24 лістапада, у 17.00 у галерэі Арсэнал адбылося адкрыцьцё выставы беларускіх мастакоў: Юры Якавенкі, Аляксандра Сільвановіча і Уладзіміра Блюдніка. Юры Якавенка, які прыляцеў адмыслова на адкрыцьцё выставы з Рыму, прэзэнтаваў свае графікі і дыхтоўна выдадзены каталёг сваіх працаў. Аляксандар Сільвановіч, пасьля амаль месячнага побыту ў Польшчы, удзелу ў шматлікіх пленэрах і выставах прэзэнтаваў сэрыю карцінаў, аб’яднаную легендамі і сымбалямі старажытнасьці. Уладзімір Блюднік прадставіў свае алейныя палотны і літаграфіі апошніх гадоў.
24 лістапада, у 19.00 у славутым джазавым клюбе „Blue Note” прайшоў канцэрт ‘Народныя гукі Беларусі’ (Паліна Зузіна – сьпеў, Вадзім Швэд – гармонік). Выступ сабраў поўны зал зацікаўленых слухачоў, якія падзяліліся на тых, хто добра ведае беларускі фальклор, і тых, для каго гэты канцэрт стаўся сапраўднай экзотыкай. Пад канец выступу і першыя, і другія зьліліся ў адзіную разбаўленую і прыхільную публіку.
25 лістапада, у 14.000 у галерэі Арсэнал адбылася літаратурная прэзэнтацыя, у якой удзельнічалі: Юры Гумянюк, Віталь Воранаў, Уладзімір Блюднік, Давід Юнг. Паэт з Гародні Юры Гумянюк прачытаў польскія пераклады сваіх вершаў, а таксама цалкам новыя вершы, якія ўвойдуць у плянаваны томік паэзіі. Мастак і паэт Уладзімір Блюднік прэзэнтаваў новавыдадзеную дэбютную кнігу „Вяртаньне”, якая наконадні выйшла ў выдавецтве ‘Белы Крумкач’, у Познані. Паэт, опэрны сьпявак і рэдактар часопісу ‘Паэтычныя Сшыткі’ з Гнезна, – Давід Юнг апавёў пра ход працы над польскай анталёгіяй беларускай паэзіі, якая мае выйсьці ў 2009 годзе. Віталь Воранаў правёў прэзэнтацыю выдавецкай сэрыі ‘Белы Крумкач’, а таксама прачытаў свае пераклады вершаў Алеся Аркуша і Давіда Юнга. Пасьля прэзэнтацый адбылася размова, якую правёў літаратуразнаўца праф. Багуслаў Бакула. На заканчэньне гледачы змаглі набыць новыя выданьні: альманах ‘Беларус 2008,’ выдадзены ў Нью-Ёрку, у якім прадстаўленыя творы ажно трох познаньскіх аўтараў, ‘Віня-Пых’ Алана Мілна, ‘Вяртаньне’ Уладзіміра Блюдніка, а таксама мастацкія каталёгі Ю. Якавенкі і А. Сільвановіча.
Арганізатарамі беларускай часткі дзён славянскай культуры выступілі Унівэрсытэт ім. Адама Міцкевіча і Беларускі культурна-асьветніцкі цэнтар у Познані.
Фота Юрыя Гумянюка.