Для мінчукоў будуць праходзіць медытацыі па-беларуску.
Ёсць дзве “ўсходнія” навіны, і абедзве добрыя. Першая: у Мінску адкрыўся Цэнтр медытацыі і традыцыйнага тыбецкага будызму. Цяпер кожны зацікаўлены можа прыйсці на вечаровую медытацыю, а раз на тыдзень, па словах мінскіх будыстаў, –яшчэ і на медытацыю, якую правядуць па-беларуску. Ну, і другая навіна – кожны беларус можа стаць Будам.
16 лютага. Першы дзень святкавання тыбецкага Новага года і прымеркаванае да свята адкрыццё першага ў Беларусі цэнтра медытацыі традыцыйнага тыбецкага будызму (будызм Дыяментавага шляху традыцыі Карма Каг’ю). Цэнтр “прапісаўся” па адрасе Янкі Маўра, 1. Гэта невялікая ўтульная прастора з бібліятэкай і пакоем для медытацый. Любы можа прыйсці і навучыцца медытаваць. Навошта – мы запыталіся ў Аляксандра Лузгіна, старшыні грамадскага аб’яднання “Цэнтр будыйскай культуры і традыцый”:
З дапамогай медытацыі можна супакойваць розум, рабіць яго стабільным, мэтаскіраваным і адначасова ясным і свядомым. Медытацыя дапамагае чалавеку зразумець, на што ён здольны, што з’яўляецца малюнкам, а чым – ён сам. Мэта медытацыі ў будызме – дасягнуць стану прасвятлення, збаўлення ад усіх абмежаванняў, стану Буды.
– Кожны беларус можа стаць Будам?
– Так! І не толькі беларус.
– Дзе навучыцца медытаваць?
– У нашым цэнтры. Тлумачэнні і заняткі па традыцыйнай будыйскай медытацыі праводзяцца штодня ў 19.30. Мы адмыслова выбралі другую палову дня, таму што тыя, хто прыходзіць у такія цэнтры, як наш – а іх 700 па свеце – не манахі, а звычайныя людзі, у якіх ёсць сем’і, праца. Таму вечаровы час для медытацыі – гэта зручна. Медытацыя доўжыцца каля паловы гадзіны. Спачатку можна навучыцца медытаваць у Цэнтры, а потым практыкаваць медытацыю самастойна.
– Дарэчы, як вы самі сталі будыстам?
– У мяне было агульнае ўяўленне пра будызм і нейкая сімпатыя да яго. Калі я сутыкнуўся з ясным апісаннем будыйскага светапогляду, то зразумеў, што ўсе часцінкі мазаікі складваюцца, я менавіта так гляджу на свет. Па-першае, мяне прывабіла свабода. У будызме няма інструменту веры і няма панятку адзінага бога. Але ёсць паняцце ўласнага розуму, развіцця, тут усё спазнаецца на сваім досведзе.
– Сваім дзецям расказваеце пра будызм?
– Толькі калі яны самі пытаюцца. Буда ніколі не даваў павучанняў толькі таму, што ён хацеў кагосьці навучыць, ён заўсёды проста адказваў на пытанні. Усе 84 000 павучанняў Буды – гэта адказы на пытанні ад самых розных людзей: цесляроў, рыбакоў, мастакоў, каралёў.
– А колькі ў Беларусі будыстаў?
– Дакладнай лічбы не назаву. Ведаю, што ў Мінску сёння існуе каля 5-6 груп розных кірункаў – галоўным чынам гэта тыбецкі будызм, ёсць яшчэ паўднёвы кірунак Тхеравада. Будыйскія групы існуюць не толькі ў сталіцы, але і ў Гомелі, Магілёве, Рэчыцы і іншых гарадах.
Леў танцуе радасць
Тым часам пачынаецца цырымонія адкрыцця цэнтра. У сярэдзіну пакоя выходзіць Снежны Леў, персанаж будыйскай міфалогіі, жыхар неба, адданы слуга будаў. Леў танцуе насупраць мініяцюры будыйскай ступы. Ступа ў будызме – адмысловае архітэктурнае збудаванне, што сімвалізуе прыроду розуму і прасвятленне. Ступы будуюць з дазволу Ламы, які запаўняе іх мантрамі і рэліквіямі. Побач са ступамі медытуюць, робяць Кору (абыход вакол па гадзіннікавай стрэлцы), пакідаюць паднашэнні.
Ступы ёсць не толькі на Усходзе, але і ў краінах Захаду. Нават у суседняй Украіне. “Для таго, каб у Беларусі з’явілася свая ступа, неабходнае жаданне мясцовых жыхароў, уладаў і згода Ламы, – тлумачыць “Будзьме” будолаг і галоўны рэдактар часопіса “Буддизм.ru” Алена Лявонцьева. – Напрыклад, будыйская Ступа Прасвятлення – адна з незвычайных і цікавых славутасцяў курортнага горада іспанскага Бенальмадэна. Гэта ступа вышынёй у 33 метры – самая вялікая ў Еўропе і адна з самых вялікіх у свеце. Пабудаваная святыня па ініцыятыве мэра Бенальмадэна, які, дарэчы, не з’яўляецца будыстам”.
Калі не будыйская ступа ў Мінску, то хаця б пляцоўка для трансляцыі ўсходняга мастацтва. Як распавёў “Будзьме” навуковы супрацоўнік Нацыянальнага мастацкага музея Беларусі Мікіта Моніч, у 2016 годзе сумеснымі намаганнямі музея і тады яшчэ не цэнтрам, а проста энтузіястамі са школы Карма Каг’ю ў Мінску дэманстравалася будыйская бронза з фондаў Эрмітажа. З 1957 года ў мастацкім музеі ёсць Усходняя калекцыя: паўтары тысячы экспанатаў (сярод якіх і будыйскія) размешчаныя ў адной зале. Пасля рэканструкцыі музея залаў будзе чатыры, а з часам – хацелася б спадзявацца – у Мінску з’явіцца свой музей Усходу.
Не прапусціць!
25 лютага ў Цэнтры пройдзе дзень адкрытых дзвярэй для ўсіх ахвочых.
Уваход вольны.
14:00. Паказ фільма “Гісторыя будызму. Вандраванне, напоўненае глыбокім сэнсам”
14:30. Экскурсія па Цэнтры
15:00. Майстар-клас па будыйскай медытацыі
17:00. Паказ фільма “Гісторыя будызму. Вандраванне, напоўненае глыбокім сэнсам”
17:30. Экскурсія па Цэнтры
18:00. Майстар-клас па будыйскай медытацыі
Кася Кірпацік
Фота: Зарына Кандрацьева