Напярэдадні летняга «Home Made» канцэрту ў «Графіці» гурт BosaeSonca прэзентуе песню «У маёй галаве» і анансуе здымкі «народнага» кліпу.
– Песня была запісаная падчас працы над альбомам «Адпусці», – кажа лідэр каманды Алесь Кот-Зайцаў, – але ў трэк-ліст альбому яна не ўпісвалася аніяк, таму дасюль чакала свайго часу. А ўвогуле гэта адна з першых песень гурта, ёй ужо шмат гадоў, але падчас запісу яна неяк асабліва ажыла, атрымала новае дыханне. Таму мы вырашылі не проста прэзентаваць песню ў інтэрнэце, а зрабіць з яе невялічкі жывы перфоманс з відэафіксацыяй.
Ідэя музычнага відэа палягае ў стоадсоткавай дакументальнасьці. Удзел у здымках могуць узяць усе жадаючыя. Разам з прафесійнымі танцорамі школы сацыяльных танцаў «Качели» музыкі гурта BosaeSonca сустрэнуць сваіх прыхільнікаў наўпрост на вуліцы Менску, ля гарадской Ратушы. Прафесійныя танцоры правядуць майстар клас для ўсіх прысутных, а музыкі гурта зайграюць для сваіх прыхільнікаў новы трэк. Падчас майстар класу і здымкаў відэа будзе абраная найлепшая пара народных танцораў, якія атрымаюць запрашальнікі на канцэрт-прэзентацыю кліпа, што адбудзецца 31-га ліпеня ў менскім клубе «Графіці» а 19-й гадзіне.
У здымках відэа могуць прыняць удзел усе жадаючыя! Вопратка ў стылі рэтра, стыляг і любая рэстра атрыбутыка – горача вітаюцца!
- Месца здымкаў – пляц ля менскай Ратушы (пл. Свабоды 2А)
- Час правядзення здымкаў – нядзеля, 27-га ліпеня, 14:00 – 15:30