Другая частка «Бульфэсту» адбылася ў Рэактары 29-га кастрычніка і праходзіла ў форме семінару па «адхіленнях ад нармальнай музыкі» – гэтым разам арганізатары вырашылі разабрацца ў яе анатоміі. Вынайшлі, прынамсі, ідэальны склад рок-н-рольнага канцэрту: два беларусы і адзін украінец — пагатоў, на мінулым «Бульфэсце» гэта спрацавала.
Сяргей Пукст
Першымі на сцэну выйшлі “Пукст-бэнд”, што цяпер працуюць над другім альбомам. Народ не адразу ўспрыняў творчасць гурта, таму Сяргею Пуксту давялося падказаць публіцы падысці бліжэй да сцэны, а пасля яшчэ і спарадыраваць гурт “The Toobes” — выніку не давялося чакаць доўга.
Drum Ecstasy
Наступнымі на сцэну выступалі «чорныя д’ябаляты» – Drum Ecstasy. Хлопцы «адбамбілі» свае сэты ў найлепшым выглядзе і без лішніх словаў. «Вось вы спяваеце, а мы танчым – не будзем лезці адзін да аднаго».
«…И друг мой грузовик»
Ну і нарэшце выйшлі на публіку «…И друг мой грузовик». Яны ўжо паспелі пагуляць па сталіцы і больш за ўсё іх уразіла колькі робяць для развіцця хакейнай індустрыі. «30 лет хоккею на траве — это вам не шутки!». Такая была прадмова да песні «Настольный хоккей».
Не гледзячы на тое, што аншлагу, як на першай частцы, не назіралася, атмасфера рок-н-ролу не знікла, а, наадварот, нібы сканцэнтравалася. Тыя, хто прерамог у «бульбяным» конкурсе атрымаў запрашальнікі на трэцюю частку “Бульфэсту”, але ягоная дата пакуль невядома. Такім чынам, “Бульбокс” ужо другі раз удала правёў вылазку з экрана.
пераможца конкурсу “Бульфэсту”
Перад выступам на пытанні «Будзьма Разам» адказаў вакаліст гурта «…И друг мой грузовик» – «Антон с микрофоном» .
Што падштурхнула выступіць на гэтым фестывалі?
Мы гурт, што не дужа грэбуе выступамі, нас запрасілі — мы з задавальненнем пагадзіліся. Да таго ж не адшукалі прычынаў для адмовы і не заўважылі ніякіх падводных камянёў.
«Антон с микрофоном»
Што можаце сказаць пра мінскую публіку?
Бачна, што ў Мінску публіка, якае думае, якая цікавіцца, безумоўна, гэта горад андэрграўнду, горад прасунутых меламанаў і аўдыёфілаў. Відаць, што ў людзей гараць вочы. Яны не разбэшчаныя частымі канцэртамі якаснай музыкі. І гэта звязана не з колькасцю публікі, а менавіта з іх вачыма, іх успрыманнем.
Чаго чакаеце ад гэтага канцэрту?
Спадзяемся, што ён атрымацца не горш, чым нашы папярэднія выступы. Часта бывае, што выступаеш дзе-небудзь, бачыш, што канцэрт прайшоў “не вельмі”, разумееш, што ў гэты горад наўрадці ёсць сэнс зноў ехаць. А Менск не такое месца.
Быць можа, хацелі б выступіць на адной сцэне з якой-небудзь беларускай камандай?
Мы больш любім граць адны. Калі ёсць такая магчымасць мы яе заўжды выкарыстоўваем. З Drum Ecstasy ўжо чацвёрты раз будзем граць на беларускай сцэне. Нам з імі прыемна выступаць, бо гэта нашыя сябры. З “Касіяпея” будзем выступаць у Краснаярску.
Што было зроблена з часу вашага апошняга візіту да нас?
Паспелі зрабіць некалькі песень, згуляць на добрых рок-фестывалях, адпачыць адзін ад аднаго. Ну а ўвогуле надвор’е гэтым летам не спрыяла творчасці. Паспелі зняцца ў фільме. Гэта ўкраінска-польская гісторыя, называецца “Рок-энд-бол” — пра музыку і пра футбол. Чакаем з нецярпеннем мантажу.
на першым фота – «…И друг мой грузовик»