Не прайшло і паўгода, як Асаі зноў завітаў у Мінск і зноў сабраў поўны RE:Public прыхільнікаў. Праўда, таго, што адбылося на сцэне, не чакаў ніхто.
Увогуле пра стыль Асаі можна разважаць бясконца, а на яго канцэрты хутчэй прыходзяць слухачы, чым аматары пакаўбасіцца пад сцэнай. На іх пануе нейкі незразумелы (у добрым сэнсе гэтага слова) сум і спакой. Ніякага драйву, у цэнтры увагі – своеасаблівая манера выканання і голас артыста, эмоцыі… Карацей, проста казка для ўсіх самотнікаў.
Але гэтым разам замест звыклага складу Асаі Music Band – дыджэй з кампутарам, набітым віртуальнымі сінтэзатарамі, і сам выканаўца, які не адрываецца ад кантролера. Здавалася б што такога?
Здавалася б, усё тыя ж знаёмыя радкі з песняў, якія публіка ведае на памяць, няважна, “Южные сны” гэта з часоў Krec ці “Проснись” з апошняга альбома “ОМ”, але ты ўжо не разумееш, што адбываецца. Электронныя аранжыроўкі змяняюць знаёмыя сэмплы настолькі нечакана, што калі раптам выстрэльвае дабстэп, замест здзіўлення ўзнікае незразумелая задуменнасць: што ж адбываецца? У выніку нават “Антон” робіцца ўжо зусім не родным і не знаёмым. Бачна, як хтосьці з самых шчырых фанатаў не вытрымлівае і вырашае збегчы туды, дзе можна супакоіцца і проста паслухаць у плэеры знаёмыя песні такімі, якімі яны існуюць у запісах. Але большасць яшчэ тут: яны падымаюць шум і як мага гучней падтрымліваюць.
З іншага боку ва ўсяго гэтага ёсць станоўчы бок. Электроніка і эфекты надаюць гэтым песням глыбіні, яны падкрэсліваюць іх касмічнасць. У любым выпадку ты атрымліваеш самую каларыйную порцыю новых эмоцый. Не кожны выканаўца можа здзівіць, асабліва здзівіць так нечакана.
Хіба хто-небудзь чакаў на мінулым канцэрце, што летуценнік Асаі прапануе беларускаму прэзідэнту адправіцца ў пекла? Такое хіба нашыя “Ляпісы” змогуць заваліць, расійскія выканаўцы хутчэй пажартуюць па КВЗшнаму. Гэта, безумоўна, запомнілася, таму гэтым разам выканаўца не паўтараецца ды аддае права выплеснуцца самім людзям: ён проста працягвае мікрафон у бок залы і пасля толькі просіць у прыпеве: “Мистер Лукашенко, обнимите свой народ…” І зноў зрывае авацыі.
Гучыць яшчэ некалькі эксперыментаў. Што-што, а “Мэлані” пад дабсэп і прамы біт сапраўды выглядае моцна. І, безумоўна, на завяршэнне – “Художник”, на сёння, відаць, найбольш пазнавальны ў музычным плане. Пасля чаго, згадаўшы, як мінулым разам яго некалькі разоў клікалі на біс, Аляксей шчыра дзякуе усім, хто прыйшоў, падкрэсліўшы, што мінская публіка самая шчырая.
Але яны зноў клічуць яго на сцэну. У клубе робіцца сапраўды вельмі гучна, калі Асаі з’яўляецца на сцэне з сынам. “Это Лев, у него сегодня день рождения…” І гэта выглядае сімвалічна, як напамін пра тое, што музыка, якая гучала сёння, – гэта не даніна модзе, а ахвяраванне сапраўднасці. Тут сёння нарадзіўся новы Асаі, якога публіка таксама не жадае адпускаць. Робіцца відавочна, што гэта не першы выхад на біс у гэты вечар.
Тэкст: Юрась Вялевіч, budzma.org.
Фота: lifesound.by