Рома Сухоцкі задаўся амбітнай ідэяй – выдаць альбом дуэтаў з знакавымі пэрсонамі беларускай (і ня толькі) рок-сцэны. Дыск “Акустыка” ня выйшаў правальным. Але і падзеяй яго не назавеш.
Маючы ў даробку толькі адзін альбом – “Колеры”, што выйшаў летась, Avias неяк замацаваўся ў сьвядомасьці як гурт дасьведчаны. Магчыма, таму, што яго лідэр Рома Сухоцкі сьпяваў быў у гурце “Крок” яшчэ 10 гадоў таму. Ёсьць яшчэ адна дэталь, якая вылучае каманду, – надзвычай сур’ёзны падыход да гучаньня і поўная адкрытасьць да экспэрымэнтаў. Гэты альбом з 6 песень экспэрымэнт двайны – мала таго, што музыкі на час адмовіліся ад свайго звыклага калючага гітарнага саўнду, дык яшчэ і на кожную песьню запрасілі адмысловага госьця. Ідэя амбітная і ўвасобленая даволі ўдала. Толькі што, нягледзячы на такое суквецьце імёнаў, альбом ня ўражвае, прынамсі зь першага праслухоўваньня.
Адкрывае альбом дуэт з Стасам Мытнікам – “Лепш за цябе”, песьня неблагая, але чароўнасьць вобразу вакаліста Akute тут неяк губляецца. Тое самае і зь песьняй, якую Рома прасьпяваў з Валерыяй Валадзько – не стае ў ёй драматызму. Ня спраўджвае надзеяў і сумесны трэк з расейскім музыкам Косьцем Чалых (“7 Раса”, “Мои Ракеты Вверх”, SunSay, Зэмфіра). Нашмат большага чакаеш і ад песьні, у якой Стас Ламакін з The Toobes упершыню пяе па-беларуску, але – зноў жа! – не раскрывае тут сябе напоўніцу. Выйшла так, што большасьць выканаўцаў, якія меліся бы трэкі ўзмацніць праз свой удзел, хутчэй іх абцяжарылі. Адбыцца гэта магло як “зь віны” аўтара песень, так і “зь віны” гасьцей – магчыма, яны проста недастаткова прасякнуліся матэрыялам ці ён проста не адпавядае іх манеры выкананьня і ладу мысьленьня. Рома Сухоцкі песьні пісаць умее, але – сьвядома ці не – ня піша такіх, якія хацелася б рэальна падпяваць і рэпосьціць. Ён не чапляе на ўзроўні слоў, не бярэцца фармуляваць думкі ад імя пакаленьня і наогул ня ставіць задачы спадабацца, хоць напэўна мог бы напісаць песьню, якую сьпявала б уся краіна.
Пэўна, самы ўдалы дуэт у лідэра Avias выйшаў з Вовам Казловым з Re1ikt. Трэк “H” гучыць цалкам гарманічна. Ну і “Рай”, ці не галоўны гіт гурта “Крок”, выкананы зь Лявонам Вольскім, язык не павернецца назваць песьняй няўдалай, хоць і ў ёй хацелася б трохі больш эмоцый ад дуэту.
Яшчэ адна ўласьцівасьць Avias: іх творы не адкрываюцца адразу, як, скажам, з Akute, а вымагаюць поўнага і неаднаразовага пагружэньня, як, напрыклад, у выпадку з Re1ikt.
Нельга не адзначыць бліскучую тэхнічную рэалізацыю – можна атрымаць задавальненьне чыста ад таго, як гучыць альбом. Шкада, што закароткім выйшаў.
Паслухаць і спампаваць альбом можна ў афіцыйнай суполцы гурта і на лэйбле «Пяршак».
Ідэя: 8
Выкананьне: 6
Тэксты: 6
Запіс: 9
Аздабленьне: 7
Сяргей Будкін