Танцор украінскага паходжання Іван Путраў паставіў «Men in Motion» («Мужчыны ў руху») у лонданскім тэатры «Sadler’s Wells» у 2012 г. Пастаноўка, якая складаецца з кароткіх танцавальных нумароў, імкнецца пашырыць нашыя ўяўленні пра тое, на што здатныя мужчыны-танцоры, калі яны танцуюць балет. У гэтым годзе спектакль, створаны Путравым, чакае выпрабаванне вялікай сцэнай больш вядомага тэатра.
Трыццацітрохгадовы Іван Путраў кажа, што ў адрозненне ад іншых танцораў, якія толькі нядаўна дасягнулі трыццацігоддзя, ён прытрымліваецца рэалістычнага пагляду адносна сваёй будучай кар’еры ў танцы: з узростам косці і звязкі пачынаюць «пратэставаць» супраць бясконцага фізічнага напружання, без якога праца танцора проста немагчымая.
“Я сутыкаўся з гэтай сітуацыяй шмат разоў і, праўду кажучы, ёсць у гэтым штосьці трагічнае. Большасць танцораў нават не задумваецца, што з імі будзе пасля таго, як ім стукне 40. Магчыма, у мяне наперадзе яшчэ якіх-небудзь дзесяць гадоў, калі я яшчэ змагу займацца балетам. А калі мая танцавальная кар’ера скончыцца, я планую займацца балетным прадзюсаваннем”.
Путраў не выкарыстоўвае слова «імпрэсарыа», але ягоныя выказванні кажуць пра тое, што ён мае намер стаць новым Дзягілевым. Тузін гадоў ён быў зоркай у лонданскім Каралеўскім балеце, і ясна без слоў, што яму вельмі падабаецца танцаваць на сцэне.
Цягам апошніх гадоў новыя погляды на ролю мужчын і месца мужчынскага танцу ў балеце, заяўленыя ў спектаклі “Men in Motion”, прыцягнулі ўвагу вялікай колькасці прафесійных танцораў вядучых балетных труп у Вялікабрытаніі і былі прыязна сустрэтыя крытыкамі.
Гэтымі днямі спектакль будзе ісці ў вядомым лонданскім тэатры «Калізей», і ў ім будуць танцаваць Эдвард Уотсан, Вадзім Мунтагіраў і Ёна Акоста, пляменнік знакамітага Карласа Акосты.
Харэаграфія танцавальных нумароў зробленая такім чынам, што мужчынскія партыі аказваюцца ў цэнтры ўвагі, і гэта вядзе да непазбежных змен у дынаміцы спектакля, што і адрознівае яго ад больш традыцыйных пастановак.
Іван Путраў – чалавек ветлівы, вытанчаны і абаяльны. Ніхто не зможа сказаць, што ён тэатральны тыран. Тады навошта яму гэты бясконцы галаўны боль і фінансавыя рызыкі? Чаму ён адважыўся на кардынальныя змены ў такім кансерватыўным відзе мастацтва і выпрацоўвае радыкальна новыя падыходы ў танцы?
“Я нарадзіўся ў балетнай сям’і. З дзяцінства тэатр быў маім спосабам самавыяўлення. Цяпер я знайшоў новы спосаб выяўляць сябе – праз пастаноўку спектакляў і тэатральнае прадзюсаванне: “Men in Motion” – гэта толькі пачатак і я думаю, што цяпер самы правільны час для гэтай пастаноўкі.
“Раней роля танцора была вельмі прымітыўная – проста падтрымліваць балерыну, але часы змяняюцца і з’яўляюцца новыя тэндэнцыі. Тое, што мы робім, – гэта частка цяперашняга працэсу перагляду ролі мужчыны ў балеце”. Путраў настойвае, што ніхто не збіраецца змяншаць ролю жанчын у балеце ці наогул адмаўляцца ад танцорак. Сваёй мэтай ён бачыць даследаванне на больш глыбокім узроўні таго патэнцыялу, які танцоры могуць раскрыць на сцэне.
