У Гародні ў рамках “Гістарычнага тыдня ў Беларусі” адбылася першая прэзентацыя. Валер Булгакаў прадставіў гарадзенцам свежавыдадзеную манаграфію “Балахоўцы: Сведчанні, дакументы, даследаванні”.
Рэдактар часопіса “Arche” адказаў на некалькі пытанняў для кампаніі “Будзьма беларусамі!”.
– Чым адрозніваецца гэтае выданне ад папярэдняга?
– Яно ўдвая большае. Гэта значыць, з’явіліся часткі, якія, можна сказаць, робяць нецікавым і некарысным першае выданне. Найперш з’явілася вялікае даследаванне эстонскага гісторыка з Літвы Юрася Юркевіча, прысвечанае дзейнасці Асобнага атраду БНР у Балтыі. Абсалютна нераскрыты ў беларускай гістарыяграфіі сюжэт, прысвечаны таму, як Беларуская Народная Рэспубліка, умоўна кажучы, “перакупіла” вайсковае фармаванне пад камандаваннем генерала Булак-Булаховіча ў канцы 1918 года. І ў пачатку 1919 гэтыя баявыя адзінкі вялі баявыя дзеянні найперш супраць бальшавіцкай Расіі, а потым былі перакінутыя ў Берасце.
І з гэтым ужо звязаны іншы сюжэт. Было шмат ахвочых дзяржаваў на войска Булак-Булаховіча, і праз тое, што Рада БНР мела фінансавыя клопаты, падтрымку аказала нованароджаная польская дзяржава. І ўжо ў 1920 годзе войска Булаховіча вырушыла ў палескі паход і дайшло амаль да Гомеля. Па Таксама ў кнізе з’явіўся спіс жаўнераў па стане на канец 1918 года. З’явіліся новыя каляровыя мапы, якія ілюструюць кірунак удару войска Булак-Булаховіча ў часе палескага паходу. Яшчэ мы маем новы ілюстрацыйны матэрыял – прапагандысцкія ўлёткі, раней не друкаваныя фотаздымкі і іншае, што мяняе, так бы мовіць, іканаграфічнае ўспрыманне гэтай кнігі. Таму калі першая кніга выйшла аб’ёмам 237 старонак, гэтая мае 500. І гэта найлепшае сведчанне таго, што структура кнігі радыкальна памянялася.
– Ці павялічылася колькасць ахвочых набываць такія кнігі?
– Першае выданне выйшла невялікім накладам, таму гэтае мае ўстойлівы стабільны попыт. Бо тэма дзейнасці беларускіх нацыяналістаў ці ваеннай дзейнасці адзінак, якія выкарыстоўвалі лозунгі незалежнай Беларусі 90 гадоў таму, абсалютна не распрацаваная. Людзі, безумоўна, адчуваючы дэфіцыт ведаў, непаўнату свайго ўяўлення пра тыя падзеі, цягнуцца да гэтае кнігі.
– Хто, на вашую думку, пакупнік такога выдання?
– Гэтая кніга разлічаная на больш-менш масавую аўдыторыю. Гэта не толькі прадстаўнікі акадэмічнай карпарацыі гісторыкаў бо сама тэма баявых дзеянняў, вайсковай актыўнасці, беларускага нацыяналізму мае больш зацікаўленых, чым закрытая карпарацыя выкладчыкаў і прафесараў гісторыі. Гэтая кніга можа быць цікавая кожнаму, хто цікавіцца гісторыяй Беларусі, падзеямі і асобамі, якія былі раней выкрасленыя з нашай памяці.
Размаўляў Андрэй Мялешка
Фота Аляксандра Саенкі