Напярэдадні запісу жывога альбома “Самы незвычайны канцэрт” удзельнікі гурта BosaeSonca Алесь Кот-Зайцаў і Алесь Ясінскі расказалі пра перавагі дуэту перад квартэтам, перспектывы беларускай музыкі ў Расіі і Чэхіі, а таксама заявілі, што іх каманду ніколі не напаткае лёс N.R.M.
– Ці ўсё нармальна з гуртом BosaeSonca, а то факт запісу live-альбома дуэтам трохі насцярожвае.
А.З.: З гуртом усё ў парадку! 1 сакавіка мы задумалі зрабіць такі студыйны кватэрнік у фармаце дуэта, бо гэта яшчэ адзін бок нашага гучання, якое заслугоўвае, на нашую думку, не менш увагі, чым выступы поўным складам. На леташнім фэсце “Бардаўская восень” мы гралі удвух з Алесем Ясінскім і адчулі, што праграма выступу атрымалася досыць цэласнай і вельмі атмасфернай. Тады і нарадзілася ідэя запісаць яе ў студыі, але ў прысутнасці слухачоў. Гэта не лепш і не горш за фармат поўнага гурта. Гэта проста абсалютна іначай. І мне ўласна такі фармат дуэта падабаецца найперш таму, што такія выступы ў нас зазвычай гучаць вельмі асэнсавана, не губляецца ніводнага гуку, ніводнай эмоцыі, а ўзаемадзеянне між музыкамі максімальнае.
– З боку іншых удзельнікаў няма крыўдаў з гэтай нагоды?
А.Я.: Усе ўдзельнікі гурта разумеюць, што галоўная роля тут належыць Алесю Кату-Зайцаву, і менавіта яму прыйшла гэтая думка – зрабіць такі камерны, цёплы, душэўны атмасферны канцэрт-запіс. Ніякіх крыўдаў няма, гэта ж творчасць. Тым больш што далей будуць рэлізы з удзелам усіх.
А.З.: З астатнімі музыкамі мы па меры магчымасці працуем над новым матэрыялам, а таксама граем канцэрты поўным складам. Больш за тое, мы ўжо пакрысе пачынаем працаваць над трэцім студыйным альбомам.
А.З.: Думаю, такога крызісу ў нас не было, бо, па-першае склад музыкаў першыя гады існавання гурта мяняўся. Дзякуючы гэтаму людзі падабраліся настолькі блізкія духам і думкамі, што мы вельмі добра разумеем адзін аднаго. Усё, што мы робім, мы стараемся рабіць толькі так, каб усім нам гэта было ў кайф. Бо нягледзячы на ўсю сур’ёзнасць нашага стаўлення да сумеснай працы ў гурце, мы ўсё ж на першае месца ставім асалоду ад працэсу і вынікаў. І пасля ўжо нейкія прафесійныя пытанні і мэты.
А.Я.: Асабіста я крызісу ніколі не адчуваў. Мы ўжо некалькі гадоў працуем на адлегласці, і таму кожны момант, калі мы зноў разам (а гэта здараецца нячаста і ненадоўга), – гэта падзея, якая для нас вельмі каштоўная. Для мяне ў першую чаргу таму, што бачуся з сябрамі, з вельмі блізкімі па духу людзьмі, якіх я вельмі паважаю і люблю, з якімі проста файна бавіць час. А пасля ўжо гэта творчасць і музыка. А тупіка мы не адчувалі ніколі – гэта вельмі няўдзячнае пачуццё. Заўсёды можна штосьці новае рабіць. Тым больш калі ўсё базуецца на павазе і любові.
– Алесь (Зайцаў), а ты дапускаеш, што “БосаеСонца” можа праз тваю занятасць узяць і развіцца без цябе на манер N.R.M ці “Трубяцкіх”, напрыклад? Ці ў вашым выпадку гэта немагчыма?
