На Вялікай сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі рыхтуецца новая прэм’ера непрадказальнай Ларысы Сімаковіч. 22 студзеня пакажуць “Вандроўніка” з прысвячэннем Міхасю Раманюку.
Ларыса Сімаковіч называе свой новы твор, пастаўлены на філарманічнай сцэне, спектаклем-гімнам, хоць з такім жа поспехам яго можна было б назваць і спектаклем-сном, а яшчэ лепей – спектаклем-мрояй.
Новы твор Сімаковіч вымагае ад гледача хаця б мінімальнай папярэдняй падрыхтоўкі. Хоць у самім спектаклі і гучыць фраза, што Вандроўнікам можа звацца кожны, хто хоць трошачкі адчуў сваю свабоду, маецца на ўвазе канкрэтная асоба.
Рэжысёрка і хормайстарка захапляецца Міхасём Раманюком яшчэ ад пачатку 80-х, калі да яе трапіў альбом “Беларускае народнае адзенне”, матэрыял да якога аўтар збіраў па крупінцы падчас экспедыцый па Беларусі. І гэта было не проста пазнавальнае этнаграфічнае даследаванне. Раманюк аднавіў і паказаў цікаўным той самы беларускі космас, які захапіў у тым ліку і Сімаковіч разам з іншымі ўдзельнікамі суполкі “Майстроўня”.
Таму яна кажа наўпрост: “У гэтым спектаклі ўсё і паўсюль спявае гімн Раманюку. Гэта тое жыццё, перад якім можна схіліць галаву і ўкленчыць. І мы не да канца разумеем гераічнасць гэтага жыцця, таму што сам па сабе чалавек быў сціплым і проста рабіў сваю работу, тое, што дыктавала яго душа і пакліканне. Каб мы, беларусы, вось так пражывалі сваё жыццё, думаю, мы зусім інакш пачуваліся б, па-іншаму жылі б і не было б такіх праблем, якія мы сёння маем”.
У самім спектаклі гэтага ўмоўнага ладу няма. Там наогул няма ані сюжэта, ані ўцямных маналогаў. Героі – Вандроўнік (яго сыграў студэнт акадэміі мастацтваў Сяргей Лапаніцын) і Птушка (студэнтка харэаграфічнага аддзялення акадэміі музыкі Юлія Сліўкіна). Але галоўнымі героямі іх не назавеш. Яны ўдзельнікі Таемства (адпаведную атмасферу стварае Дзяржаўны камерны аркестр Беларусі разам з “Госціцай”).
“Вандроўнік” – спектакль шматслойны, а таму дапускае розныя трактоўкі. Для аўтара гэта найперш даніна павагі Раманюку і яго-яе Беларусі, для кагосьці гэта можа стаць містычнай музычнай містэрыяй без пачатку і канца, а трэці прыме ўсё за смелы музычны эксперымент па злучэнні беларускага фальклору з класічнай музыкай…
Падчас рэпетыцыі выдавец, мастак, фатограф Дзяніс Раманюк не выпускае з рук фотакамеры. Для яго навіна пра тое, што Сімаковіч ставіць спектакль з прысвячэннем ягонаму бацьку, стала прыемнай неспадзяванкай: “Гэта вельмі нечакана, і я неймаверна ўдзячны Ларысе і філармоніі за такую пастаноўку. Яна ўнікальная хаця б таму, што тут спалучаецца некалькі відаў мастацтва – харэаграфія, спектакль, класічная музыка. Што тут скажаш, я ўражаны!”
Як і ў выпадку з “Днём Максіма”, “Апокрыфам”, “Люцыянам Таполем”, новая пастаноўка Сімаковіч пройдзе толькі адзін раз. На паўторныя паказы, як правіла, няма тэхнічных і фінансавых магчымасцяў.
Адзіны паказ “Вандроўніка” Ларысы Сімаковіч адбудзецца 22 студзеня на Вялікай сцэне Беларускай дзяржаўнай філармоніі.
Сяргей Будкін
фота – Дзяніс Раманюк, www.ramaniuk.com