Вядомы выраз справядліва сцвярджае, што тэатр пачынаецца з вешалкі. Але гэтым разам містэрыя Купалаўскага пачалася для мяне з утульнай “Аўстэрыі Уршулі“. За кубкам моцнай кавы сутыкнуліся за прыемнай змястоўнай размовай з яскравым прадстаўніком беларускай творчай эліты, чалавекам рознабаковых інтарэсаў і шматграннай сферы дзейнасці – абаяльным Віктарам Шалкевічам. Славуты гродзенскі бард, акцёр, паэт, пісьменнік, шоўмэн і аукцыяніст, зусім нядаўна ён ашчасціў пярлінамі свайго літаратурнага і музычнага таленту беларускую дыяспару чарговай замежнай краіны. Напярэдадні вялікага кастрычніцкага канцэрту гутарым з Віктарам Шалкевічам пра дзівосы далёкай Канады, патаемны сэнс лірыкі, “чорную” працу і непазбежную трансфармацыю жанра бардаўскай песні.
Падзяліцеся ўражаннямі, якой Вам убачылася Канада? Чым прынцыпова адрозніваецца жыццё нашых землякоў на прасторы Новага свету?
Па-першае, асноўнае, чым вылучаецца Канада, – гэта вельмі высокі сярэдні ўзровень жыцця. Прыкладна так, як жыве сярэднестатыстычны грамадзянін Канады, жывуць у нас заможныя бізнэсмэны.
Па-другое, Канада – вельмі цікавая краіна. Часам ад некаторых людзей чую, што, маўляў, у Новым свеце ўвогуле няма на што глядзець. Паверце, насамрэч, там ёсць на што глядзець, безліч выбітных рэчаў! Канада велізарная і патрэсна прыгожая. Толькі каб абляцець яе ад левага да правага боку, спатрэбіцца 8 гадзін, а каб аб’ехаць і больш-менш грунтоўна аглядзець – напэўна, 8 дзён. Гэта багатая ў матэрыяльным, рэсурсавым і прыродным плане краіна, і на ўсё яе багацце прыходзіцца параўнальна мала жыхароў.
Па-трэцяе, у Канадзе вельмі добра жывецца нашым землякам. Я шмат у каго гасцяваў, шмат з кім сустракаўся і гутарыў. Дык вось, я шчыра ашаломлены тым, якіх вышыняў яны паспелі дасягнуць за той час, што прабылі ў Канадзе! Беларусы хутка і актыўна ўліліся ў грамадскае жыцце гэтай краіны і занялі сярод яе карэнных жыхароў сваё пачэснае месца. Ёсць такая прыказка: “Радзіму нельга забраць з сабою на падэшвах сваіх ботаў”. Ведаеце, можна! У прыватнасці, многія беларусы ў Канадзе займаюцца творчасцю, выдаюць шыкоўныя кніжкі, пішуць цудоўныя вершы, ствараюць фалклорныя гурты… Асабліва пацешна назіраць, як некаторыя людзі, апынуўшыся ў Канадзе, раптоўна пачалі адчуваць сябе сапраўднымі беларусамі, “свядоміцца” і “бел-чырвона-бялець”. Але, зрэшты, гэта ўласціва многім нашым землякам, якія з’язжаюць у замежныя краіны.
І ведаеце, мы часта енчым і задаем самі сабе пытанне, маўляў: “Навошта кудысьці ехаць, нас жа ў гэнай Эўропе ніхто не ждзёць”… Калі я садзіўся на самалёт у Амстэрдаме, я быў ледзь не адзіным чалавекам на ўвесь салон, які адрозніваўся ад большасці колерам твару. Пры гэтым 300 натхнёных індыйцаў, што ляцелі са мной, чамусьці не задавалі сабе пытанне, хто іх чакае ў Канадзе. Яны гучна гутарылі па-індыйску, рэйс абслугоўвалі індыйскія сцюардэсы, каторыя разносілі ежу, ад аднаго паху якой хацелася выпіць вельмі многа гарэлкі. Проста жыццё не стаіць на месцы, і калі адчуваеш патрэбу рухацца далей – мяркую, варта рызыкнуць, сесці і паляцець.
У якім фармаце праходзіў Ваш канцэрт у Канадзе? Ці адрозніваецца канадская публіка ад беларускай?
Мой выступ у Канадзе адбываўся ў межах “32-й сустрэчы беларусаў Паўночнай Амерыкі”. Раз на 2 гады прадстаўнікі беларускай дыяспары Новага свету прызначаюць пэўнае месца спаткання ў Канадзе ці Злучаных штатах, дзе абмяркоўваюць свае цікавыя і карысныя справы, хваляцца дасягненнямі і гутараць пра складанасці і недахопы. Мерапрыемства было вельмі незвычайнае і займальнае. Я столькі сваіх знаёмых сустрэў, колькі б не напаткаў, напэўна, у Менску!