Застаецца ўсяго некалькі дзён да прэм’еры, а Путраў вонкава надзіва спакойны.
“Я люблю гэтую таямніцу тэатра, гэты самы працэс – тое, як усё адбываецца. Ва ўсіх іншых відах сучаснага мастацтва сам працэс творчасці і стварэння мастацкага прадукту больш празрысты і таму менш цікавы. Таямніца тэатра – менавіта дзякуючы ёй я да гэтага часу застаюся ў прафесіі і не хачу з яе сыходзіць, наадварот, жадаю ісці далей і ствараць нешта новае”.
Ён таксама ў захапленні ад разнастайнасці музыкі, якая будзе выкарыстоўвацца ў “Калізеі”: большасць кампазіцый будзе выконвацца ўжывую. Акрамя твораў, напісаных сучаснымі кампазітарамі, у спектаклі прагучаць і класічныя кампазіцыі Вэбера, Моцарта і Стравінскага.
Іван Путраў жыве ў Лондане ўжо больш за 15 гадоў, але не забывае і пра радзіму. “Я з’ехаў з Украіны, калі яна перажывала не найлепшыя свае часы. Ніхто не мог знайсці нармальную працу, грошай амаль не было, усё развальвалася на вачах. Краіна толькі-толькі стала незалежнай, ішоў пошук шляхоў далейшага развіцця. Але я мяркую, што мастацтва можа дапамагчы людзям у пераадоленні цяжкасцяў”.
Вялікая частка сям’і Путрава па-ранейшаму жыве ва Украіне. Нягледзячы на вялікі аб’ём працы, якую неабходна выканаць для пастаноўкі новага спектакля, Путраў сочыць за драматычнымі падзеямі, якія адбываюцца на яго радзіме, дзе грамадства падзялілася на два лагеры: за больш цесныя сувязі з ЕС ці за аднаўленне шчыльных кантактаў з Масквой.
“Так, вядома, я не магу заставацца абыякавым да падзей на сваёй радзіме. На працягу стагоддзяў тэрыторыя, якую цяпер ва ўсім свеце ведаюць пад назвай Украіна, нацярпелася шмат бедаў ад Расіі, а часам і ад Захаду таксама. Украінскую мову забаранялі, людзей, якія на ёй размаўлялі, пераследавалі і нават катавалі, але нягледзячы на шматлікія нядолі, наш народ здолеў выжыць і не скарыцца. Таму я аптымістычна гляджу ў будучыню.
Усе мы ведаем формулу «падзяляй і кіруй», і цяпер мы бачым як некаторыя палітыкі спрабуюць скарыстацца гэтым прынцыпам ва Украіне. Але я думаю, што Украіна не падзеліцца на часткі і застанецца адной краінай. Я мяркую, што кожны лагер знойдзе ў сабе сілы і што яны дамовяцца паміж сабой дзеля адзінства нашай бацькаўшчыны”.
Пасля гэтай кароткай размовы пра палітыку Путраў вымушаны вярнуцца да сваіх справаў, бо пастаноўка ў “Калізеі” патрабуе асаблівай увагі: дэкарацыі, зробленыя для спектакля ў 2012 годзе, не могуць быць выкарыстаныя на большай сцэне. Але гэта звычайная справа: спектакль ужо ставіўся ў Маскве і ў Італіі, і ў кожным новым месцы патрэбна карэктаваць праграму, мяняць дэкарацыі, уносіць змены ў парадак нумароў і г.д.
Пасля Лондана плануецца паказаць спектакль і ў іншых гарадах і краінах. Але ўжо цяпер відавочна, што Іван Путраў не збіраецца спыняць працу: наперадзе цалкам новы праект. Украінскі танцор сур’ёзна настроены стаць незалежным прадзюсарам, хоць нямногім танцорам удавалася гэта зрабіць. А тым часам паназірайце за ім на сцэне: ягоныя танцавальныя мускулы яшчэ поўныя энергіі і маладосці.