1-2 траўня ў Вільні адбудзецца новы беларускі музычны фэст “Belarus Alternative 2015″, хэдлайнерамі якога стануць гурт Brutto і кабарэ-бэнд “Серебряная свадьба”. Беларусы могуць набыць на мерапрыемства квіткі з бясплатнай візавай падтрымкай.
“Альтэрнатыва робіць наша жыццё больш багатым і разнастайным, – адзначаюць арганізатары фестывалю. – Мы любім Мінск, але добра, калі ёсць альтэрнатыва. Напрыклад, Вільня. Мы не любім салодкую папсу, таму добра, што для яе ёсць альтэрнатыва – рок, электроніка, іншыя напрамкі. Наш фестываль для тых, каму таксама падабаецца Вільня і альтэрнатыўная музыка”.
Мерапрыемства складаецца з двух розных па музыцы дзён. 1 траўня збярэ на адной сцэне вядомых рокераў: Сяргей Міхалок з новым праектам Brutto, Neuro Dubel, Pomidor/Off. 2 траўня гледачоў чакае больш моладзевы склад: кабарэ-бэнд “Серебряная свадьба”, Super Besse, Pukstband.
Усе выступы “Belarus Alternative 2015” адбудуцца на віленскай Teatro Arena. Арганізатарам мерапрыемства з’яўляецца Юстас Мамантовас, родны брат вядомага літоўскага музыкі Андруса Мамантоваса. З беларускага боку партнёрам выступае кампанія “Карта дорог”.
Квіткі з правам на візавую падтрымку (аднаразовая віза без консульскага збору са спрошчаным наборам дакументаў) будуць першапачаткова прадавацца толькі ў офісе турыстычнай фірмы “Тридевять земель” па адрасе: Мінск, вул. Казлова, д.7, оф.12. Там жа будзе адбывацца рэгістрацыя на падачу дакументаў у Амбасадзе Літоўскай Рэспублікі (Мінск) і Генеральным консульстве (Гродна). Акрамя гэтага квіткі (без візавай падтрымкі) можна будзе набыць у сістэме Ticketpro – як у Беларусі, гэтак і ў Літве.
Пачатак продажу квіткоў з візавай падтрымкай – у сераду 11 сакавіка а 9-й раніцы. Першы дзень падачы ў амбасадзе – 12 сакавіка. Кошт квіткоў: 400 тыс. руб. на адзін дзень, 700 тыс. руб. – на два дні. Плануецца аўтобусны тур Мінск-Вільня-Мінск. Інфалінія: (029) 636 56 16 і (029) 239 56 16. Дадатковая інфармацыя: www.cartadorog.by
Пачатак канцэртаў у 19.00. Дзверы адчыняюць у 17.30.
Адрас пляцоўкі: Вільня, Olimpieciu gatve 3.