Арганізатары беларускай прафесійнай музычнай прэміі Rock Profi абвесцілі шорт-ліст прэтэндэнтаў па выніках 2013 года. Па тры намінацыі атрымалі рок-гурты “Петля пристрастия”, BosaeSonca і эксперыментальны праект Pafnutiy’s Dreams. Пераможцы атрымаюць узнагароды 24 красавіка ў клубе Tarantino.
Усе тры калектывы прэтэндуюць на прыз у намінацыях “Лепшы альбом” і “Лепшы запіс”. “Петля пристрастия” таксама прадстаўлена ў катэгорыі “Лепшая песня”, а BosaeSonca і Pafnutiy’s Dreams – у катэгорыі “Дэбют года”.
– Для нас гэта працяг прыемнай тэндэнцыі, якая пачалася з намінацыі на “Герояў году” ад Tuzin.fm і ўзнагарод Experty.by, дзе мы атрымалі прыз за “Лепшы беларускамоўны альбом”. Мы сапраўды зрабілі шмат за мінулы год, але не заўжды нават тыя, хто працуе і робіць класны рэзультат, атрымліваюць узнагароды. Таму прыемна, што калегі паставілі нас у шэраг лепшых. Спадзяемся на перамогу, – пракаментаваў навіну Алесь Кот-Зайцаў, франтмэн гурта BosaeSonca.
Апроч вышэйзгаданага трыа ў намінацыі “Лепшы альбом” і “Лепшы запіс” прадстаўлены трыумфатар нядаўніх узнагарод Experty.by – Pukstband з дыскам “Последний альбом”. Сярод іншых намінантаў гурты “Ляпіс Трубяцкі”, “Серебряная свадьба”, The Toobes і Akute, якія паспрачаюцца за тытул “Артыст года”.
Унікальнасць прэміі ў тым, што яна вызначае пераможцаў паводле меркавання не вонкавых назіральнікаў і ацэншчыкаў музыкі, а тых, хто яе стварае – музыкаў. У гэтым годзе сваім правам голасу скарысталіся 46 выканаўцаў. Днямі быў названы першы пераможца – прыз у намінацыі “За ўнёсак” атрымае гурт “Крама”, які з гэтай нагоды адыграе ў межах цырымоніі гадзінны сэт. Арганізатары Rock Profi – студыя “Осмас” і сайт Experty.by пры падтрымцы паб-клуба “Графіці”.
Лепшы альбом
BosaeSonca “Адпусці”
Pafnutiy’s Dreams “The Sandman”
Петля пристрастия “Фобос”
Pukstband “Последний альбом”
Лепшы запіс
BosaeSonca “Адпусці”
Pafnutiy’s Dreams “The Sandman”
Петля пристрастия “Фобос”
Pukstband “Последний альбом”
Лепшая песня
Clover Club “East China Shore”
Петля Пристрастия “ТЭЦ”
Паліна Рэспубліка “Лета”
The Toobes “Say Hello To My Baby”
Дэбют года
BosaeSonca
My Ocean
аркестр Смена
Pafnutiy’s Dreams
Артыст года
Akute
Ляпіс Трубяцкі
Серебряная свадьба
The Toobes
24 красавіка ў клубе Tarantino – прэмія Rock Profi і выступ гурта “Крама”. Пачатак у 19.00. Квіткі ў продажы з 17 красавіка: танцпол – 80 тыс. руб. (у касах Kvitki.by), столік – 100 тыс. руб. (у клубе). Даведка: 377 80 00 (vel, мтс). Адрас клуба: Кастрычніцкая, 5 (зваротны бок КЗ “Мінск”).