Фестываль “Бардаўская восень” на Беласточчыне праходзіў ужо 24-ы раз. Для некаторых удзельнікаў і гледачоў гэта свята нароўні з сямейным: прыязджаеш, таму што любіш і таму што цябе тут чакаюць. Але для многіх маладых бардаў, якія трапілі сюды ўпершыню, фэст стаў пляцоўкай сустрэчы з прафесіяналамі аўтарскай песні. Бо нават у Беларусі няма аналагічнага фестывалю, дзе адначасова можна было б убачыць такую колькасць найлепшых артыстаў.
Галоўная інтрыга “Бардаўскай восені” традыцыйна разварочваецца вакол конкурсу маладых выканаўцаў. Папярэдні адбор праходзіў у Мінску, і толькі найлепшыя атрымалі магчымасць прыехаць на Беласточчыну, каб выканаць па дзве ўласныя песні.
Уладальнікі Гран-пры дуэт “Чачэрская лютня”
Гран-пры сёлета атрымаў дуэт “Чачэрская лютня”. Зазвычай яны працуюць з этнікай, але спецыяльна для “Бардаўскай восені” падрыхтавалі песні “Прывітанне” і “Котка”, створаныя на падставе тэкстаў і творчых напрацовак Вольгі Акуліч. Салістка Паліна Вострыкава не адразу змагла паверыць, што галоўны прыз прысудзілі менавіта ім. Гітарыст Аляксей Кулеш таксама не хаваў эмоцый:
– Нават выехаць за мяжу Чачэрска – для нас гэта свята. А тым больш так далёка! Мы ехалі на “Бардаўскую восень” проста каб паўдзельнічаць, каб пабыць у бардаўскай атмасферы. Бо аўтарская творчасць – гэта заўсёды шчырасць. Наша перамога – гэта шок. Мы думалі, што калі зоймем хоць якое-небудзь месца – будзе нацыянальнае чачэрскае свята, на адным узроўні з Ханукай, Раством і Днём незалежнасці… Гран-пры для нас – гэта пазнака, што мы, аказваецца, нешта можам. Што ёсць дарослыя, адукаваныя людзі, якія палічылі нас вартымі… На адной сцэне з намі выступалі “Navi band” – раней я не думаў, што такое можа адбыцца.
У журы сёлета быў Алесь Камоцкі, які вярнуўся да “Бардаўскай восені” пасля перапынку. Разам з ім найлепшых абіралі Зміцер Вайцюшкевіч, Міхал Анемпадыстаў і Тамаш Суліма.
Гурт “Helios” атрымаў прыз журы
Прыз журы атрымаў гурт Helios. Салістка Марыя Гаўрыленка адзначыла:
– Некалькі гадоў таму я пачула пра “Бардаўскую восень”. Прыехаць сюды было для мяне недасягальнай марай. Мы ўдзельнічалі таксама ў мінулай “Бардаўскай восені”, і год пасля фестывалю стаў для нас надзвычай плённым. Усе дзверы, у якія мы грукаемся, адчыняюцца. Можа быць, мы на правільным шляху?..
Разам з Марыяй Гаўрыленка, якая іграе на гітары, у гурт уваходзяць Аліна Казачэнка (акардэон, вакал) і Ігар Асідчанка (кахон, фартэпіяна). Апошні далучыўся да іх зусім нядаўна.
– Я адчуваю, што патрэбны ў гэтым гурце. Аналізую кожную песню ад самага пачатку і бачу, як можна зрабіць лепш і што для гэтага патрэбна. Пакуль што ў гэтым кірунку я зрабіў няшмат, але разумею, што трэба працаваць далей, – адзначае Ігар. – Нашы песні для мяне – гэта як пошук Helios’а, пошук святла. Бываюць у жыцці моманты, калі доўгі час падаецца, што ўсё дрэнна. Але аднойчы нешта мяняецца – і тады можна казаць, што ты знайшоў гэтае святло.
Сёлета геаграфія “Бардаўскай восені” істотна пашырылася. Ірмін Ластоўская прыехала з Эстоніі, хаця нарадзілася ў Беларусі. Спецыяльны прыз ад “Радыё Рацыя” атрымаў украінскі гурт “Колір”. Апошніх ужо даволі добра ведаюць у Беларусі. Салістка Людміла Колер адзначыла, што за гэта трэба дзякаваць іх менеджару:
– Настасся Доль вельмі моцна дапамагае нам з арганізацыяй канцэртаў у Беларусі (з апошняга часу і ва Украіне). У нас было ўжо тры ці чатыры туры па Беларусі, на ўсе выступы прыходзіла шмат людзей. Як гэта ні дзіўна, у Беларусі нас прымаюць лепш, чым ва Украіне.
У складзе “Коліра” ў Бельск-Падляшскі з Адэсы прыехалі таксама бубнач Вячаслаў Тылік і клавішніца Дар’я Аляксеенка.
Узнагароду “Бельскай кааліцыі” падзялілі ўдзельніцы з Падляшша Анна Бяляўская і Кацярына Хмур. Прыз асабіста ад Тамаша Сулімы атрымала Кацярына Пціцына з Мінска, салістка гурта “Дачка падпальшчыка”.
“Лайкоў”
За адзін крок ад перамогі былі дуэты “Дзе я?” і “Лайкоў” (Рыгор Лайкоў разам з Уладзімірам Пыльчанкам), саліст і гітарыст гурта “Teleport” Яўген Цярэнцьеў, журналіст і літаратар Зміцер Дзядзенка, які гэтым разам прадставіў сябе як барда, таксама гурт “Pauline” ў складзе Паліны Цімохінай і Веранікі Крупіцы.
