Правадыры бальшавікоў, асабліва Сталін, застаюцца, калі верыць апытанням, папулярнымі асобамі ў Расіі
Больш чым палова расійцаў лічыць, што Іосіф Сталін адыграў станоўчую ролю ў жыцці краіны, гаворыцца ў новым апытанні “Левада-Цэнтра”. Рэйтынг падтрымкі Сталіна (52%) у 2015 годзе дасягнуў максімальнай адзнакі за ўсе гады замераў.
Апытанне “Роля асобаў у гісторыі Расіі” праводзілася ў канцы лістапада 2014 года. У ім узяло ўдзел 1600 чалавек у 134 населеных пунктах 46 рэгіёнаў краіны, паведамляе сайт сацыялагічнай службы.
Рэспандэнтам было прапанавана ацаніць таксама ролі Мікалая II, Распуціна, Леніна, Троцкага і “белых” часоў грамадзянскай вайны.
Міхаіл Гарбачоў згаданы ў падборцы пытанняў, якія датычаць “брэжнеўскіх часоў” і “краху СССР”.
Ролю іншых асоб, уключаючы Мікіту Хрушчова, Юрыя Андропава і Уладзіміра Пуціна, удзельнікам апытання ацаніць не прапаноўвалася.
Сталін. Рэйтынг стабільны
Ацэнкі ролі Іосіфа Сталіна, “правадыра народаў” і старшыні Савета народных камісараў, са снежня 2006 па снежань 2014 вагаліся нязначна.
Паводле дадзеных свежага апытання, 52% расійцаў лічыць, што Іосіф Сталін адыграў станоўчую ролю ў жыцці краіны.
Лепш за ўсё да Сталіна ставяцца грамадзяне, старэйшыя за 55 гадоў: адказы “безумоўна станоўча” і “хутчэй станоўча” далі 26% і 43%.
Больш за ўсё прыхільнікаў у яго ў сельскай мясцовасці, жыхары якой даюць “безумоўна станоўчую” (21%) і “хутчэй станоўчую” 43%) ацэнкі Сталіну.
Найменш сімпатычны Сталін маладым людзям ва ўзросце ад 18 да 24 гадоў. “Безумоўна адмоўнай” яго ролю назвалі 14% такіх рэспандэнтаў. Самую нізкую ацэнку далі масквічы — 22% жыхароў сталіцы Расіі назвалі ролю Сталіна “безумоўна адмоўнай”.
Сацыёлагі раней казалі, што ў расійскім грамадстве па-ранейшаму няма кансэнсусу з нагоды ролі Сталіна ў гісторыі краіны.
Некаторыя праваабаронцы ў сваю чаргу адзначалі, што ў Расіі з прыходам прэзідэнта Уладзіміра Пуціна пачалася падспудная рэабілітацыя “правадыра народаў”.
Эксперты Фонду Карнэгі ў апублікаваным у лютым 2013 года дакладзе — напярэдадні 60-гадовай гадавіны смерці правадыра — таксама адзначалі рост папулярнасці Сталіна.
Паводле дадзеных экспертаў, калі ў 1989 годзе рэйтынг Сталіна ў пераліку дзяржаўных дзеячаў, якія зрабілі найбольшы ўплыў на айчынную гісторыю, быў усяго 12%, то ў 2012 годзе ён быў ужо на першым месцы з 42%.
Эксперты фонду таксама звязвалі тэндэнцыю са знаходжаннем ва ўладзе Уладзіміра Пуціна.
Ленін і Мікалай II. Ноздра ў ноздру
Лідар бальшавікоў і заснавальнік савецкай дзяржавы Уладзімір Ленін і імператар усерасійскі Мікалай II набралі амаль роўную колькасць галасоў.
Ролю апошняга расійскага імператара Мікалая II грамадзяне РФ схільныя ацэньваць станоўча.
40% рэспандэнтаў лічыць, што Мікалай II прынёс Расіі хутчэй больш добрага, чым дрэннага. Паказчык Леніна — 36%.
12% заявілі, што імператар прынёс “адназначна больш добрага”. Тое ж самае сказалі пра Леніна 10%.
Прынёс “хутчэй больш дрэннага”, сказалі пра цара 13% і “адназначна больш дрэннага” тры працэнты. Паказчыкі Леніна — 21% і 10%.
Правадыра Чырвонай Арміі Льва Троцкага і “белых” часоў грамадзянка вайны расійцы ацэньваюць таксама прыкладна аднолькава.
Ельцын. Пераважны нейтралітэт
Першы прэзідэнт Расіі Барыс Ельцын не карыстаецца прыхільнасцю расійцаў, якіх апытаў “Левада-Цэнтр”.
“Вельмі станоўча” ў снежні 2014 года да яго ставіліся чатыры працэнты. “Хутчэй станоўча” — сем працэнтаў. У снежні 2000 года, праз год пасля сыходу Ельцына і перадачы ўлады “пераемніку”, Уладзіміру Пуціну, такіх было два і сем працэнтаў.
Стаўленне ўдзельнікаў апытання “Левада-Цэнтра” да Барыса Ельцына можна назваць абыякавым.
Колькасць людзей, настроеных да Ельцына “рэзка адмоўна”, у 2014 годзе складала 16%. Працэнт такіх стала зніжаўся з 2000 года, калі ён дасягаў 27%.
Больш за ўсё ў Расіі, паводле апытання “Левады”, тых, хто ставіцца да Барыса Ельцына “нейтральна”.
Стабільна нейтральнае стаўленне да Ельцына назіраецца ва ўсіх узроставых катэгорыях, незалежна ад тыпу населенага пункта, дзе жывуць рэспандэнты.