Панядзелак – не найлепшы дзень для метал-канцэрту. Тым не менш, 1 кастрычніка на канцэрце легендарных Behemoth у мінскім Re:Public было цяжка прадыхнуць. Людзей не спыніў ні нязручны час, ні даволі высокая цана на білет (улічваючы, што гурт выступаў крыху больш за гадзіну і на разагрэве нікога не было). Клуб быў поўны, і людзі нецярпліва чакалі з’яўлення сваіх куміраў на сцэне.
Выйшлі музыкі ў даволі звычайнай для сябе манеры – гэта значыць вельмі пафасна. Пасля велічнага інтра яны акінулі сваіх адданых фанатаў вогненнымі позіркамі і беў лішніх словаў заігралі Of Fire and Void. Трэба сказаць, заігралі вельмі якасна і слушна – нездарма канцэрт праводзіўся ў Re:Public, бо гук быў амаль бездакорны. Для блэк-паган-дэза, які грае Behemoth, найбольш важнымі ў гучанні ёсць барабаны і гітары, і іх можна была хутчэй не пачуць, а адчуць усім целам. А вось вакал у выкананні пана Адама чутны быў не заўсёды выразна. Хаця, можа, гук гурта быў спецыяльна наладжаны такім чынам, каб захоўваць сілы фронтмэна. Для чалавека, які зусім нядаўна хварэў на рак, Нергал і так быў больш чым энергічны. Разам з астатнімі музыкантамі ён скакаў па сцэне, рэзка мяняўся месцам з басістам, падыходзіў да сваіх фанатаў, матляў ужо не патлатай галавой. Амаль ніводная песня не абыходзілася без таго, каб Нергал не махаў экспрэсіўна рукамі, накладаючы на публіку старажытныя акультныя сімвалы, ці проста запрашаючы усіх крычаць “Хэй!” у такт. Пры гэтым музыканту трэба было граць на гітары і спяваць! На фоне нядаўніх праблем Адама са здароўем яго прадмова да песні Conquer All гучала, можа, крыху больш сур’ёзна, чым было задумана: “It feels good to be alive! It feels good to be alive in Minsk”. У астатнім камунікацыя музыканта і публікі складалася з “Privet, Bielarus!” і “Ludzi, davaj!”.
Гадзіна канцэрту праляцела вельмі хутка. Толькі-толькі зала ўвайшла ў той стан, калі кожная песня сустракалася паднятымі дагары рукамі і крыкамі, як Behemoth узялі ды пайшлі са сцэны. Слухачы здолелі выклікаць іх яшчэ на пару песняў (падчас выканання якіх Нергал хадзіў у моднай масцы), але пасля гэтага канцэрт вельмі хутка скончыўся. Крыху больш за гадзіну выступу – усё, што мы атрымалі пасля столькіх месяцаў чакання і хвалявання за жыццё вакаліста гурта… Адзінае, што падбадзёрвае: пасля заканчэння тура па СНД Behemoth пачне працу над новым альбомам.
Андрэй Мухамор
Фота: Аляксандр Ждановіч