства ўсё лягчэй давалася: не трэба было праяўляць характар, каб усе баяліся і паважалі. І чалавек пачынае ленавацца. У выніку пры наяўнасці мужнай знешнасці з яго вырастае баязлівец.
Гэта цудоўна, калі бацька сваім прыкладам вучыць сына мужнасці і здароваму ладу жыцця. Напрыклад, яны часам разам ходзяць на трэніроўкі ў спартовы клуб. Мая асабістая парада: калі ў вас з дзецьмі з нейкіх прычынаў пачаліся непаразуменні і канфлікты, проста пачніце разам займацца спортам: фітнэс, бокс — што заўгодна! Новая атмасфера дапаможа вам наладзіць узаемаадносіны. На жаль, сёння не ўсе беларусы могуць сабе гэта дазволіць. У першую чаргу з фінансавых прычынаў. Сярэднестатыстычнаму мужчыну трэба шмат працаваць, каб пракарміць сям’ю, і на спорт можа проста не застацца часу і сіл.
“У цябе няма крутога тэлефона, ды хто ты такі?”
Бацькавым рэменем сучасных дзяцей ужо не спалохаеш. Нашмат больш дзейсным метадам выхавання сёння ёсць часовая забарона на камп’ютарныя гульні ці інтэрнэт. Я мяркую па сваіх вучнях: толькі падчас трэніроўкі яны забываюць пра мабільныя тэлефоны. Маё дзяцінства прыпала на 90-я гады. Тады, каб цябе лічылі крутым, ты мусіў быць здольным пастаяць за сябе. Калі да нас ў школу, напрыклад, прыходзіў новенькі, мы правяралі яго на мужнасць — выклікалі на бойку. А цяпер апошняя мадэль мабільніка — гэта паказнік крутасці. “У цябе няма крутога тэлефона, ды хто ты такі? Не буду з табою размаўляць і не зафрэнджу ў сацсетках”, — на жаль, прыкладна так разважаюць сёння падлеткі. І ў гэтым няма нічога дзіўнага. Гэта проста іншае пакаленне. Яны бачаць, што рукамі на якім-небудзь заводзе ты шмат не заробіш, а IT-сфера ў нашай краіне прыносіць вялікія грошы.
“Я — строгі трэнер”
Я — строгі трэнер, пра што загадзя папярэджваю вучняў: у мяне не пагультайнічаеш. Калі я бачу, што хтосьці лянуецца, магу і выгнаць з трэніроўкі ці загадаць аджацца разоў сто. Зразумела, хлопец столькі не выканае, але хай зробіць 50, адчуе свае сілы, пераадолее сябе і стане мацнейшым. А яшчэ я пільна сачу за паспяховасцю сваіх вучняў у школе. У канцы кожнай чвэрці яны прыносяць мне дзённікі з адзнакамі. Яны не змогуць вечна займацца спортам, таму павінныя ўжо з дзяцінства клапаціцца пра сваю будучыню. Моцны чалавек будзе моцным усюды. У цябе ёсць час да гонга і пасля яго. Ты тыднямі рыхтаваўся да гэтага бою. Ты не ідзеш плаваць, гуляць у бадмінтон, ты — баксёр і ідзеш біцца, каб адстаяць гонар свайго трэнера, клуба, сям’і, краіны… Калі ты здольны прайсці праз такія перашкоды, то чаму не можаш крыху напружыцца і добра выканаць заданні па матэматыцы ці геаграфіі? У мяне, напрыклад, займаюцца хлопцы-азербайджанцы. Можа, ім беларуская мова і не спатрэбіцца, але яны выказваюць павагу да свайго трэнера, проста павітаўшыся на роднай для яго мове.
Байцоўскі ген
Бацькі рана развяліся, і маім выхаваннем займалася маці. Яна вельмі мужная жанчына і ў свой час прайшла праз шмат выпрабаванняў. Сваім прыкладам маці навучыла мяне, што трэба заўсёды праяўляць характар і змагацца да апошняга. Самае цікавае, што менавіта яна прывяла мяне ў секцыю адзінаборстваў.
