This movie requires Flash Player 9
08.03.2017 | Гісторыя Грамадства

Асцярожна, злыя жанчыны (комікс да 8-га сакавіка)!

Сто гадоў таму думка пра тое, што жанчыны могуць мець права голасу на выбарах, выклікала ў большасці мужчын бурныя эмоцыі. Лічылася, што месца жанчыны дома, і нават калі яна працавала на фабрыцы ці заводзе, яна ўсё адно заставалася захавальніцай хатняга ачага, то бок мусіла ў дадатак да поўнага працоўнага дня адпрацаваць яшчэ змену дома. Сёння, 8 сакавіка, я прапаную ўспомніць нават не пра тое, як жанчыны змагаліся за свае правы, перадусім за права голасу на выбарах, а пра тое, як мужчыны гэтаму супраціўляліся. Гісторыю гэтага супраціву можна цудоўна прасачыць на паштоўках, якія проста і наглядна тлумачылі, чаму жанчынам ну ніяк нельга дазволіць галасаваць.

Галоўныя гераіні паштовак — суфражысткі, удзельніцы масавых рухаў канца ХІХ — пачатку ХХ ст. за выбарчыя правы жанчын як базавыя палітычныя правы чалавека.

Подпіс зверху: “Працуюць усе, апроч маці, бо яна суфражыстка”

Подпіс знізу: “Я хачу галасаваць, але жонка мне не дазваляе”

 

Як бачна, мужчын у пачатку ХХ ст. страшэнна палохала, што ім давядзецца выконваць хатнюю працу, калі жанчыны атрымаюць права голасу. Мужчына, які выхоўвае дзяцей, здаваўся ў тыя (ці толькі ў тыя?) часы праціўнікам руху за жаночыя правы кімсьці накшталт святога.

 

Подпіс знізу: “Суфражысцкая Мадонна”

 

Мужчыны не задумваліся, што ўсё тое, чаго яны так баяцца, жанчыны робяць кожны дзень, прычым многія з іх — пасля цяжкага працоўнага дня.

 

Подпіс зверху злева: “Таты, звярніце ўвагу — праць кашулі трэба ў мыльным растворы”

Подпіс зверху справа: “Працоўныя гадзіны мужа — з 3 ранку да 12 ночы. Панядзелак — пранне. Аўторак — цыраванне. Серада — прыборка. Чацвер — чыстка падлог шчоткай. Пятніца — пакупкі. Субота — розная праца. Нядзеля — яшчэ больш працы”

Рэпліка жанчыны: “Так! Мой стары — лянівы паскуда!”

Подпіс знізу: “Калі жанчыны галасуюць”

 

Аўтар гэтай паштоўкі спрабуе ўявіць, што будзе, калі ён памяняецца са сваёй жонкай месцамі, — і гэта яму яўна не падабаецца.

Подпіс зверху: “Паходжанне і развіццё суфражысткі”

“У 15 — маленькая ўлюбёнка. У 20 — маленькая какетка. У 40 — сіняя панчоха. У 50 — суфражыстка”

Подпіс знізу справа: “Галасы жанчынам”

 

Каб такога ніколі не здарылася, жанчын трэба было добра напалохаць і растлумачыць, што правамі жанчын займаюцца толькі тыя, каго ніхто не любіць.

 

Подпіс: “Ніхто мяне не любіць — пайду ў суфражысткі”

 

Прычым напалохаць жанчын трэба ў як мага маладзейшым узросце.

 

Подпіс зверху: “Месца жанчыны — у яе доме”

Подпіс на сцягу і на стужцы: “Галасы жанчынам”

 

Як рашуча хлопчык указвае дзяўчынцы яе месца!

 

Подпіс: “Вось што я зрабіў бы з суфражысткамі”

 

Жанчыны, якія пратэставалі і патрабавалі роўных правоў, часта траплялі ў турму, а калі яны ладзілі там галадоўкі, іх гвалтам кармілі з дапамогай прыстасаванняў, што ўжываліся ў вар’ятнях. Калі верыць гэтай паштоўцы, асобныя праціўнікі жаночага руху былі б не супраць пайсці яшчэ далей.

 

Подпіс: “Самы просты спосаб дабіцца права голасу для суфражысткі”

 

Навошта жанчынам права голасу, гаворыць нам аўтар гэтай паштоўкі, у іх жа ёсць іншыя, лепшыя спосабы дабіцца свайго.

Подпіс знізу: “Чаго, мы, дзяўчаткі, хочам — дык гэта законаў, каб хлопчыкі часцей на нас глядзелі”

 

І ўвогуле, уся гэтая валтузня вакол жаночых правоў — усяго толькі спосаб прыцягнуць да сябе ўвагу.

 

Подпіс унізе: “Лепш я яе пацалую, чым буду слухаць, што яна кажа”

 

Таму што нічога добрага яна ўсё адно не прамовіць.

 

Подпіс: “Суфражыстка-лягавая. Асцярожна, сабака”

 

І яшчэ адзін вялікі страх — што жанчына зможа атрымаць працу, якая дасць ёй уладу, у тым ліку над мужчынамі. Жанчына на мужчынскай пасадзе — гэта выдатная тэма для анекдота.

 

І ў якасці заключэння — трошкі пра кветкі, актуальную для 8 сакавіка тэму.

 

Подпіс: “Дзікая ружа, што патрабуе асцярожнага абыходжання”

 

А цяпер паспрабуйце памяняць на паштоўках слова “суфражыстка” на “феміністка”. За сто гадоў змянілася шмат чаго, але ці настолькі шмат, як гэтага хацелася ўдзельніцам жаночых рухаў?

Усіх са святам — як бы вы яго ні святкавалі!

Ганна Янкута, budzma.by


Дадаць каментар

*

*

Апошнія навіны

Яндекс.Метрика