Канадская публіка ўвогуле амаль анічым не адрозніваецца ад беларускай. Тыя, хто з’ехаў нядаўна, яшчэ добра памятаюць айчынныя рэаліі. Канешне, некаторыя людзі, напрыклад, знакамітыя актывісткі беларускай супольнасці Ала Орса-Рамана і Ілона Сурвіла, прызнаваліся, што многіх рэчаў з маіх песен і аповедаў не разумеюць. Але гэта цалкам натуральна, таму што дзяўчаты з’ехалі з Эўропы, калі ім было па 7-8 год, і некаторыя спецыфічныя надзённыя жарты яны, так бы мовіць, ужо “не даганяюць”. А вось нашыя землякі, каторыя жывуць за мяжой параўнальна непрацяглы час, выдатна ведаюць, адкуль растуць ногі ў з’едлівай іроніі пра пстракатыя торбы, Сакулку і Беласток і асаблівасці перавозкі гарэлкі і папіросаў. Большасць з іх не губляюць сувязь з радзімай, некаторыя часцяком прыязжаюць у Беларусь і таму, лічы, увесь час круцяцца ў плыні актуальных падзеяў, якія якраз знаходзяць адлюстраванне ў маёй творчасці.
Распавядзіце пра якія-небудзь цікавыя, жартоўныя выпадкі, якія здараліся з Вамі пад час канцэртаў?
Увогуле, што ні канцэрт, то абавязкова здараецца што-небудзь незвычайнае!
Напрыклад, добра памятаю свае пачуцці пад час выступу ў далёкім Іркуцку. Граю я, значыцца, на сцэне, сузіраю разгубленыя, задуменныя твары слухачоў, не вытрымоўваю і кажу: “Сябры мае, у мяне складаецца такое ўражанне, што вы ўсё ж такі не да канца разумееце, што я вам распавядаю і аб чым спяваю”. А яны такія збянтэжаныя: “Нет-нет, мы всё понимаем, пойте дальше, пожалуйста!” Проста прызвычаіўшыся да некаторых рэчаў, якія на радзіме сталіся ну такімі ўжо агульнавядомымі і абсмактанымі, забываешся накрыху, што людзям з цалкам іншымі рэаліямі складана іх успрымаць. Але такая рэакцыя чамусьці неверагодна ўздымае настрой!
Ёсць у мяне песня, называецца “Цынічнае танга “Кастрацыя”. Аднойчы на канцэрце мне даслалі з зала арыгінальнае пытанне: “Спадар Шалкевіч, Вы так дакладна апісалі па тэксту песні ўсе перажыванні маладога парасяці, быццам бы Вы на сабе ўсе гэтыя пакуты адчулі і перажылі…” Я засмяяўся і прапанаваў пасля выступу падысці да мяне і праверыць, ці сапраўды “на сабе адчуў”. Ну а што, якое пытанне, такі і адказ!
Яшчэ цікава, што пад час гастроляў, дый увогуле вандровак, я заўжды знаходжу грошы. Невялікія, канешне, але ўсё роўна прыемная прыкмета. Традыцыйна гэтым разам на вуліцы Спадайна ў Таронта, У Чайна-таўне, я знайшоў 5 даляраў.
Ваша творчая дзейнасць засяроджана ў асноўным у шумнай сталіцы, але самі Вы з сям’ёй жывяце ў абласным цэнтры заходняй Беларусі. Можна сказаць, Ваша жыццё літаральна праходзіць «у дарозе» паміж Менскам і Гародняй. Які горад падабаецца Вам больш, чым імпануе?
У Менску крыху вальней дыхаецца, і, як ні круці, сярэдні ўзровень чыноўніцва ў сталіцы больш высокі. Людзі, каторыя згуртаваліся ў Менску – не з апошняй паліцы ў стэлажы. Яны шмат чаго разумеюць, з імі ёсць што абмеркаваць. У сталіцы кіпіць жыццё, грамадзяне заўжды на грэбені актуальных навінаў, таму канцэрты тут адбываюцца пры поўным паразуменні і зліцці з публікай.
Увогуле, асабісты поспех у першую чаргу залежыць не ад горада пражывання, а ад таго, наколькі ўдала чалавек трапіў на “сваё” месца ў жыцці. Не істотна куды, на сцэну ці на чыноўніцкае крэсла. Ад гэтага, можна сказаць, залежыць лёс усёй краіны.
Якім кірункам Вы надаяце асноўную частку ўвагі на дадзены момант? Працы, побытавым пытанням, пэўным творчым ролям?
У мінулыя выходныя, напрыклад, галоўным для мяне было выкапаць нарэшце бульбу. Сабраў тры вядры – здаецца, няшмат, але вы б мяне бачылі!