А.З.: Ніколі не кажы “ніколі” (смяецца). Хаця я цяжка гэта сабе ўяўляю, бо музыкі гурта, акрамя BS граюць і ўдзельнічаюць яшчэ ў шэрагу калектываў. Алесь Ясінскі апошнім часам досыць паспяхова пачаў развівацца як сольны выканаўца і кампазітар. Таму, мяркую, калі я вырашу паставіць кропку ў гісторыі BS, то наўрад ці камусьці з музыкаў будзе цікава працягваць працу гурта без мяне. Да таго ж у нас няма такога зорнага і камерцыйна выгаднага імені/статуса, якім можна было б карыстацца. Да ўсяго, мы досыць блізкія сябры, таму маю спадзяванне, што лёс N.R.M. з непаразуменнямі і канфліктамі нас не напаткае.
– Алесь (Ясінскі), ты ўжо не раз засведчыў сваю творчую амбітнасць у якасці аўтара і выканаўцы. Ці не перарос ты ў гэтай сувязі ўзровень баяніста гурта?
А.Я.: Ні ў якім разе. Наадварот – столькі яшчэ паляпшаць у гэтым рэчышчы! Я не граю дадзеныя кімсьці партыі, а маю непасрэднае дачыненне да творчага працэсу – а там заўсёды можна глыбей, танчэй і ярчэй. Тым больш што мне як аўтару цікава працаваць з творамі іншых – гэта вялікая школа.
– А наколькі сур’ёзна можна казаць пра тваю сольную кар’еру як аўтара і выканаўцы сваіх песень? Ці гэта проста творчая размінка?
А.Я.: Так, мне б вельмі хацелася пайсці далей у гэтым кірунку. Напрыклад, цяпер займаюся звядзеннем новай песні, якую неўзабаве можна будзе пачуць. 5 сакавіка граю сольны канцэрт у мінскім бары ДК, дзе значную частку праграмы будуць складаць менавіта песні, большасць з якіх будзе выконвацца ўпершыню. Восенню гэтага года хацеў бы выдаць першую сольную плыту. Дамаўляюся з музыкамі наконт выступаў восенню – было б добра пашырыць гэты праект да невялікага гурта, з рытм-секцыяй. Аднак пакуль праца, так бы мовіць, унутраная. Збіраю матэрыял, пішу і шукаю тэксты, ствараю музыку. Спадзяюся, будзе мець свой выхад вонкі і спадабаецца слухачам.
Але пры гэтым працаваць з іншымі праектамі хачу і буду, і з інструментальнай і акадэмічнай музыкай развітвацца не стану. Вось толькі што вярнуўся з Берліна, дзе адбылася прэм’ера даволі сур’ёзнай кампазіцыі “Мір” для баяна са струнным квартэтам. Хутка можна будзе пачуць канцэртны запіс. А ў сакавіку-красавіку зайграю з аркестрамі ў Чэхіі і Славакіі.
– Алесь (Зайцаў), не абмінуць пытання і твайго іншага праекта – Fridance. Як слушна назваць – сайд-праекта, паралельнага гурта, раўназначнага? Ці ты аказваўся ўжо ў сітуацыі выбару між “БосымСонцам” і “Фрыдансам” і што ўсё ж будзеш рабіць, калі такі выбар трэба будзе зрабіць у будучыні?
А.З.: Буду шчыры: канечне, BosaeSonca больш “маё” і па творчым, і па стылістычным складніках. Але Fridance для мяне таксама цікавы праект, досвед і пэўная прыступка ў музычным развіцці. Fridance для мяне – магчымасць зірнуць на сябе з іншага боку, адкрыць нейкія новыя бакі сябе самога. Калі казаць пра выбар, то патрэбы абіраць нешта адно ў мяне на сёння няма. Калі такая патрэба ўзнікне, то я ўжо ведаю, які выбар зраблю. І магу дакладна сказаць, што гэты выбар напэўна будзе крокам наперад для мяне і, спадзяюся, нечым новым і нечаканым для слухачоў і аднаго, і другога гурта.
– Якім новым рэчам цябе навучыла твая праца ў Маскве?
