Сярэдні беларускі інтэрнэт-юзэр — 20-гадовы студэнт ці ўвогуле школьнік, які жыве ў сталіцы і штодня з хаты лазіць у Сеціва. Такія дадзеныя новага дасьледаваньня беларускага Інтэрнэту прадставіла міжнародная агенцыя Gemius.
Паводле інфармацыі Gemius, прадстаўнікі пакаленьня Y усё яшчэ пераважаюць у беларускім Сеціве. Амаль два зь пяці карыстальнікаў Інтэрнэту ў Беларусі — гэта маладыя людзі да 24 гадоў. А студэнты і школьнікі складаюць амаль пятую частку ўсіх беларускіх юзэраў.
Цікава, што большасьць карыстальнікаў жыве ў Менску (кожны трэці), і карыстаецца Інтэрнэтам кожны дзень (так робяць 70% апытаных кампаніяй). Чатыры зь пяці робяць гэта дома, і толькі каля 4% — з унівэру ці школы (прыкладна столькі ж вылазіць у Інтэрнэт праз кавярні).
Сярод беларускіх карыстальнікаў знайшлося 78 тысячаў ці 2.43% пэнсіянэраў і 34 тысячы фрылансераў. Дарэчы, беларускае Сеціва ўсё яшчэ больш мужчынскае, чым жаночае (мужчын болей прыкладна на 64 тысячы), нягледзячы на дэмаграфічную перавагу жанчын у грамадзтве.