Музыкі гурта N.R.M. зладзілі грамадскае праслухоўванне сваёй новай кружэлкі “Д.П.Б.Ч”, выдадзенай на вініле. “Як на дыскатэках у нашым дзяцінстве!” — абмаляваў фармат імпрэзы Піт Паўлаў.
“Вы пачуеце боскія гукі вініла!” — з лёгкім трымценнем Піт Паўлаў запрашае прысутных клуба “Юла” падцягнуцца на танцпляц, каб паўдзельнічаць у гістарычнай падзеі для беларускай музыкі. N.R.M. апярэдзілі літаральна на паўкорпуса гурт “Ляпіс Трубяцкой” і першымі выдалі беларускамоўны альбом на вініле, чаго ў айчыннай музыцы не было ажно з часоў “Чужаніцы” гурта “Уліс” (1991). Гордасць яўна перапаўняла музыкаў з гэтай нагоды. “Гэта першы беларускамоўны альбом на вініле ў новым тысячагоддзі!” — абвясціў Алезіс Дземідовіч і стаў за дыджэйскі пульт. Стваральнікі “Д.П.Б.Ч” вырашылі зладзіць грамадскае праслухоўванне плыты і паўсталі перад слухачамі ў новым вобразе. Прадстаўленыя публіцы яны былі як “Dj Pete feat Dj Alesis feat Dj Juras”.
Рэй вёў, вядома ж, Піт. “Скрэтчы рабіць не будзем, каб не псаваць уражанне”, — заявіў ён, запусціў першы трэк “Мроя мая”, і заклікаў усіх танчыць. Танчылі слаба, так што на другім трэку “Хрусць і папалам” было прапанавана больш уважліва ўслухоўвацца ў тэкст. “А я тым часам пастараюся ператанчыць з усімі дзяўчатамі”, — заявіў вакаліст і гітарыст N.R.M.
Пасля другога трэка стала ясна, што прысутныя не да канца адчуваюць усю важнасць гэтага гістарычнага моманту, таму Піт узяўся правесці міні-лекцыю ды патлумачыць прынцып працы прайгравальніка для вінілавых кружэлак. “Мне кажуць, што народ не ўтыкае ў тое, што адбываецца. Дык вось, гэтая штука, якая круціцца, называецца вініл. На ёй нарэзаная дарожка, якая рэзануе з іголкай, у выніку чаго атрымліваецца механічны гук”. Пасля такога грунтоўнага тлумачэння быў пастаўлены трэці трэк — “Нектар”, адметны тым, што асноўную вакальную партыю ў ім выконвае бубнач Алезіс.
Праслухоўванне бока А завяршылі на кампазіцыі “На далоні”. Пры канцы яе Юрась Ляўкоў паказаў усім, як трэба слушна пераварочваць вініл. “Тыя, хто ўжо бачыў кружэлку, казалі: ого, на вашым альбоме ўсяго чатыры песні. Людзі нават не ўяўляюць, што на вінілавай плыце два бакі”, — расказваў Піт падчас пераварочвання. Бок Б так і не даслухалі, бо вырашылі ўзяцца за інструменты і прадэманстраваць, як гучыць новая музыка N.R.M. ужывую. Сыгралі толькі “Мрою” ды “Прамень” і запрасілі ўсіх на вялікі канцэрт-прэзентацыю “Д.П.Б.Ч”, запланаваны на 15 лістапада тут жа, у “Юле”. Гурт цяпер гастралюе гэтак жа актыўна, як у свае залатыя часы. Да “вінілавай прэзентацыі” яны далі сольны канцэрт у Гомелі, 23-га граюць у Магілёве, на наступны дзень — у Маскве, 27-га — у Пецярбургу, 1-га лістапада — у Берасьці. Потым будуць яшчэ Віцебск і Горадня.
Вініл “Д.П.Б.Ч”, аздоблены Уладзімірам Цэслерам, можна набыць на канцэртах гурта. Выдадзеная плытка абмежаваным накладам у 100 асобнікаў. Гэтым тлумачыцца і цана — 400 тысяч рублёў.
Мікалай Дубавіцкі
Фота: Аляксндр Ждановіч