Натуральна, не толькі канкурсантаў можна было ўбачыць на сцэне бельскага Дома культуры. Яўген Барышнікаў, Сяржук Доўгушаў, Алесь Камоцкі, Ілона Карпюк – нікога з гэтых артыстаў публіка не адпускала проста так. Кожны выконваў яшчэ адну ці некалькі кампазіцый на біс. Канцэрт Змітра Вайцюшкевіча скончыўся амаль апоўначы. Нягледзячы на вельмі позні час і насычаную канцэртную афішу гэтага дня, зала заставалася амаль поўнай.
“BosaeSonca”
Многія артысты завітваюць на “Бардаўскую восень” з зайздросным пастаянствам. Як, напрыклад, Алесь Кот-Зайцаў, гітарыст і вакаліст гурта “BosaeSonca”, каардынатар конкурснай праграмы “Бардаўскай восені”:
– Я падлічыў, што гэта 11-ты фестываль, на які я прыязджаю без перапынкаў. Можна сказаць, што і як музыка, і як чалавек я развіваўся і рос на “Бардаўскай восені”. Гэта ўжо традыцыя для мяне. І я прыязджаю сюды штогод, як на Каляды ці Новы год да сваякоў у Беларусь… Мяркую, што кожны трымае творчы лёс у сваіх руках. Калі ёсць жаданне працаваць і ствараць далей, перамога ці неперамога на “Бардаўскай восені” наўрад ці можа быць перашкодай для творчага чалавека, які мае імпэт рабіць нешта. Гэты фестываль для мяне – удалае спалучэнне традыцыі і класічнага падыходу да фармату правядзення з новымі, нават эксперыментальнымі, рэчамі, якія адбываюцца ў маладой акустычнай музыцы, – іх можна ўбачыць у конкурснай праграме. Мне падаецца, гэта ўзаемадзеянне асноў і наватарства дапамагае фестывалю існаваць так доўга і не страчваць актуальнасці.
Музыкі гурта “BosaeSonca” цяпер жывуць на розныя краіны: Алесь Кот-Зайцаў – у Польшчы, Аляксандр Ясінскі – у Чэхіі. Выступ на “Бардаўскай восені” – адзін з нямногіх апошнім часам, дзе іх можна ўбачыць і пачуць разам.
– Сапраўды, у нашай творчасці адбывалася невялікая паўза, якую перапыніў выступ на “Бардаўскай восені”, – працягвае Алесь Кот-Зайцаў. – Аднак гэта абумоўлена хутчэй творчымі патрэбамі, а не геаграфіяй месцазнаходжання. Я ў Беларусі не жыву ўжо пяць гадоў, што не перашкаджала гурту працаваць на адлегласці. Гэта адбывалася праз інтэрнэт, запісы, рэпетыцыі перад канцэртамі. Мы граем разам каля 10 гадоў, таму, каб зрабіць пэўны выступ, нам не трэба рыхтавацца да яго паўгода ці рэпетаваць штодзень на працягу месяца. З Аляксандрам Ясінскім мы вельмі добра адзін аднаго адчуваем як музыкі, гэта суцэльны арганізм, які мае агульную энергетыку, якая не губляецца праз час.
Яўген Барышнікаў, адзін з уладальнікаў Гран-пры мінулых гадоў
Варта прыгадаць, што 24 гады таму “Бардаўская восень” нарадзілася ад таго, што “Басовішча” ператварылася ў рок-фестываль і там не хапала месца для бардаў. Багдан Сіманенка, Алесь Камоцкі вырашылі арганізаваць асобны фестываль для бардаў, які пачалі ладзіць у Бельску-Падляшскім. З цягам часу геаграфія фестывалю пашырылася. Першай далучылася Гайнаўка, потым Беласток. Пачалі ладзіцца канцэрты і ў меншых населеных пунктаў – Орлі, Нарве, Шчытах-Дзенцялове.
Зміцер Вайцюшкевіч выступаў з WZ-Orkiestra
Адзін з асноўных арганізатараў “Бардаўскай восені” – “Шчыты – звяз у карысць адукацыі і прамоцыі беларускай культуры”. Старшыня “Шчытоў” Ігар Лукашук заўважае:
– Мы жывём на Беласточчыне пачынаючы ад нашых дзядоў, прадзедаў. Таму ўсімі сваімі дзеяннямі, рознымі актыўнасцямі падтрымліваем беларускасць. Не магу сказаць, што гэта ў нас вельмі папулярнае. Асіміляцыя ідзе вельмі хуткімі тэмпамі. Пачуццё тоеснасці страчваецца. Я лічу гэта вельмі кепскім і нават абсурдным. Бо кожны чалавек, калі нечага цураецца, насамрэч ад чагосьці ўцякае. Ён не ідзе наперад, не ставіць перад сабой мэтаў, да якіх імкнецца: яго мэты застаюцца за плячыма, а гэта перашкаджае нармальна жыць. Тут істотная розніца ў філасофіі жыцця. Калі ты не ідзеш да сваёй тоеснасці, ты насамрэч траціш жыццё.
Гурт “Колір” атрымаў прыз ад Радыё Рацыя
У канцы нашай размовы, якая адбывалася бліжэй да трэцяй гадзіны ночы, пасля таго як завяршыўся другі фестывальны дзень і галоўныя перажыванні гасцей былі прагавораныя і пачутыя за агульным сталом, Ігар Лукашук дадаў: “Беласточчына – гэта зорка, якая гіне ў сваёй беларускасці. Але, выбухаючы, яна дае жыццё нечаму новаму – праз фестывалі “Бардаўская восень” і “Басовішча” (які таксама праходзіць тут). Уплываючы на асобу, яны нараджаюць нешта новае”.
Ніна Лістота