Гурт Avias запісаў альбом, па якім можна меркаваць пра сёньняшні ўзровень беларускай альтэрнатыўнай музыкі.
Наўмысна неахайны голас з надрывам і мурзаты гітарны саўнд зь першага ж трэку выдаюць Avias з усімі трыбухам як зацятых прыхільнікаў Курта. Зрэшты, Рома Сухоцкі з кампаніяй не хаваюць гэтага і кажуць, што іх музыка грунтуецца на найлепшых узорах заходняга року 90-х – пачатку нулявых. Яны гадаваліся на Nirvana, Sonic Youth, раньнім Silverchair і Bush. На думку Ромы, менавіта ў гэты час да канца аформіліся яго ўлюбёныя музычныя жанры, а тое што граецца пасьля, – ня больш чым аналягі з прыўнясеньнямі ці кампіляцыямі. Аднак пры гэтым Avias не пакутуе на трыб’ютнасьць мысьленьня і паказвае гэтай працай сваю поўную творчую самадастатковасьць.
Нягледзячы на тое, што “Колеры” – дэбютны альбом каманды, Avias аніяк не назавеш навічкамі на беларускай музычнай сцэне. Удзельніца гурту ад самага пачатку Vicky Fatez – самая вядомая бубначка краіны (а можа, нават адзіная), а лідэр каманды пачынаў яшчэ ў гурце Krok амаль 10 гадоў таму. У тыя часы і зьявіўся прынцып “пяяць толькі па-беларуску”, якога Рома трымаецца ўвесь гэты час.
“Колеры” – з тых альбомаў, якія раскрываюцца не адразу. Гэтыя песьні ня могуць быць фонам, а вымагаюць максімальнай засяроджанасьці, увагі і пранікнёнасьці. Досыць жорсткія з музычнага гледзішча грузныя трэкі (напрыклад, “Людзі”, “Абяцанае”) тут суседзяць з кампазыцыямі мяккімі і лагоднымі, зусім ужо блізкімі да поп-року (“НЛА”, “Маўклівы горад”). Некаторыя зь іх маглі б выдатна ўпісацца ў рэпертуар, скажам, Akute (“Межы”). А на відэа, што папярэднічала выхаду альбому, музыкі паказалі, наколькі выдатна яны могуць гучаць у акустыку. Згаданая кампазыцыя “Маўклівы горад” на дыску прысутнічае толькі ў электрычнасьці і зьяўляецца адным з самых моцных нумароў альбому разам з трэкам “Падман зроку” з алюзіяй на раньняга Цоя. Агулам жа альбом выглядае надзвычай цэльна.
Спампаваць адным файлам альбом можна па гэтай спасылцы.
Ідэя: 8
Выкананьне: 8
Тэксты: 7
Запіс: 9
Аздабленьне: 8
Сяргей Будкін