У інтэрнэце з’явіўся сайт 1871.by, прысвечаны гісторыі Баранавічаў, — вялікае краязнаўчае даследаванне на падставе фотаздымкаў, пры дапамозе якога стваральнікі сайта літаральна аднаўляюць выгляд горада ў розныя гістарычныя перыяды.
“Будзьма” пагутарыла са стваральнікам 1871.by “Баранавічы — гісторыя у фотаздымках” Рамуальдам Жабікам пра рарытэтныя фота і адпаведнасць сучасных Баранавічаў гістарычнаму вобразу горада.
— У чым асноўная мэта праекта?
— Я б не ставіў нейкую пэўную мэту, краязнаўства не мае межаў. А вось чаго б хацелася, дык гэта каб кожны мог дакрануцца да гісторыі горада і раёна, убачыць, як мяняўся горад цягам 150 гадоў. Каб гісторыя падавалася ў больш даступнай форме, тым самым стала цікавейшай і лягчэй успрымалася. Было б выдатна, калі б зробленая праца прынесла карысць гораду, выяўленне гістарычных фактаў дае шанец на прыцягненне турыстаў у горад. А ў нас ёсць на што паглядзець.
— Як збіраўся архіў фотаздымкаў для сайта?
— Архіў пастаянна папаўняецца. Як паказвае практыка, лік старадаўніх фотаздымкаў пастаянна расце. Спачатку я думаў, што будзе некалькі сотняў фатаграфій. Але з часам з’яўляецца ўсё больш крыніц, і база расце. Асноўнай крыніцай папаўнення базы сайта я б назваў інтэрнэт-аўкцыёны, у асноўнай масе еўрапейскія, дзе прадаецца вялікая колькасць фотаздымкаў і паштовак, у тым ліку і горада Баранавічы. Бо нягледзячы на кароткую гісторыю горада, горад быў і рускім, і нямецкім, і польскім. І кожны пакінуў тут свой след. Папаўняецца калекцыя і фатаграфіямі з прыватных калекцый, сямейных фотаальбомаў. Нешта купляю сам на аўкцыёнах і ў архівах.
— Колькі каштуюць такія здымкі?
— Кошт розны, усе залежыць ад таго, хто прадае, і ад унікальнасці. Можна набыць здымак ці паштоўку за 3 еўра, есць здымкі, якія прадаюць за 50 еўра. Самыя цікавыя здымкі трапляюцца ў прыватных альбомах вайскоўцаў. Яны фатаграфавалі не толькі вядомыя краявіды, але і жыхароў, звычайныя пабудовы, што мае вялікую каштоўнасць для краязнаўцы. Напрыклад, я набыў здымак моста Эйфеля, які быў у Баранавічах да пачатку Першай сусветнай вайны. Яшчэ адзін цікавы здымак, які атрымалася набыць, — гэта здымак Баранавіч з вышыні, датаваны 1917 годам. На ім відаць частка горада з вуліцамі і будынкамі. Так сама трапляюцца здымкі пабудоваў, якіх ужо няма, напрыклад, паштоўка з відам на друкарню нямецкай газеты “Deutsche Krіegszeіtung vo Baranowіtschі”, дзе да Першай сусветнай вайны быў кінатэатр. Ці будынкаў, якія былі моцна перабудаваныя за савецкім часам. Напрыклад, набыў паштоўку першай тэлефоннай станцыі ў Баранавічах, гэты будынак цяпер не пазнаць.
— Пачынаючы ад якога моманту гістарычныя Баранавічы можна лічыць падобнымі да цяперашніх?
— Сучасны горад не падобны да сябе ні ў адзін з гістарычных перыядаў. Скажу так: сучасны горад — гэта ўжо не тыя Баранавічы, якімі іх памятаюць старажылы. Памянялася практычна ўсё. Калі першапачаткова Баранавічы былі мястэчкам непадалёк ад чыгуначнай станцыі, то цяпер гэта самастойны буйны чыгуначны вузел, з развітай інфраструктурай, прамысловасцю.
— Якія маршруты вы б параілі турыстам, што прыехалі ў Баранавічы?
— Маршрутаў вельмі шмат, я б падзяліў іх на гістарычныя перыяды. Расійская імперыя, Першая сусветная вайна, Польшча, Другая сусветная вайна. Кожны з гэтых перыядаў пакінуў след у горадзе і раёне. Расійцам было б цікава наведаць месца, дзе размяшчалася Стаўка галоўнакамандуючага, куды прыязджалі Мікалай ІІ і Калчак. Немцам — месцы дзе бываў кайзер Вільгельм. Палякам было б цікава наведаць месцы, куды прыязджаў Юзаф Пілсудскі, паглядзець часткова захаваную польскую архітэктуру, культавыя збудаванні.
— Якія цікавосткі былі ў Баранавічах у былыя часы? Што з іх варта было б аднавіць?
— Такіх было таксама нямала. Да прыкладу, невялікую праваслаўную капліцу, упадабанае месца нямецкіх фатографаў падчас Першай сусветнай вайны. Дом начальніка чыгуначнай брыгады, у якім размяшчаўся штаб Стаўкі і побач з якім стаяў цягнік Мікалая ІІ. Яўрэйскую сінагогу і ешыбот. Аднавіць у першапачатковым выглядзе дом вядомага прамыслоўца Шылайнера (будынак сучаснай друкарні), які б стаў упрыгожаннем гістарычнай часткі горада.
Юрась Ускоў