А калі без жартаў, то, натуральна, падобна да многіх людзей у творчым асяроддзі, я залежу толькі ад сябе. Я не цешу сябе надзеяй, што буду калі-небудзь жыць з ласкі грамадства і атрымліваць сотні тысяч за свае сакавітыя рыфмы. Таму значную частку майго жыцця займае, так бы мовіць, “чорная” праца. Кожны чалавек вымушаны займацца чымсьці падобным, каб зарабляць грошы на забяспечанне штодзённага існавання.
Галоўнае ў любой справе – пазбягаць руціны, імкнуцца нейкім чынам разнастайваць жыццё. Вось матуля-нябожчыца ўвогуле часцяком паўтарала, што мая дзейнасць – лёгкі хлеб. З аднаго боку, я, канешне, не з граблямі і лапатай у полі стаю, з другога, каб пачаць атрымоўваць такі “лёгкі” хлеб, трэба было ўсё ж такі нечаму істотнаму здолець навучыцца.
Натуральна, акрамя працы я імкнуся надаваць як мага больш увагі сваёй сям’і і сябрам. Але ў мае гады сяброў, на жаль, ужо не знаходзіш, а ўсё часцей губляеш. Вельмі шкада, што па розных прычынах блізкія людзі адыходзяць з жыцця. Нібыта ў акопе сядзіш, а навокал цябе падаюць бомбы: у адзін, у другі… А ты яшчэ жывы.
На жаль, вымушана канстатаваць, што ў сучасных рэаліях паступова адбываецца нават не развіццё, а, хутчэй, непазбежная трансфармацыя жанру бардаўскай песні. Да чаго, на Вашу думку, прывядзе ў будучыні гэты працэс?
Справа ў тым, што бардаў у нашай краіне можна пералічыць па пальцах рук. Я зараз не кранаю так званых “паэтаў” з апошняга эшалону, якія “зранку ў газеце, увечары ў куплеце”. Так, некаторыя людзі ўмеюць нядрэнна рыфмаваць радкі кшталту “палка-галка, печка-свечка”, ды яшчэ і дадаваць да лірыкі нейкія ноты. Але рэдка ў каго гэта атрымоўваецца трапна, дарэчна і гарманічна. Сапраўдны бард – гэта прызванне, дзеля якога патрэбна мець прыроджаны дар.
У мяне, напрыклад, ніколі ў жыцці не атрымоўвалася пісаць спехам і прымусова. Кожная мая ідэя, песня, верш павінны былі пэўны час “вынасіцца”, даспець. Нават зараз ёсць песні, якія я нашу ў галаве з канца ХХ стагоддзя і пакрыху дапрацоўваю. А ўдзячлівы лёс наўзамен плённай працы перыядычна дае мне дапаможныя кропкі.
Так, кірунак, у якім працуе большасць бардаў, насамрэч цікавы невялікаму колу слухачоў. Не сорамна, не брыдка і не самаўпэўнена так казаць, але, на мой погляд, да такіх рэчаў папросту трэба дарасці. Па многіх сучасных музыках відаць, што яны ніколі ў жыцці не чулі пра цэлае пакаленне французскіх бардаў, пра Галіча і Вярцінскага, пра Гэры Брукера, пра барока- і сімфонік-рок… Таму іх імправізацыі па тэорыі Джамбула – “што бачу, тое паю” – гэта зусім іншы гатунак творчасці, арыентаваны на больш шырокі сегмент публікі.
Але ёсць людзі, якія не страцілі сваіх пачуццяў, у сэрцы якіх не памёрла яшчэ прага прыгожага, глыбокага. Яны прапускаюць лірыку праз сябе, перажываюць, наведваюць канцэрты і заўзята слухаюць. Напэўна, так і павінна быць. Масавым жанр бардаўскай песні ніколі не будзе, ды і, здаецца мне, не трэба. Масавасць часцяком абварочваецца не вельмі прыемнымі рэчамі, а я ў жыцці вельмі цаню прыватнасць і ў творчасці мне падабаецца быць самім сабой.
Ну і напрыканцы, прыадчыніце таямніцу, чым плануеце здзіўляць слухачоў на кастрычніцкім канцэрце?
Усё згодна з тым, як абяцаюць на афішы – будзе толькі “новае і лепшае”! Пачытаю крышку ўрыўкаў з майго новага рамана, які называецца “Маланабздзейкаўскія гістарычныя хронікі”. Заспяваю пару новых песен, якія прыдуцца акурат да пары і выдатна ўпішуцца ў фармат імпрэзы.
Час ад часу, рыхтуючы праграму выступу, я пераглядаю вялікую колькасць сваіх твораў і вершаў, у тым ліку тыя, што не ўвайшлі ў афіцыйныя зборнікі, і сам здзіўляюся: “Божа-божа, няўжо гэта ўсё я напісаў…” А пасля дадаю ў думках: “І яшчэ столькі ж напішу”!
Нагадваю, што канцэрт Віктара Шалкевіча адбудзецца 29 кастрычніка ў Тэатры Эстрады, г. Менск.
Аўтар: Дубовік Анастасія
Фота: Эліны Шарковай