Мой прадзед з бацькавага боку працаваў намеснікам галоўнага ветэрынара па Мінскай вобласці. У 1938 годзе яго арыштавалі нібы за падзеж быдла і адправілі ў ГУЛАГ. Толькі ў канцы 50-х яго рэабілітавалі, і ён змог вярнуцца дадому. Гэта быў вельмі мужны чалавек. Жыў з адным лёгкім, якое страціў яшчэ ў маладосці, калі яны з сябрамі правяралі сябе на мужнасць: білі адзін аднаго моцна ў грудзі і глядзелі, наколькі кожны можа трымаць удар. Менавіта падчас такога выпрабавання мой прадзед моцна пашкодзіў сабе лёгкае. А яго жонка, мая прабабуля, працавала дырэктарам ювелірнай крамы. Падчас вайны яна стала падпольшчыцай і дапамагала ратаваць людзей. Яе схапілі фашысты і расстралялі. Іх сын, мой дзед, скончыў мараходку і шмат павандраваў па свеце. А мамін дзед меў вялікую гаспадарку. Пасля далучэння Заходняй Беларусі да СССР яго раскулачылі. Яму цяжка было знайсці сябе ў новых рэаліях, бо ён не хацеў працаваць на ўладу, якая ў яго ўсё адабрала. Але прадзед сустрэў маю прабабулю, якая мела моцны характар і вярнула яго да жыцця. Усе мае продкі мелі моцны дух. І я буду імкнуцца так выхоўваць сваіх дзяцей, калі яны ў мяне з’явяцца.
Жанчыны забіваюць у мужчынах матывацыю
Жанчына грае вялікую ролю. Мужчыны здзяйсняюць свае подзвігі не дзеля іншых мужчын жа. Апошняе дзесяцігоддзе асаблівым попытам сярод мужчын карыстаюцца гламурныя дзяўчаты. Ну не дзеля сябе ж яны іх заводзяць? А каб прадэманстраваць іншым свой статус: у мяне дарагі тэлефон, машына, дзяўчына… У сучасным грамадстве важна не тое, што ты насамрэч уяўляеш з сябе, а што ты сфатаграфаваў і выклаў у сацсеткі. Вось так людзі адно аднаго і падманваюць. Адзін з маіх вучняў на сайце знаёмстваў пазнаёміўся з вельмі прыгожай дзяўчынай. Дамовіліся сустрэцца каля кавярні. “І тут я разумею, што ідзе зусім не тая дзяўчына, якую я бачыў на фотаздымках, — распавядаў ён мне пасля сустрэчы. — Я забягаю ў кавярню і наўпрост крычу: “Дзе ў вас тут запасны выхад?” Я яго паспрабаваў суцешыць: “Навошта ты так? Можа, трэба было спачатку пазнаёміцца, пагутарыць?” А ён у адказ: “Навошта? Я сумленна выклаў свае фотаздымкі, а яна мяне адразу падманула…” Вось такія смешныя гісторыі часам здараюцца.
Самая галоўная праблема ў сучасных стасунках у тым, што жанчыны забіваюць у мужчынах матывацыю. Яны не хочуць дапамагаць нам рухацца далей і мараць адразу сустрэць паспяховага і крутога прынца. Таму і мужчыны не хочуць нечага дасягаць, бо няма для каго. Калі побач з табою дзяўчына, якая кажа: “Мне неістотна, хто ты цяпер, для мяне ты заўсёды будзеш найлепшым!”, для такой дзяўчыны хочацца здзяйсняць подзвігі і даставаць зорку з неба.
“Бібліятэкі праз пэўны час перагоняць па папулярнасці фітнэс-клубы”
Галоўны рухавік сучаснасці — модныя трэнды. Мы самі не заўважаем, як намі тонка маніпулююць. У многіх няма грошай на ежу, але яны будуць галадаць, каб мець модны айфон, бо баяцца, што без яго іх не будуць успрымаць у сур’ёз. Тое ж тычыцца і павальнай моды на фітнэс, якая прыйшла некалькі гадоў таму, і ўсе адразу сталі такімі спартовымі і з гонарам выкладаюць свае фотаздымкі ў сацсеткі. Я глыбока перакананы, што, як усялякая мода, яна праз пэўны час пойдзе на спад. А ў трэндзе будуць перш за ўсё разумныя хлопцы. І ўсе адразу кінуцца ў бібліятэкі, якія стануць такім жа модным і тусовачным месцам, як сённяшнія фітнэс-клубы.
Ліна Мілаш
Фота Аляксандра Ждановіча