Год таму бубнач гурта «Аддис Абеба» (а па сумяшчальніцтве выхавальнік у дзіцячым доме-інтэрнаце для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця, пасёлак Навінкі) падкінуў сябрам-музыкам выдатную ідэю – адыграць “дзіцячы” канцэрт. Рэч у тым, што яго падапечныя, “асаблівыя” дзеці, марылі паехаць улетку ў лагер, а фінансавых магчымасцяў інтэрната не хапала для ажыццяўлення гэтае мары.
Тады музыкі вырашылі заняцца дабрачыннасцю: у клубе “Рэактар” адбыўся канцэрт “Дапамажы дзецям разам з намі”, у якім узялі ўдзел «Серебряная свадьба», «Аддис Абеба», «Петля пристрастия», Port Mone, «Силикон», Botanic Project. Усе сродкі ад продажу квіткоў былі пералічаныя на рахунак у банку: атрымалася сабраць 26 мільёнаў 700 тысяч беларускіх рублёў. Усе грошы былі накіраваныя на арганізацыю летняга адпачынку для выхаванцаў інтэрната. А цацкі і адзежа, што прыносілі неабыякавыя людзі, перадалі хлопцам і дзяўчаткам з інтэрната.
Летась больш за 90 выхаванцаў інтэрната адпачылі ў летнім лагеры. Яшчэ дзесяць чалавек пабывалі ў Доме сацыяльнага служэння пры храме Раства Найсвяцейшай Багародзіцы (мястэчка Тарасава, Мінскі раён). Гэта цікавы і патрэбны досвед для людзей з абмежаваннямі – большасць з іх рэдка выходзіць за дзверы інтэрната, а ў Тарасаве яны вучыліся гатаваць ежу, прыбірацца ў хаце, самастойна наведваць краму – іншымі словамі, спасцігалі патрэбныя навыкі незалежнага пражывання.
Дабрачынная акцыя працягнулася і сёлета. Канцэрт “Дапамажы дзецям разам з намі – 2” падтрымалі «Аддис Абеба», «Петля пристрастия», Botanic Project,«Кассиопея», Port Mone, Silicon, Gentle bombardiers, Дима Ску и Никто не Вуди Аллен, dj Иван Васильевич, vj Plaha. Да акцыі далучыліся валанцёры са студыі дзіцячай анімацыі «Мы ёсць!»: разам з “асаблівымі” дзеткамі з Навінак яны стварылі мультфільм і прэзентавалі яго падчас канцэрту. Плюс паштоўкі – “пад’ёмнікі настрою” ад студыі: кожны ахвотны мог атрымаць асобнік з выдатнымі дзіцячымі крамзолямі за любую сімвалічную плату. Стваральнікі вядомага дабрачыннага аўкцыёну bysmile.by таксама зрабілі свой унёсак: 500 тысяч рублёў у скарбонку на дзіцячыя вакацыі.
Распачалі канцэрт Port Mone. Віджэй пусціў пад іх музыку відэашэраг з людзей і медуз у вадзе. Гледачы селі на падлогу ля сцэны і, здавалася, занурыліся ў павольную прыгожую медытацыю, вывесці з якой здолеў толькі энергічны сёрф праекту «Силикон». Потым – рэгі-сэт ад Botanic Project. Пасля іх выступу пачаўся імправізаваны аўкцыён: хтосьці з прыхільнікаў купіў новы дыск “батанікаў” “Рэанімацыя” ажно за 350 000 рублёў. Грошы пайшлі дзецям.
На “Петле пристрастия” распачаўся традыцыйны стэйдж-дайвінг і шалёныя танцы. Дзіма Іваноў з “Аддис Абебы” выканаў песню пра лета – маўляў, хутка дзеткі, якім збіраюць грошы, змогуць адпачыць у летніку. Пасля “Абебы” на сцэну выйшла трыа “Кассиопея” ў выглядзе блазнаў, якія зайгралі сваю навукова-фантастычную музыку.
Як стала вядома, агульнымі высілкамі музыкі сабралі каля 21 мільёна беларускіх рублёў. Спадзяемся, выхаванцаў з Навінак чакае выдатнае лета.
Кася Кірпацік