А.З.: Гэта магло б стаць асобнай тэмай для інтэрв’ю, па шчырасці. Апошнія пару гадоў працы ў Маскве навучылі вельмі многаму і ў плане стасункаў у калектыве, і ў прафесійным плане. Але найперш, напэўна, у плане жыццёвым. Гэты час для мяне быў крыху жорсткай, але вельмі неабходнай “школай жыцця”. Як вынік – я зразумеў, што магу нашмат больш, чым думаў раней. Мяркую, што гэта адлюструецца на маёй музыцы і на астатніх рэчах, якія я раблю і буду рабіць у найбліжэйшай будучыні.
– Чаму пры гэтым “БосаеСонца” не прасоўваецца ў Расію?
А.З.: Я не бачыў у гэтым сэнсу да нядаўняга часу, але цяпер такія думкі ёсць. І яны не датычаць канкрэтна Расіі, а хутчэй цікаўнасці папрацаваць над музыкай у больш глабальным плане, не прывязваючы яе да пэўнага геаграфічнага пункта. Тут галоўнае не перастарацца і не згубіць сябе. Але, думаю, нам гэта не пагражае.
– У сувязі з працай Зайцава ў Расіі, а Ясінскага ў Чэхіі скажыце кожны за “сваю” краіну: ці здольны зацікавіць беларускамоўны музычны праект мясцовую аўдыторыю – у Расіі і Чэхіі адпаведна?
А.З.: Цяпер такія часы, што казаць пра сітуацыю ў Расіі вельмі складана. Бо ў гэтай краіне за апошні год усё стала вельмі незразумела і непрадказальна. Калі ж паспрабаваць абстрагавацца ад сучасных абставінаў пры адказе на такое пытанне, то, мяркую, у Расіі заўжды знойдзецца пэўнае кола людзей, якім будзе цікавы якасны і ў творчым плане цікавы, актуальны праект на беларускай мове. Але калі казаць пра сур’ёзныя маштабы, то хутчэй за ўсё гэта было б магчыма толькі пры наяўнасці кантракту з больш-менш буйным мясцовым лэйблам ці хаця б з нейкай сур’ёзнай і ўжо дзейнай менеджмент-сістэмай. А ці цікавы быў бы такі праект мясцовым лэйблам? Тут вельмі шмат момантаў, чаму “так” ці чаму “не”. Калі ж прасоўваць такі праект сваімі сіламі, то вынікам будзе невялікая, але досыць адданая і сапраўды зацікаўленая аўдыторыя. Адным словам – усё магчыма, але нюансаў вельмі шмат.
А.Я.: Можа. Толькі акцэнт трэба рабіць у першую чаргу на музычны складнік. Хаця і шмат каму з чэшскіх сяброў вельмі падабаецца наша мова. Спявачкі Радка Фішарава і Іва Марэшава, з якімі граю, нават часам просяць, каб прынёс для іх нейкую беларускую песню. Гэта вельмі цешыць. Хаця мы і славяне, але чэхі па характары адрозніваюцца ад нас. Для беларусаў больш характэрная глыбіня і вытанчанасць, эмацыйнасць, пошук сэнсаў, адданасць. Гэтым можна не толькі чэшскую, але і якую заўгодна публіку заваёўваць!
– Ці можаце ўжо сказаць у свае 28 і 25 гадоў адпаведна, што ўжо дакладна акрэсліліся з тым, што будзеце рабіць па жыцці? Ці пакідаеце яшчэ месца для ваганняў?
А.З.: Уласна ў мяне няма адчування, што я цалкам вызначыўся. Мне ўвесь час здаецца, што самыя важныя крокі яшчэ наперадзе. І штосьці мне падказвае, што так яно і ёсць.
А.Я.: Канечне, шмат чаго можа адбыцца ў жыцці, усё мяняецца, але чамусьці менавіта ў гэтым мне падаецца, што вызначыўся: займаюся і буду займацца музыкай. Для мяне гэта вялікі акіян, у якім шмат розных плыняў і выспаў. Пакуль мне падабаецца сёрфаваць, лавіць вецер, мяняць напрамкі, даваць нырца. Можа калі стану сталейшы і старэйшы, асяду дзе-небудзь на адным месцы.
Размаўляў Сяргей Будкін
Фота – Любоў Муха