Гук палівалак на пустым стадыёне “Трактар” увечары 30 жніўня запланавана перакрыла музыка санкт-пецярбургскага спевака Асаі і яго бэнда, якія выступалі на тэрасе DJ-бара “Shelter”. Абмежаваная колькасць квіткоў на мерапрыемства была раскупленая задоўга да канцэрту, і публіка на невялікай прасторы пад адкрытым небам з цяжкасцю вырашала, слухаць улюблёнага выканаўцу седзячы, каб было бачна ўсім, альбо стоячы, каб мець магчымасць прытанцоўваць.
Пераасэнсаваны матэрыял выканаўцы цяпер усё больш нагадвае меладэкламацыі, але прыхільнікі беспамылкова пазнаюць улюблёныя песні па першых радках і дзе-нідзе па пакінутых клавішных проігрышах. Старыя хіты пачатку двухтысячных і музычныя ўдачы апошніх альбомаў гучаць канцэптуальна маналітна, і ўсё меней і меней нагадваюць пра рэп. Зрэшты, уласна рэпераў на канцэрце амаль і не было заўважана – асацыятыўны шэраг пуантылістычнай лірыкі Асаі збірае іншую публіку.
Пра Беларусь і Асаі апошнія пару гадоў згадвалася ў сувязі з яго мінскім канцэртам двухгадовай даўніны, калі спявак у час выканання песні “Столько жизни” падставіў у тэкст прозвішча беларускага прэзідэнта (што выклікала фурор у прысутных), праз што на год ці то трапіў ці то не – у хітры беларускі “чорны спіс” выканаўцаў.
фота – Аляксандр Ждановіч